На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс.км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх.ч.Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб.воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р.Прыпяць з прытокамі, у зах.ч.р.Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб.Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт.Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІЯ,
шляхецкі род герба «Пілава» ў Рэчы Паспалітай. Прозвішча ад в. Потак у Ксёнжскім пав. Кракаўскага ваяв. У 17—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайск. пасады ў Польшчы. Карысталіся графскім тытулам, які ў 18 ст. прызнаны ў Аўстрыі і ў 19 ст. ў Расіі. З Беларуссю найб. былі звязаны:
Крыштоф (каля 1600 — вер. або кастр. 1675), чашнік ВКЛ у 1645—46, падстолі ў 1646—53, стольнік у 1653—58, крайчы ў 1658—61, падчашы з 1661. Міхал (? — 1711?), ген.-маёр, падстолі ВКЛ з 1700. Яўстахі (каля 1720—25.2.1768), ген.-маёр, генерал артылерыі ВКЛ з 1759, староста львоўскі. Iгнацы (Раман Ігнацы Францішак; 28.2.1750, Радзынь-Падляскі, Люблінскае ваяв. — 20.8.1809), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік. Пісар вялікі ВКЛ у 1773—83, маршалак надворны ў 1783—91, маршалак вялікі ў 1791—92, маршалак Пастаяннай Рады ў 1778—80. Адзін з гал. дзеячаў Адукацыйнай камісіі з часу яе ўтварэння, узначальваў Т-ва элементарных кніг. Быў адным з лідэраў рэфарматарскай партыі на Чатырохгадовым сойме 1788—92, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. За ўдзел у працы дэпутацыі па выпрацоўцы канстытуцыі прызначаны міністрам паліцыі абодвух народаў у Стражы правоў, з-за чаго выйшаў са складу Адукацыйнай камісіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 выконваў абавязкі адсутнага ваен. міністра. У 1792—94 у эміграцыі ў Саксоніі. Адзін з арганізатараў паўстання 1794. Увайшоў у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады як кіраўнік аддзела замежных інтарэсаў. Належаў да памяркоўнага крыла паўстанцаў. Пасля задушэння паўстання зняволены ў С.-Пецярбургу. З 1796 жыў у Аўстрыі. Станіслаў Шчэнсны (Фелікс; 1752?, Крыстынопаль, Валынскаеваяв. — 14 або 15.3.1805), харунжы вялікі каронны ў 1774—80, ваявода рускі ў 1782—88, генерал кароннай артылерыі ў 1788—92, чл. Пастаяннай Рады ў 1782—86, чл. Адукацыйнай камісіі ў 1782—93, ген.-лейтэнант (1784). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць прагрэс. рэформ, адзін з гал. праціўнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791. 27.4.1792 у С.-Пецярбургу падпісаў акт утварэння Таргавіцкай канфедэрацыі і стаў яе ген. маршалкам. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 у Брэсце, потым у Гродне, ажыццяўляў вярх. ўладу ў Рэчы Паспалітай. У 1795 атрымаў чын рас. ген.-аншэфа, жыў у сваіх укр. маёнтках. Ян (1761—1815), пісьменнік, гісторык, гл.Патоцкі Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),
вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял.кн.Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял.кн.Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял.паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел.правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.
Літ.:
Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛЫ,
найбуйнейшы ў ВКЛ магнацкі род герба «Трубы» («Тромбы»), прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж., адм. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. У сярэдзіне 16—1-й пал. 18 ст. займалі 1-е месца сярод магнатаў ВКЛ па эканам. і паліт. значэнні. На Беларусі яны валодалі гарадамі, мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Лахва, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын; на Украіне — г. Алыка з дзесяткамі вёсак (Валынскаеваяв.); у Польшчы — г. Шыдловец з вёскамі (Сандамірскае ваяв.); у Літве — мястэчкамі Біржы, Дубінкі (Віленскае ваяв.), Кейданы (Жамойць) і інш. Адна з галін роду Р. у 15—16 ст. мела маёнткі з г. Ганёндз і Райград на Падляшшы. У 1612 да Р. перайшло Слуцкае княства. Акрамя ўласных спадчынных маёнткаў, Р. рэгулярна атрымлівалі разам з пасадамі старостаў у пажыццёвае карыстанне маёнткі (староствы); Ашмяны, Барысаў, Брэст, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш. У 1586 паміж братамі Мікалаем Крыштофам, Альбрыхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Р. заключана пагадненне пра стварэнне Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, пасля — толькі старэйшаму сыну). У 19 ст. ўтворана і Давыд-Гарадоцкая ардынацыя. Іншыя маёнткі Р. знаходзіліся на аладыяльным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У 16—18 ст. Р. мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужылых людзей — зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна»; мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і інш. — з гарнізонамі. У 1528 у маёнтках Р. налічвалася 18 240 дымоў, з якіх ставілі ў войска ВКЛ 760 коннікаў, у 1567 ад 28 170 дымоў выстаўлялі 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. У сярэдзіне 18 ст. Р. заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Напр., войска Гераніма Фларыяна налічвала 6 тыс.чал. (столькі ж мела ўся армія ВКЛ). Р. адыгрывалі значную ролю ў культ. і рэліг. жыцці. У 16—17 ст. частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Р. засталася католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы, б-кі (гл.Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы). Многія з іх вядомы як мецэнаты і кампазітары (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівілаў), заснавальнікі мануфактур, у т. л.Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У радаводах да аднолькавых імён Р. дадавалі парадкавыя нумары ці мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Заснавальнік роду — Радзівіл Осцікавіч, сын віленскага кашталяна Осціка. Яго сын Мікалай Стары меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду. Старэйшы сын Мікалай атрымаў 25.2.1515 тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі», яго лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1546. 2-і сын Мікалая Старога Ян стаў пачынальнікам сярэдняй, нясвіжска-алыцкай галіны роду. Яго сын Мікалай Чорны 10.12.1547 атрымаў імперскі княжацкі тытул для сябе і інш. прадстаўнікоў роду. Ён меў 4 сыноў, 3 з якіх заснавалі асобныя лініі гэтай галіны. Мікалай Крыштоф Сіротка — заснавальнік нясвіжскай лініі, якая ў старэйшым адгалінаванні згасла ў 1813 са смерцю нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма, а ў малодшых працягваецца і цяпер. Лінія 1-га клецкага ардыната Альбрыхта згасла са смерцю Станіслава Казіміра і Клецкая ардынацыя перайшла ў нясвіжскую лінію да канцлера Дамініка Мікалая, ад якога паходзілі нясвіжскія ардынаты з 1814. Малодшы сын Мікалая Чорнага Станіслаў стаў 1-м алыцкім ардынатам. Лінія згасла са смерцю яго малодшага сына Альбрыхта Станіслава, і Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай лініі. Ад 4-га сына Мікалая Старога Юрыя пачалася біржанска-дубінкаўская галіна роду Р., якая скончылася ў мужчынскай лініі са смерцю Багуслава, а ў жаночай — Людвікі Караліны. Уладанні гэтай галіны пасля 50-гадовага валодання імі нойбургскай (пфальцкай) лініі баварскага дома Вітэльсбахаў таксама перайшлі да нясвіжскай. Са смерцю ў 1813 Дамініка Гераніма, апошняга прадстаўніка гал. нясвіжскай галіны Р., яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам: ардынацыі — Антонію Генрыку, аладыяльныя маёнткі — дачцэ Стафаніі (1809—32), якую рас. імператар выдаў замуж за сына ген.-фельдмаршала П.Х.Вітгенштэйна Льва (гл.Вітгенштэйны). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. Р. ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі, Італіі. У Рас. імперыі княжацкі тытул Р. зацверджаны ў 1845 і 1899, у Прусіі — у 1859 і 1861, у Аўстрыі — у 1784, 1882 і 1905. Найб. вядомыя Р.:
Радзівіл Осцікавіч (?—1477). У 1420—28 маршалак гаспадарскі вял. князя Вітаўта. 15.10.1432 як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Ням. ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1-й пал. 1450-х г. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял.кн. Казіміра і ёй вылучаны кандыдатам на велікакняжацкі пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, з 1463 ваявода трокскі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я.Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя.
Мікалай (мянушка Стары: ?—1509), гл.Радзівіл М.
Мікалай (каля 1470—1521), сын Мікалая Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ВКЛ у 1505, ваявода трокскі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. У 1515 атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна I тытул князя «на Гонёндзы і Меделях».
Ян (каля 1474—1522), сын Мікалая Старога. Намеснік вількійскі ў 1495—1501 і слонімскі з 1505, маршалак гаспадарскі ў 1499—1514 і земскі ў 1514—22, кашталян трокскі ў 1522. Падпісаў Мельніцкі акт 1501. Пасол у Маскву ў 1507 і 1508.
Войцах (Альбрыхт; 1476—19.4.1519), сын Мікалая Старога. Біскуп луцкі з 1502, віленскі з 1507 (першы з магнатаў ВКЛ на гэтай пасадзе). Выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541), гл.Радзівіл Ю.
Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584), гл.Радзівіл М.
Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж — 28/29.5.1565), гл.Радзівіл М.
Ян (? — 1542), сын Мікалая. Падчашы ВКЛ з 1517 дзяржаўца маркаўскі ў 1520—34 і васілішскі з 1523, староста бельскі з 1522 і жамойцкі з 1535. У 1530—40-х г. трыумвірат у складзе Яна і Юрыя Р. і А.Гаштольда фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве Жыгімонта I Старога.
Ян (1516—27.9.1551), сын Яна. У 1544 увайшоў у склад Рады ВКЛ. Набліжаны да вял. князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Алыцы і Нясвіжы».
Барбара (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вял. княгіня ВКЛ, гл.Барбара Радзівіл.
Мікалай (каля 1546—18.12.1589), сын Мікалая Рудога. Лоўчы ВКЛ у 1574—80, ваявода навагрудскі з 1579. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, вызваленні Полацка ў 1579.
Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616), гл.Радзівіл М.К.
Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603), гл.Радзівіл К.
Юрый (Ежы; 31.5.1556, Вільня — 23.1.1600), сын Мікалая Чорнага. У 1574—81 каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа віленскага В.Пратасевіча. Біскуп віленскі ў 181—91, кардынал (1583). У 1582—84 адначасова намеснік караля ў Інфлянтах. З 1591 біскуп кракаўскі.
Альбрыхт (8.3.1558, Вільня — 13.7.1592), сын Мікалая Чорнага. З 1579 надворны маршалак ВКЛ, адначасова староста ковенскі. Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582. З 1586 вял. маршалак ВКЛ. У 1586 далучыўся да сямейнага дагавора Р. пра ўтварэнне родавых ардынацый і стаў 1-м клецкім ардынатам.
Станіслаў (12.5.1559, Вільня — 19.3.1599), сын Мікалая Чорнага. Маршалак вялікі ВКЛ у 1592—95, староста жамойцкі з 1595. У 1586 удзельнічаў у заснаванні 3 радзівілаўскіх ардынацый і стаў 1-м алыцкім ардынатам. Аўтар рэліг. твораў, перакладаў.
Юрый (14.12.1578—13.2.1613), сын Мікалая. З 1589 староста мазырскі, з 1590 дзяржаўца анішкінскі. Кашталян трокскі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у антыкаралеўскім мяцяжы М.Зебжыдоўскага 1606—07 у Польшчы.
Януш (21.7.1579, Вільня — 6 або 7.11.1620), сын Крыштофа Перуна. Падчашы ВКЛ у 1599—1619, кашталян віленскі з 1618, староста барысаўскі. У 1606—07 разам з Зебжыдоўскім узначаліў мяцеж супраць абсалютысцкай палітыкі караля. На сеймах адстойваў рэліг. і паліт. правы некатолікаў. З 1600 муж і спадкаемца Соф’і Алелькаўны.
Крыштоф (15.3.1585—19.9.1640), сын Крыштофа Перуна. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, перагавораў, якія скончыліся падпісаннем Палянаўскага міру 1634. За ваен. заслугі атрымаў пасады ваяводы віленскага (1633) і вял. гетмана (1635).
Ян Юрый (8.1.1588, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на — 18.12.1625), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. З 1613 кашталян трокскі, пасол на сейм 1611, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1616. Неаднаразова быў сенатарам-рэзідэнтам пры каралю.
Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 20.7.1636), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1614—20 староста рыжскі, стольнік ВКЛ у 1620, крайчы ВКЛ у 1622, кашталян трокскі ў 1626, кашталян віленскі ў 1633. Пасол на сеймы 1613 і 1615.
Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж — 5.11.1642), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода навагрудскі ў 1642.
Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656), сын Станіслава. Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З 1623 канцлер ВКЛ. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар твора «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» і падрабязнага «Дзённіка» за 1632—56 — каштоўнай крыніцы па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай.
Аляксандр Людвік (4.8.1594, г. Нясвіж — 23.3.1654), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. Стольнік ВКЛ з 1626, крайчы ВКЛ з 1630, ваявода брэсцкі з 1631, надворны маршалак ВКЛ з 1635, маршалак вялікі ВКЛ з 1637, ваявода полацкі ў 1654, староста слонімскі ў 1635—42, войт магілёўскі з 1632. З 1636 нясвіжскі ардынат.
Януш (2.12.1612, Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655), гл.Радзівіл Я.
Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча —31.12.1669), гл.Радзівіл Б.
Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), сын Аляксандра Людвіка. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, кашталян віленскі ў 1661—66, ваявода віленскі 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на сеймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 і алыцкі.
Міхал Кароль (?—1656), сын Януша. Харунжы вялікі ВКЛ у 1644, крайчы ВКЛ у 1645—53, падчашы ВКЛ з 1653; пасол на сеймы 1641, 1649, 1652. З 1641 ардынат клецкі.
Станіслаў Казімір(1648—8.12.1690), сын Міхала Караля. Стольнік ВКЛ у 1670—80, маршалак вялікі ВКЛ з 1680; пасол на сеймы 1664—65, 1670, 1678—79. З 1683 ардынат клецкі. Пасля яго смерці Клецкая ардынацыя перайшла ў лінію нясвіжскіх ардынатаў.
Дамінік Мікалай (1648 або 1653—27.7.1697), сын Аляксандра Людвіка. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677—81, падканцлер ВКЛ у 1681—90, канцлер ВКЛ з 1690; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Пасол на сеймы 1669, 1674, 1676, 1681, 1697. З 1690 ардынат клецкі.
Людвіка Караліна (27.2.1667—23.3.1695), дачка Багуслава. Пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма маркграфам Людвігам (1681) пераехала ў Берлін. Сваёй вял. латыфундыяй кіравала праз адміністратараў. Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінскія зборы ў Літве і Беларусі. Утрымлівала Слуцкую друкарню 1672—1705. У 1688 выйшла замуж за князя Нойбургскага Карла Філіпа. Пасля яе смерці латыфундыя, т.зв. «Нойбургскія маёнткі», стала аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і ням. князямі.
Ежы Юзаф (10.3.1668, г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяв., Польшча — 2/3.1.1689), сын Міхала Казіміра. Падчашы ВКЛ у 1685—88, ваявода трокскі з 1688; пасол на сейм 1688. З 1680 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1688 і алыцкі.
Кароль Станіслаў (27.11.1669, г. Кракаў, Польшча — 2.8.1719), сын Міхала Казіміра. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на сеймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі.
Ян Мікалай Аляксандр (17.5.1681—20.1.1729), сын Дамініка Мікалая. Крайчы ВКЛ у 1699—1706 і 1707—08, кашталян віленскі у 1706—07, ваявода навагрудскі з 1708. З 1697 ардынат клецкі.
Мікалай Фаўстын (21.5.1688, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 2.2.1746), сын Дамініка Мікалая. Чашнік ВКЛ у 1706—09, мечнік ВКЛ у 1710—29, ваявода навагрудскі з 1729; пасол на сеймы 1718, 1720, 1722, 1726; ген.-лейтэнант (1725). Выконваў абавязкі камандуючага войскамі ВКЛ.
Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка — 22.5.1762), гл.Радзівіл М.К.
Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.1.1782), сын Яна Мікалая Аляксандра. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапляўся алхіміяй. Верагодна, душэўна захварэў.
Удальрык Крыштоф (28.1.1712, г. Дзятлава — 21.7.1770), гл.Радзівіл У.К.
Геранім Фларыян (4.5.1715, г. Бяла-Падляска — 17.5.1760), сын Караля Станіслава. Падчашы ВКЛ у 1739—50, вял. харунжы ВКЛ з 1750. Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743—44. Заснаваў Слуцкі тэатр Радзівілаў.
Альбрыхт (25.3.1717, г. Дзятлава — пасля 1790), сын Мікалая Фаўстына. Пасол на пацыфікацыйны сейм 1736, у 1750 маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1740-х г. палкоўнік панцырнай кавалерыі ВКЛ, з 1755 ген.-маёр войска ВКЛ. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 абраны яе маршалкам у Рэчыцкім пав.; у 1743—73 староста рэчыцкі.
Ежы (4.2.1721—13.12.1754), сын Мікалая Фаўстына. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1744, пасол на сейм 1746, ваявода навагрудскі з 1746. Староста любашанскі і навагрудскі.
Станіслаў (3.5.1722, г. Дзятлава — 22.4.1787), сын Мікалая Фаўстына. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1750), ген.-лейтэнант кавалерыі (1765). Крайчы ВКЛ у 1752—59, падкаморы ВКЛ у 1759—79, пасол на сеймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1763.
Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж —21.11.1790), гл.Радзівіл К.С.
Юзаф Мікалай (13.11.1736, г. Кракаў — 1813), сын Марціна Мікалая Караля. Пісар вялікі ВКЛ у 1764—73, ваявода мінскі ў 1773—84, трокскі кашталян у 1784—88 і ваявода з 1788; пасол на сеймы 1760, 1764. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1782. З 1759 ардынат клецкі.
Міхал Геранім (29.9.1744—28.3.1831), сын Марціна Мікалая Караля. Мечнік ВКЛ у 1771—75, кашталян віленскі ў 1775—90, ваявода віленскі з 1790; пасол на сейм 1773, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—83 і 1793—94, чл.Адукацыйнай камісіі з 1783 (старшыня ў 1793). З 1823 ардынат клецкі. Сабраў у Нябораўскім палацы (Польшча) каштоўную калекцыю медалёў, б-ку (уключала прыватную б-ку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, збор гравюр.
Мацей (10.11.1749—2.9.1800), гл.Радзівіл М.
Геранім Вінцэнты (11.5.1759, г. Нясвіж — 18.9.1786), сын Міхала Казіміра Рыбанькі. Падкаморы ВКЛ з 1779, ротмістр гусарскай харугвы ў войску ВКЛ з 1780, староста мінскі з 1783, пасол на сеймы 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—83.
Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833), гл.Радзівіл А.Г.
Міхал Гедэон (24.9.1778, Варшава —24.5.1850), гл.Радзівіл М.Г.
Дамінік Геранім (4.8.1786, г. Бяла-Падляска — 11.11.1813), сын Гераніма Вінцэнтага. Камергер імператарскага двара. З 1810 у войску Варшаўскага княства У 1812 удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву, палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона. У 1813 удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам і Лейпцыгам, смяротна паранены пад Ганаў. Апошні прадстаўнік гал. нясвіжскай галіны Р.
Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869), гл.Радзівіл К.
Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Павел; 19.3.1797, Берлін — 5.8.1870), сын Антонія Генрыка. З 1813 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. пяхоты (1855). З 1833 ардынат нясвіжскі. Сабраў каштоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і ВКЛ, старшыня Нумізматычнага т-ва ў Берліне.
Антоні Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд Антоні; 31.7.1833, г. Цепліцы, Чэхія — 16.12.1904), сын Вільгельма. З 1852 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. артылерыі (1889), ад’ютант Вільгельма I, Фрыдрыха III, Вільгельма II. Меў вял. зямельныя ўладанні ў Прусіі, усе ардынацыі Р. на тэр. Беларусі і Украіны.
Станіслаў Вільгельм (6.2.1880, Берлін — 28.4.1920), сын Антонія Вільгельма. Валодаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыяй, прыняў рас. падданства. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, 1-й сусв. вайны. Адзін з заснавальнікаў польскай Нац.-кансерватыўнай партыі ў Петраградзе (кастр. 1917), сакратар арг-цыі партыі ў Мінску. У лют. 1919 уступіў у 3-і полк уланаў у складзе Літоўска-беларускай дывізіі. Загінуў у баі на Украіне.
Альбрыхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм; 30.10.1885, Берлін — 18.12.1935), сын Ежы Фрыдэрыка (1860—1914). У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Пасля абвяшчэння Бел.Нар. Рэспублікі разам з Р.Скірмунтам ездзіў у Берлін і Швейцарыю, каб забяспечыць ёй падтрымку. Пазней — адзін з лідэраў кансерватыўнага лагера землеўладальнікаў, віцэ-прэзідэнт Саюз абаронцаў «крэсаў усходніх». З 1922 фінансаваў віленскую газ. «Słowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886—8.4.1959) — апошні ардынат нясвіжскі і клецкі (да 1939). Памёр у Парыжы.
Літ.:
Kotłubaj E. Galerja Nieświeżska portretów Radziwilłowskich. Wilno, 1857;
Bartoszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa;
Kraków, 1928. SajkowskiA. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI w. Warszawa;
Poznań, 1985;
Polski słownik biograficzny. T. 30. Wrocław etc. 1987;
Miscellanea historicoarchivistica. T. 3, 7. Warszawa;
Łódź, 1989, 1997. Mackiewicz S. Dom Radziwiłłów, Warszawa, 1990;
Канановіч У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3;
Badania księgozbiorów Radziwúuiow. Warezawa, 1995;
Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwilłów od początku XVI do połowy XVII w. Lublin, 1995;
Radziwiłłowie herbu Trąby. Warszawa, 1996.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Радзівілы. Ян Радзівіл (каля 1474—1522). Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.Да арт.Радзівілы. Юрый Радзівіл (1556—1600).Да арт.Радзівілы. Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690).