ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),

2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.

Давід. Скульптар Мікеланджэла. 1501—04.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),

1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый у духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш. Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.

2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЎРЫ́Т,

сучасная мадыфікацыя стараж.-яўр. мовы, якая сфарміравалася на аснове мовы мішнаіцкага перыяду. Адносіцца да семіцкіх моў новай ступені. Афіц. мова Ізраіля (разам з арабскай мовай). У гісторыі развіцця вылучаюцца 3 перыяды: класічны, або біблейскі І., мова свяшчэнных кніг сярэдневякоўя (Мішна, Талмуд, Мідрашы), сучасная пісьмовая і размоўная мова. Аснова пісьменнасці на І. — кансанантны алфавіт самай стараж. формы (гл. Яўрэйскае пісьмо).

І. мае агульныя рысы з інш. мовамі семіта-хаміцкай сям’і: 2 грамат. роды (мужч. і жан.); лічэбнікі 3—10 ужываюцца ў родзе, процілеглым роду назоўнікаў; форма роду выражаецца постфіксамі і прэфіксамі займеннікавага паходжання, якія далучаюцца да кораня слова; як грамат. сродак шырока выкарыстоўваецца змяненне галосных асновы і інш. У І. шмат агульнай лексікі з арамейскай, акадскай, эфіопскай і інш. семіта-хаміцкімі мовамі.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эдэ́м

(ст.-яўр. eden = асалода)

1) біблейскі рай;

2) перан. прыгожая мясцовасць, дзе можна бесклапотна і шчасліва жыць.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),

біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.​Гіберці, Анджэліка, Д.​Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.​Караваджа, Рэмбрант, Б.​Э.​Мурыльё, Н.​Пусэн).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСКІ ГРЫГАРЫЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адна са старэйшых рым.-каталіцкіх навучальных устаноў. Знаходзіцца ў Ватыкане. Засн. ў 1551 І.​Лаёлам і Ф.​Борджа як Collegium Romanum (Рымскі каледж), папам Юліем III пераўтвораны ва ун-т. Атрымаў падтрымку ад папы Грыгорыя XIII, які ў 1682 выдзеліў яму значную суму з папскай казны і перадаў шэраг будынкаў. У 1926 у склад ун-та ўключаны Вышэйшы ін-т рэліг. культуры, у 1928 — Папскі ін-т усх. даследаванняў (засн. ў 1917), у 1955 — Папскі біблейскі ін-т (засн. ў 1909). Кіруе П.Г.у. ордэн езуітаў. За дзейнасць ун-та адказваюць перад рым. курыяй генерал ордэна езуітаў і прызначаны папам кардынал-пратэктар. Рыхтуе кадры для цэнтр. і перыферыйных царк. устаноў. У П.Г.у. ў розны час вучыліся бел. святары К.​Маскалік, А.​Надсон, А.​Неманцэвіч, Т.​Падзява, Я.​Рэшаць, Ч.​Сіповіч, У.​Тарасевіч, Ф.​Чарняўскі інш.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛО́ПШТАК (Klopstok) Фрыдрых Готліб (2.7.1724, г. Кведлінбург, Германія — 14.3.1803),

нямецкі паэт і драматург; адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Вучыўся ў Іенскім і Лейпцыгскім ун-тах (1745—48). Пісаў оды, гімны, у якіх упершыню ў еўрап. л-ры выкарыстаў ант. страфічныя памеры (алкеева, асклепіядава, сапфічная строфы) і верлібр. Лірыцы К. ўласціва адмаўленне жорсткай грамат. рэгламентацыі і рацыянальнасці, яе гал. тэмы — усхваленне сяброўства і кахання, хараства прыроды і гармоніі сусвету, творчай моцы Бога і чалавека, пратэст супраць тыраніі і духоўнага рабства народа. Гал. твор — напісаная гекзаметрам на біблейскі сюжэт эпічная паэма «Месіяда» («Месія», 1748—73), якая адзначана глыбокім лірызмам і тонкай пачуццёвасцю, што было новым у развіцці эпасу. Аўтар драм на біблейскія сюжэты. Упершыню звярнуўся да герм. міфалогіі ў лірыцы і гіст. паданняў у драматургіі (драмы-«бардыты» «Бітва Германа», 1769; «Герман і князі», 1784; «Смерць Германа», 1787). Паўплываў на л-ру «Буры і націску».

Літ.:

Гейман Б.Я. Клопшток // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.

Г.​В.​Сініла.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УВАСКРЭ́СЕННЕ ХРЫСТО́ВА»,

«Васкрэсенне Хрыстова і сашэствіе яго ў ад», помнік бел. л-ры канца 18 ст.; ананімны вершаваны твор. Узнік пад непасрэдным уплывам укр. твора «Вершы на Вялікдзень», напісаны ў стылі травесці, перайшоў у фальклор і бытаваў у вуснай форме ў розных рэдакцыях. Адзін з варыянтаў апубл. ў зб. І.​Насовіча «Беларускія песні» (1873), другі — у рукапісным зб. «Беларускія народныя легенды, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні, 1882—1890 г.». Напісаны на рэліг.-царк. тэматыку, але асвятляе з’явы ў жартоўнай, бурлескнай форме, адлюстроўвае асаблівасці жыцця і побыту бел. сялянства 18 ст. Аўтар у гумарыст. тоне апісвае біблейскі сюжэт аб другім прышэсці Ісуса Хрыста, настанні суднага дня і царства боскага. Біблейскія героі Адам, Ева, Самсон, кніжнік Майсей, мудрэц Саламон і інш. пададзены ў тагачасных абставінах; сваёй мовай, паводзінамі, рысамі характару яны больш падобны да звычайных сялян. У творы выразна прасочваецца асоба аўтара, яго погляд на жыццё і светабудову. Ідэйны змест «У.Х.» і аўтарская канцэпцыя светаўспрымання надаюць твору антырэліг. характар.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.

Літ.:

Ахрыменка П.П., Ларчанка М.Р. Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1968;

Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968.

І.​В.​Саверчанка.

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСКЕ́ВІЧ Алесь (Аляксандр Сямёнавіч; н. 12.6.1934, в. Ушакі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, біблеіст. Д-р філал. н. (1992). Скончыў БДУ (1958). У 1958—60 журналіст. З 1964 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе маст.-філас. аспект творчасці бел. пісьменнікаў, сувязі фальклору і л-ры, структуру маст. твора, рытму мовы, прозы і верша, псіхалогію творчасці і індывідуальнасць пісьменніка, праблемы творчага метаду, жанру і стылю, літ. і біблейскага перакладу, пытанні скарыназнаўства, «нашаніўскага» адраджэння і інш. Аўтар манаграфій і літ.-крыт. кн. «Карані маладога дрэва» (1967), «Ад слова — да вобраза» (1968), «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Выхад за круг» (1985), «Станаўленне беларускай мастацкай традыцыі» (1987), «Сумежжа» (1994), «Біблейскі пераклад: Аб духоўнай паэзіі» (1998), «Прырода ў святле Бібліі» (на рус. мове, 2003). Адзін з аўтараў кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972, з В.​Каваленкам, М.​Мушынскім), «Пытанні паэтыкі» (1974, з В.​Жураўлёвым, І.​Шпакоўскім), «Нараджэнне новага мастацтва» (1980, з Л.​Гараніным, А.​Матрунёнкам), «Гісторыя беларускай літаратуры 20 ст.» (т. 3—4, 2001—2002).

Тв.:

Ритмическая организация художественного текста. Мн., 1991;

Библия: переводы, язык. Мн., 1999.

І.​П.​Чыгрын.

т. 18, кн. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута), страсці,

рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.​Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.​С.​Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).

Літ.:

Друскин М. Пассионы и мессы И.​С.​Баха. Л., 1976.

Т.​У.​Ліхач.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)