Друк 1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́кар — Нас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».
Друк 2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъ ’сук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *gu̯hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)