ГЛІ́БАЎ (Глебаў) Леанід Іванавіч

(5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),

украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.​Валасевіч, К.​Камейша.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1974.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ Панцеляймон Сяргеевіч (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.

Тв.:

Избр. произв. М., 1988;

Детство: Повесть. рассказы. Тула, 1986;

Повести и рассказы. М., 1990.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

агі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае агіду (у 1 знач.). Агідны пах. Агідная лаянка. □ Нечым страшным і пачварным аддало ў першы момант ад.. [нямецкай вінтоўкі], усё роўна як ад агіднай змяі. Кулакоўскі.

2. Вельмі дрэнны, брыдкі, гадкі. Бюракратызм.. — адзін з самых агідных перажыткаў мінуўшчыны. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАПНІ́СТ Васіль Васілевіч (23.2.1758 або 1757, с. Вялікая Абухаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1823),

расійскі паэт і драматург, адзін з прадстаўнікоў класіцызму. Выступаў у жанры оды, элегіі, анакрэантычнага верша, камедыі. Папулярнасць прынёс вершаваны твор «Сатыра першая» (1780), накіраваны супраць невуцтва, заганных якасцей характару дваран. Аўтар грамадз. антыпрыгонніцкіх твораў «Ода на рабства» (1783, апубл. 1806), «Ода на знішчэнне ў Расіі звання раба» (1786). Бюракратызм, прадажнасць тагачаснага суда і інш. негатыўныя сац. з’явы паказаны ў вершаванай сатыр. камедыі «Паклёп» (паст. 1798; першапачаткова наз. «Паклёпнік», 1793, забаронена цэнзурай). «Лірычныя творы» (1806) К. прасякнуты перадрамантычнымі матывамі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1960;

Избр. произв. М., 1973.

Літ.:

Берков П.Н. В.В Капнист. Л.;

М., 1950.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́караніць áusrotten vt, áusmerzen vt;

вы́караніць бюракраты́зм den Bürokratísmus mit der Wúrzel áusreißen*;

вы́караніць лі́ха das Übel áusrotten

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

bureaucracy

[bjʊˈrɑ:krəsi]

n., pl. -cies

1) бюракра́тыя f.; адміністрацы́йныя чыно́ўнікі, урадо́ўцы; бюракраты́зм -у m.

2) фармалі́стыка, канцыля́ршчына f.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

вы́карчаваць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Выцягнуць, вырваць, выкапаць з карэннем. Выкарчаваць пні, хмызняк. □ Ад лазы — адно званне. Яе выразалі і выкарчавалі яшчэ летась. Пташнікаў. // Ачысціць ад пнёў, карчоў. Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны. Чорны.

2. перан. Знішчыць, выкараніць, вывесці. Выкарчаваць бюракратызм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СУХАВО́-КАБЫ́ЛІН Аляксандр Васілевіч (29.9.1817, Масква — 24.3.1903),

рускі драматург. Акад. Пецярбургскай АН (з 1902). Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1838—40 вывучаў філасофію ў германскіх ун-тах. У драматург. трылогіі «Карціны мінулага» (як трылогія паст. ў 1917 У.​Меерхольдам у Александрынскім т-ры): камедыя «Вяселле Крачынскага» (нап. 1854, паст. 1855, Малы т-р), драма «Справа» (нап. 1861, паст. 1882), камедыя-жарт «Смерць Тарэлкіна» (нап. 1869, паст. 1900) паказаў тагачасныя норавы, усёдазволенасць і бюракратызм судовых чыноўнікаў і паліцыі, трагічную залежнасць чалавека ад іх улады. Займаўся філасофіяй (аўтар уласнай «філасофіі Ўсясвету»), перакладаў творы Гегеля. Яго п’есы карысталіся папулярнасцю на Беларусі. П’есу «Вяселле Крачынскага» ставілі Дзярж. рус. драм. т-р (1933), Бел. т-р імя Я.​Коласа (1949, 1981), «Смерць Тарэлкіна» — Дзярж. рус. драм. т-р (1954), Магілёўскі абл. драм. т-р (1989), Нац. т-р імя Я.​Купалы (1996, пад назвай «Смерць Кандзіда Тарэлкіна») і інш.

Тв.:

Трилогия. М., 1966.

Літ.:

Бессараб М.Я. Сухово-Кобылин. М., 1981.

А.В.Сухаво-Кабылін.

т. 15, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ЛОКОЛ»,

першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.

Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара ген.-губернатара М.​М.​Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.

Публ.:

«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.

Літ.:

Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;

Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.​П.​Агарова і А.​І.​Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ШАК (Hašek) Яраслаў (30.4.1883, Прага — 3.1.1923),

чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ. чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел. пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.​Зарэцкага, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, К.​Вашыны (Л.​Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.​Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.​Кляшторны, З.​Астапенка, К.​Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.​Баршчэўскі, Л.​Каўрус, В.​Крайко, А.​Мажэйка, П.​Марціновіч і інш.

Тв.:

Бел. Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;

Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;

Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1983—85.

Літ.:

Шубин Г. Я.​Гашек. М., 1982;

Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.​Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.

Я.Гашак.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)