валюнтары́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычная плынь у філасофіі, якая аб’яўляе волю вышэйшым, творчым прынцыпам быцця, першаасновай усяго існага.

2. Прызнанне волі, а не розуму рашаючым фактарам псіхічнай дзейнасці чалавека.

[Ад лац. voluntarius — валявы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сацыялагі́зм, ‑у, м.

Спрошчанае разуменне грамадска-гістарычнай абумоўленасці фактаў і з’яў, якое ігнаруе спецыфіку розных форм грамадскага быцця. Вялікую шкоду прынёс літаратуры і вульгарны сацыялагізм. Гіст. бел. сав. літ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

zest [zest]

1. (for) заціка́ўленасць, заўзя́тасць;

a zest for life ра́дасць быцця́

2. піка́нтнасць, «іскры́нка»;

give zest to smth. надава́ць смак/ціка́васць чаму́-н.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],

тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.​Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́КЕРТ ((Rickert) Генрых) (25.5.1863, г. Гданьск, Польшча — 30.7.1936),

нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства. Праф. Фрайбургскага (з 1894) і Гайдэльбергскага (з 1916) ун-таў. Супрацьпастаўляў прыродазнаўчыя навукі як свабодныя ад каштоўнасцей, накіраваныя на вызначэнне агульных законаў, гіст. навукам, якія даследуюць непаўторныя з’явы і падзеі і адносяцца да сферы каштоўнасцей. Лічыў філасофію навукай пра каштоўнасці, якія ствараюць самаст. «свет трансцэндэнтнага сэнсу». Вызначаў 6 асн. катэгорый каштоўнасцей: ісціна, прыгажосць, безасобасная і асобасная святасць, маральнасць, шчасце. Распрацаваў анталагічную канцэпцыю свету, які разумеў як сукупнасць 4 сфер: фіз. і псіхічнага быцця; «інтэлігібільнага» быцця (свет каштоўнасцей і сэнсавых утварэнняў); неаб’ектывуемай суб’ектыўнасці (злучэнне каштоўнасцей і існага); «незямнога» быцця (супадзенне каштоўнасцей і існага, зразумелае толькі пры дапамозе рэліг. веры).

Тв.:

Рус. пер. — Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997;

Науки о природе и науки о культуре. М., 1998;

Философия жизни. Мн.;

М., 2000.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),

філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.

Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.​Дэкарт, Г.​Лейбніц, І.​Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Дж.​Берклі, Д.​Юм, П.​Лафарг, К.​Маркс, Ф.​Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.​Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.​Салаўёў, М.​Лоскі, М.​Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.

Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.​Пацей, І.​Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.​Бандзевіч, А.​Белабоцкі, Ф.​Богуш, Б.​Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.​Пачобут-Адляніцкі, Я.​Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.​Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.​Дунін-Марцінкевіч, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.​Луцкевіч, І.​Канчэўскі, У.​Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.​Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.​А.​Алексютовіча, А.​А.​Біралы, К.​П.​Буслава, Э.​К.​Дарашэвіча, У.​М.​Конана, С.​А.​Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.​М.​Лушчыцкі, Н.​М.​Махнач, А.​С.​Майхровіч, В.​І.​Яфрэмава і інш.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нябы́т, ‑у, М ‑быце, м.

Адсутнасць быцця, існавання, жыцця. Лічаныя дні, а можа гадзіны аддзяляюць .. [Нявіднага] ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту. Колас. Мяне кудысьці імчыць, як лісцінку. У жыццё? У нябыт? Бядуля.

•••

Адысці ў нябыт гл. адысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́быт 1 ’быт’ (ТСБМ). Укр. по́бут, по́бит ’тс’, рус. по́быт ’звычка’. Ад *po‑ і *bytъ. Развіццё семантыкі: ’быццё, знаходжанне’ > ’агульны ўклад і умовы існавання, быцця’. Паводле Булахава (Развіццё, 43), запазычана з украінскай. Да быт, быць (гл.).

По́быт 2 ’знаходжанне’ (ТСБМ). Ст.-укр. побытъ ’быццё’, польск., в.-луж., чэш., славац. pobyt ’знаходжанне’. Ад po‑ і *bytъ, якое ад *byti (ЭССЯ, 3, 155). Да быт, быць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бытие́

1. в разн. знач. быццё, род. быцця́ ср.;

бытие́ определя́ет созна́ние филос. быццё вызнача́е свядо́масць;

2. (жизнь) жыццё, -цця́ ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі

(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.​Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;

У кн.: Античные философы: (Тексты). М., 1935.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)