БЕ́ЛЬСКІ (Міхаіл Лявонцьевіч) (21.9.1921, г. Сянно Віцебскай вобл. — 29.4.1988),

бел. графік. Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1952). З 1952 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, з 1956 у БПІ. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод работ: серыі «Зямля сялянам» (1957), «Стары і новы Мінск» (1959), «Мая Беларусь» (1964), «Мой родны кут» (1978—80). Выканаў іл. да кніг «Калі зліваюцца рэкі» П.​Броўкі, «Паэмы» і «Вершы, паэмы» Я.​Купалы, «Украінскія народныя казкі» (усе 1957—59), «Хто робіць пагоду» М.​Лужаніна (1960), «На берагах Нявы» І.​Гурскага (1968, 1977), «Шэметы» М.​Лобана (1981) і інш.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫ́НІН (сапр. Бурштын) Барыс Сяргеевіч

(10.8.1893, в. Заплюссе Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 4.4.1964),

рускі паэт-перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Друкаваўся з 1913. З 1938 перакладаў на рус. мову творы ўкр. (А.​Малышкі, М.​Рыльскага), літ. (А.​Венажындзіса, Майроніса), чув. (К.​Іванова) і інш. паэтаў. З бел. мовы пераклаў паэму Я.​Коласа «Рыбакова хата» (з С.​Гарадзецкім і П.​Сямыніным, 1949), асобныя творы Я.​Купалы, М.​Багдановіча (у кн. «Выбраныя вершы», 1940), П.​Броўкікн. «Выбранае», 1949), М.​Танка (у кн. «Вершы. Казкі. Паэмы», 1953) і інш. Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу і Я.​Коласа.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЫЧАЎ (Восіп Якаўлевіч) (16.5.1904, г. Адэса, Украіна — 5.1.1973),

расійскі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1920. У зб-ках паэзіі «Ля Чорнага мора» (1935), «Наша зямля» (1955), «Захады і світанні» (1957), «Закон вясны» (1962), «Карані і кроны» (1973) услаўляў стваральную працу людзей, іх мужнасць у барацьбе з ворагамі, апяваў родную прыроду. Аўтар тэкстаў шматлікіх песень (зб. «Кулямётная стужка», 1938). Я.​Купалу прысвяціў паэму «Беларуская быль» (1950), напісаў пра яго ўспаміны «Незвычайная задушэўнасць» (у кн. «Такі ён быў», 1975). Пераклаў на рус. мову асобныя творы Я.​Купалы, А.​Александровіча, П.​Броўкі, М.​Танка, М.​Чарота і інш.

Тв.:

Избр. лирика. М., 1974.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́РА (Марыя Аркадзеўна) (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),

украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-т нар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка, М.​Машары, А.​Стаховіча, Н.​Тарас, Э.​Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Е.​Лось, М.​Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.

В.​Я.​Буран.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спе́ласць, ‑і, ж.

1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.

2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.

•••

Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.

Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУ́РСАЎ (Іван Цярэнцьевіч) (н. 19.12.1927, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1962). Працаваў у час. «Нёман», у выд-ве «Молодая гвардия» (Масква). Друкуецца з 1953. Аўтар зб-каў паэзіі «Грамата гадоў» (1977), «Пясочны гадзіннік» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986), кніг вершаў і казак для дзяцей «Едзе лес» (1961), «Вясёлыя небыліцы» (1970), «Краіна Блакітнага Сонца» (1973), «Казкі, поўныя цудаў» (1979), «Сорак сарок» (1988) і інш. Перакладае з бел. і ўкр. моў на рускую (зб-кі паэзіі А.​Астрэйкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, П.​Броўкі, Г.​Бураўкіна, В.​Зуёнка, У.​Караткевіча, Е.​Лось, К.​Цвіркі і інш.).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙШНО́РАС ((Vajsnoras) Феліксас) (18.5.1897, в. Пілвішкіс Вілкавішкскага р-на, Літва — 21.8.1972),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Літвы (1965). Скончыў Камуністычны ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1925). З 1930 у Мінску — супрацоўнік, у 1934—37 — рэдактар газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1937 рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1956). З 1945 у Вільнюсе. Аўтар зб-ка вершаў «Пад сцягам працы і барацьбы» (1934, на літоўскай мове), кнігі мемуараў «Да светлага жыцця» (1960). На літ. мову пераклаў (пад псеўд. Ф.​Садайніс) паэму Я.​Купалы «Над ракою Арэсай» (1935), асобныя творы П.​Броўкі, Я.​Коласа, Т.​Кляшторнага, І.​Харыка і інш.

А.​І.​Мальдзіс.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Мікалай Іванавіч) (21.12.1899, г. Вязнікі, Расія — 14.2.1965),

бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Мсцёрскім іканапісным вучылішчы (Вязнікаўскі р-н; 1910—16), Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—26), Ленінградскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30), Маскоўскім паліграф. ін-це (1930—32). Выкладчык БПІ (1936—65, дацэнт з 1954). Сярод работ: тэматычныя карціны «У ліцейнай майстэрні» (1929), «Будуемся!» (1947), «Янка Купала і Ян Райніс» (1959); партрэты А.​Бембеля, А.​Глебава (абодва канец 1940-х г.), Я.​Купалы (1949), П.​Броўкі, Р.​Шырмы (абодва 1960); графічныя партрэты М.​Горкага (1934), І.​Харыка (1930-я г.) і інш.

М.Гусеў. Партрэт Янкі Купалы. 1949.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА СВАБО́ДНУЮ БЕЛАРУ́СЬ»,

франтавая газета. Выдавалася з 18 сак. да ліст. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Калінінскага фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар І.​Д.​Гурскі. Была разлічана на жыхароў акупіраванай тэр. рэспублікі і бел. партызан. Інфармавала пра падзеі на франтах і ў сав. тыле, пра партыз. барацьбу, злачынствы ворага. Змяшчала артыкулы пра герояў вайны, творы Я.​Коласа, П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Губарэвіча, К.​Крапівы, П.​Панчанкі, М.​Танка, а таксама рус. пісьменнікаў У.​Вішнеўскага, А.​Суркова, М.​Ціханава, І.​Эрэнбурга і інш. Друкавала паведамленні пра дзейнасць навук. устаноў і творчых аб’яднанняў Беларусі ў сав. тыле. Выдавала сатыр. лісток «Партызанская дубінка».

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПРАЎ (Глеб Валянцінавіч) (19.4.1914, г. Краснадар, Расія — 18.9.1986),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1932. Аўтар зб-каў вершаў «Справа славы» (1949), «Мы — мірныя людзі» (1951), «Мае сябры» (1958), «Адлегласці» (1964), «Тварам да агню» (1982) і інш., якія вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, рэаліст. адлюстраваннем рэчаіснасці. На рус. мову пераклаў вершы і паэмы А.​Пысіна (зб. «Мерыдыяны», 1968), вершы П.​Броўкі, Г.​Бураўкіна, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, У.​Дубоўкі, А.​Зарыцкага, А.​Звонака і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, Грахоўскі.

Тв.:

Стихотворения: Из разных книг. Л., 1975;

Третья жизнь: Стихи из разных книг. Л., 1984.

Т.​У.​Люковіч.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)