РЫЛЕ́НКАЎ (Мікалай Іванавіч) (15.2.1909, в. Аляксееўка Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 23.6.1969),
рускі паэт. Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1933). Друкаваўся з 1926. У паэт. зб-ках «Мае героі» (1933), «Бацькоўскі дом» (1944), «Кніга палёў» (1950), «Крыніца» (1957), «Рабінавае святло» (1962), «Кніга часу» (1969) развіваў класічныя і фалькл. традыцыі. Аўтар паэм «Вяртанне» (1943), «Пецярбургскі туман» (1963), аповесцей «Зямля» (вершаваная, 1936), «Ля разбуранага гнязда» (1947), «На старой Смаленскай дарозе» (1953), аўтабіягр. цыкла «Казка майго дзяцінства» (1962), «Мне чатырнаццаць гадоў» (1965), «Дарога сыходзіць за аколіцу» (1967), вершаванага пераказу «Слова аб палку Ігаравым» (1963), апавяданняў, успамінаў, нарысаў «Купалава песня», «Дзядзька Якуб», рэцэнзій на зб-кі вершаў Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка і інш. На бел. тэматыку Р. напісаны вершы «Што даражэй за касцёр на прывале?», «У шляху не-не і абярнуся я...». На рус. мову пераклаў вершы і паэмы Броўкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, П.Труса, Д.Бічэль-Загнетавай, А.Вялюгіна, А.Зарыцкага, К.Кірэенкі, Я.Янішчыц. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Звонак, Х.Жычка, А.Канапелька, І.Кудраўцаў, У.Паўлаў, П.Прануза. Яму прысвяцілі вершы Броўка і С.Грахоўскі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1985;
Стихотворения и поэмы. Л., 1981;
Бел. пер. — У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Літ.:
Добрая душа: Книга о Н.Рыленкове. Воспоминания, стихи, статьи, рецензии. М., 1973;
Осетров Е.И. Муза в березовом перелеске. М., 1974;
Звездаева В.А. Николай Рыленков. М., 1987.
А.Р.Жакаў.
т. 13, с. 498