НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,

група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст. пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводле міжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).

М.​К.​Кеўра, А.​І.​Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тымя́нка ‘расліна Convallaria majalis’ (Ласт.), тымянкі мн. л. ‘вырачка звычайная, Clinopodium vulgare L.’ (віц., Кіс.). Паводле Ластоўскага, іншая назва расліны, з якой ён пад пытальнікам ідэнтыфікуе ландыш, цімʼян (цімьян), што адпавядае ст.-бел. темъянъ, темианъ, фемианъ, фемиянъ, фимиянъ ‘расліна чабор, Thymus L.’, ‘пахучае рэчыва з гэтай расліны’ (ГСБМ). Найбольш верагодна, што лексема выводзіцца з польск. tymian, tymianek, якія абазначаюць ‘чабор, Thymus L.’, а таксама ‘чысцік, Calamintha L.’, а ў форме temian з’яўляецца сінонімам да чэш. blínблёкат, Hyosciamus L.’ (Махэк, Jména, 205). З другога боку, Clinopodium па-польску называецца storzyszek ‘вырачка’, а першапачаткова ‘казялец ці кураслеп, Anemone L.’ (Махэк, Jména, 201), што сведчыць аб шматлікіх пераносах назваў з адной расліны на другую паводле іх моцнага паху. Польск. tymian, tymianek ‘чабор’, на думку Брукнера (589), было запазычана з ням. Thymian праз лацінскую мову са ст.-грэч. θῡμίᾱμα ‘тое, што курыцца (пра фіміям)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бмег ’расліна, Conium maculatum’, балігалоў плямісты’; ’блёкат’ (БРС), вобмегам (выйсці) ’бокам’ (Жд., 1). Рус. о́мег ’то’, о́мяк ’цыкута’, укр. о́мег, ц.-слав. омѣгъ ’ядавітая расліна, Lupicida’, польск. omieg, ст.-польск. omięg, omiażdżyła się owca ’аўца атруцілася цыкутай’, чэш. oměj, voměj, omih ’Aconitum’, славац. omich, omega, omeda ’тс’, славен. omej ’тс’. Прасл. *oměgъ звязана чаргаваннем з мігаць таму, што гэтыя (ядавітыя) расліны маюць адурманьваючае дзеянне (Мацэнаўэр, LF, 11, 352; Брукнер, 379). Назалізацыя ў польск. другасная насуперак Міклашычу (221). Гіпотэза Мяркулавай (ЭИРЯ, 3, 18–19), якая звязвае слав. oměgъ з лац. vomica ’рвотны’ і мяркуе, што гэта запазычанне з лац. vomitus ’рвота’ бел. і польск. мовамі, малаверагодная з фанетычнага пункту погляду і ў адносінах канкрэтнай гісторыі запазычанага слова (напр., польск. womitować, womitowy і бел. ваніты, воміт ’рвота’ не перацярпелі ніякіх змяненняў; б у бел. слове — вынік замены о‑ на об‑ пад уплывам народнай этымалогіі ў выніку ўспрымання о‑ як прыстаўкі. Параўн. омег і амежнік. Гл. таксама Фасмер, 3, 138; Махэк₂, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)