амерыканскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1906—07). З 1908 дырыжыраваў харамі і аркестрамі ў Берліне, Празе; з 1915 у Нью-Йорку. Лічыў музыку «арганізаваным шумам», імкнуўся павялічыць акустычныя магчымасці інструментаў. Эксперыментаваў у сферы канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі. Сярод твораў: п’есы «Гіперырызма» для духавых і ўдарных (1923), «Інтэгралы» для камернага арк. і ўдарных (1925), «Іанізацыя» для 13 ударнікаў (1931), «Экватарыял» для аргана, ударных, труб, трамбонаў, 2 хваляў Мартэно і баса (1934), «Пустыня» для электронных духавых і ўдарных (1954). Аўтар прац па электроннай музыцы, муз.-крытычных артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.літ.-знавец, перакладчык. Канд.філал.н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі, з 1983 нам.гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.Сянкевіча, апавяданні С.Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.Баса, апавяданні І.Кліма і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),
італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Соміс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІ́ВА»,
тыднёвік беларусаў у Польшчы. Выходзіць з 4.3.1956 у Беластоку на бел. мове. У ПНР выдавалася Бел. грамадска-культ. т-вам (БГКТ), з 1992 — праграмнай радай тыднёвіка «Ніва». Фінансуецца Мін-вам культуры і нац. спадчыны Польшчы. Старшыня — Я.Мірановіч (з 1997), гал. рэдактар — В.Луба. Змяшчае інфармацыю пра эканам., грамадска-паліт. і культ. жыццё Беласточчыны, дзейнасць бел. арг-цый — БГКТ, Бел дэмакр. аб’яднання (БДА), Бел. аб’яднання студэнтаў (БАС), Бел.гіст.т-ва, праваслаўных брацтваў і інш. Асвятляе муз. і песенныя фестывалі, святкаванні Купалля, Каляд, выступленні артыстаў або вядомых дзеячаў культуры Беларусі, навукоўцаў, палітыкаў. Рэгулярна друкуе краязнаўчыя матэрыялы. Пытанні гісторыі, асабліва 20 ст., нярэдка выклікаюць дыскусіі. Часта публікуе матэрыялы пра Беларусь. Друкуе старонку літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», старонку для дзяцей «Зорка», у 1986—91 змяшчаў старонку БАСа «Прысутнасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́УЗІК ((Kuusik) Ційт) (Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),
эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» і «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, С.Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЫ́НСКІ ((Każyński) Мацей) (1767—29.3.1823),
польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.