Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СА АСТЫНА́ТА (італьян. basso ostinato літар. нязменны бас),
адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.Пёрсел, І.С.Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным з асн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.Шастаковіч, І.Стравінскі, П.Хіндэміт і інш.).
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СА ПРАЛІ́Ў (Bass Strait),
праліў паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія. Злучае Тасманава м. з Індыйскім ак. Даўж. каля 317 км, шыр. да 224 км. Найменшая глыб. на фарватэры 49 км. У зах. ч. — в-аў Кінг, на У — а-вы Фюрно. Порт Мельбурн. Названы імем англ. даследчыка Дж.Баса, які адкрыў праліў у 1798.
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-БАС (ням. Generalbaß літар. агульны бас),
баса кантынуа, лічбаваны бас, спосаб запісу муз. сугуччаў лічбамі пры басовым голасе, на аснове якога выканальнік стварае акампанемент; аснова вучэння аб гармоніі. Умоўнасць запісу дае выканаўцу-арганісту (клавесіністу) свабоду ў выбары дэталей фактуры, магчымасць імправізацыі. Генерал-бас як тып суправаджэння склаўся ў Італіі ў 2-й пал. 16 ст. Яго пашырэнне звязана з развіццём гамафоніі ў еўрап. музыцы 2-й пал. 16 — 1-й пал. 18 ст. Узоры генерал-баса сустракаюцца ў творах К.Мантэвердзі, Г.Шутца, Г.Пёрсела, А.Карэлі, А.Вівальдзі, Ж.Ф.Рамо, І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і інш. Лічбаваны спосаб запісу партыі акампанементу адрадзіўся ў джазе і эстр. музыцы.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАС (італьян. basso літар. нізкі),
1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d1 (e1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c1).
2) Муз. інструменты нізкага (басовага) рэгістра (туба, кантрабас, саксафон-бас, домбра-бас, бас-кларнет).
3) Самая нізкая партыя шматгалосага муз. твора.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫТО́Н (італьян. baritono),
1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм. тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.
2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).
3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).
4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́З ((Varèse) Эдгар) (22.12.1883, Парыж — 7.11.1965),
амерыканскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1906—07). З 1908 дырыжыраваў харамі і аркестрамі ў Берліне, Празе; з 1915 у Нью-Йорку. Лічыў музыку «арганізаваным шумам», імкнуўся павялічыць акустычныя магчымасці інструментаў. Эксперыментаваў у сферы канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі. Сярод твораў: п’есы «Гіперырызма» для духавых і ўдарных (1923), «Інтэгралы» для камернага арк. і ўдарных (1925), «Іанізацыя» для 13 ударнікаў (1931), «Экватарыял» для аргана, ударных, труб, трамбонаў, 2 хваляў Мартэно і баса (1934), «Пустыня» для электронных духавых і ўдарных (1954). Аўтар прац па электроннай музыцы, муз.-крытычных артыкулаў.
т. 4, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),
італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Соміс.
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́УЗІК ((Kuusik) Ційт) (Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),
эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
т. 9, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІ́ВА»,
тыднёвік беларусаў у Польшчы. Выходзіць з 4.3.1956 у Беластоку на бел. мове. У ПНР выдавалася Бел. грамадска-культ. т-вам (БГКТ), з 1992 — праграмнай радай тыднёвіка «Ніва». Фінансуецца Мін-вам культуры і нац. спадчыны Польшчы. Старшыня — Я.Мірановіч (з 1997), гал. рэдактар — В.Луба. Змяшчае інфармацыю пра эканам., грамадска-паліт. і культ. жыццё Беласточчыны, дзейнасць бел. арг-цый — БГКТ, Бел дэмакр. аб’яднання (БДА), Бел. аб’яднання студэнтаў (БАС), Бел. гіст. т-ва, праваслаўных брацтваў і інш. Асвятляе муз. і песенныя фестывалі, святкаванні Купалля, Каляд, выступленні артыстаў або вядомых дзеячаў культуры Беларусі, навукоўцаў, палітыкаў. Рэгулярна друкуе краязнаўчыя матэрыялы. Пытанні гісторыі, асабліва 20 ст., нярэдка выклікаюць дыскусіі. Часта публікуе матэрыялы пра Беларусь. Друкуе старонку літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», старонку для дзяцей «Зорка», у 1986—91 змяшчаў старонку БАСа «Прысутнасць».
В.А.Трыгубовіч.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)