ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,

трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.​Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.​Курпінскага і Ю.​Дамсе, «Дзве статуі» Ю.​Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц, мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.​Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.​П.​Ягемана (Ягнова).

Г.​І.​Барышаў.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎЦЭ́ВІЧ (Лаўцінская, Лаўчынская) Разалія (1767 ?, Пастаўшчына — ?), бел. танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Гродне. У жн. 1778 удзельнічала як салістка ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 у балетнай трупе «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры. Пасля задушэння паўстання 1794 у балетных трупах С.​Гальніцкага і Т.​Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург і паступіла фігуранткай у трупу імператарскіх т-раў. З 1799 выступала пад прозвішчам Дукштэйн.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РСКАЯ (па мужу Легрэ) Соф’я

(1769?, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах (педагог Ле Ду). Паводле завяшчання Тызенгаўза стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1785—94 (з перапынкамі) у складзе балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і ў Нац. т-ры ў Варшаве. У 1794—97 у трупе С.​Галніцкага і антрэпрызе Т.​Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага паступіла фігуранткай на імператарскую сцэну ў Пецярбургу (у дакументах за 1797—99 пад імем Максерскай).

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням. т-ра ў Львове.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙКА (Антон) (1746 ?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык і балетмайстар. З 1756 вучыўся ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), быў салістам мясц. трупы. З 1760 працаваў у прыдворным т-ры Радзівілаў у Нясвіжы (з 1779 педагог балетнай школы і балетмайстар). У 1780 пасланы К.​С.​Радзівілам у Італію (Рым, Венецыя) і Аўстрыю (Вена) для азнаямлення з іх балетным мастацтвам. Пасля вяртання — вядучы балетмайстар (упамінаецца ў дакументах за 1782—87). Разам з Г.Петынеці рыхтаваў пастаноўку балетаў «Рустыка» (1778), «Турэцкі балет», «Арфей у пекле» на лібрэта Ф.​Каселі і «Пігмаліён» паводле «Метамарфоз» Авідзія (1784). Працаваў у Нясвіжы з дачкой-балерынай да роспуску балета ў 1790.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ ТЭА́ТР САПЕ́ГАЎ,

прыватны тэатр. Існаваў у 1765—91. Налічваў «60 артыстаў і танцоўшчыкаў». Меў муз.-оперную школу, капэлы у Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Зэльве; 40 музыкантаў «пры бубнах і трубах». У ім працавалі М.​Пранчынскі як танцоўшчык, балетмайстар і пастаноўшчык («Літасцівасць Ціта», паст. 1784), К.​Чыпрыяні (з 1775) як капельмайстар і кампазітар, а таксама навучаў ігры на скрыпцы прыгонных князя. Сярод вядомых пастановак т-ра: аднаактовая опера Ж.​Русо «Вясковы чараўнік», балеты «Арынянка» і «Літасцівасць Ціта», камедыя Малінэ «Чароўнае дрэва». Т-р размяшчаўся ў Ружанскім палацавым комплексе.

Літ.:

Барышаў Г. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НЖУРА (Wanžura, Vančura) Эрнест (1750?, Вамберк, Чэхія — студз. 1802), кампазітар і клавесініст. Па паходжанні чэх. Барон. Служыў у войсках аўстр. імператара Іосіфа II. У 1780 запрошаны графам С.​Г.​Зорычам у прыдворны т-р у Шклове. Аўтар лібрэта, музыкі і дэкарацый «Пантамімы з алегорыямі», паст. у Шклове 30.5.1780 у прысутнасці Кацярыны II і Іосіфа II. З 1783 муз. кіраўнік у выхаваўчым доме, інспектар муз. класаў Пятроўскага т-ра ў Маскве, у 1786—97 у дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу, капельмайстар і прыдворны клавесініст. Сярод твораў: камічныя оперы «Храбры і смелы віцязь Архідэіч» (паст. 1787), «Апякун падмануты»; З сімфоніі на слав. тэмы (на ўкр., рус. і польск.). У 1785—94 выдаваў муз. часопіс.

Г.​І.​Барышаў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ (Grabenbauer),

музыканты 18 — пач. 19 ст.

Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.​К.​Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.​Лазарыні.

Г.​І.​Барышаў.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.​Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАНЧЫ́НСКІ Мацей, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Нарадзіўся ў г. Беласток (Польшча). Вучань А.Пуціні. У 1765—72 танцоўшчык прыдворнага т-ра гетмана Браніцкага ў Беластоку, у 1774—76 у Варшаўскім т-ры балета. Як балетмайстар пераклаў для Варшаўскай сцэны балеты «Дыяна і Эндыміён», «Сідней і Сілы», «Паляванне Генрыха IV». У 1777 выступаў у Слонімскім тэатры Агінскага. У 1780—85 танцоўшчык і балетмайстар прыдворных т-раў Сапегаў у Ружанах (у 1784 паставіў балет «Літасцівасць Ціта») і Дзярэчыне. У 1794—95 дырэктар трупы ў Вільні. У 1795—98 выступаў у прыдворным Шклоўскім тэатры Зорыча.

Літ.:

Барышаў Г.І. Маёнткавыя прыгонныя тэатры // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г. Мн., 1983.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)