Аргані́сты ’арганіст, касцельны рэгент’ (Нас., Сцяшк.). Тыпова беларускае пераўтварэнне па ад’ектыўнаму ўзору запазычанага праз польск. арганіста (Нас.) (гл. Ірачак., Зб. Траўнічку, 312) ці замацаванага ў сувязі з рускай мовай арганіст (Нас., БРС). Аб гэтым пісаў Фогарашы, Beiträge, 31–32, хаця храналогія і стылістычная характарыстыка ў яго недакладныя: такія пераўтварэнні характэрныя для вуснай размоўнай мовы яшчэ ў XIX ст. Параўн. таксама аб слове арганісты як тыповым беларускім утварэнні (Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25). Але ўкр. таксама органістый (Железняк, Мовознавство, 1975, 2, 51).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУКСТЭХУ́ДЭ ((Buxtehude) Дзітрых) (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),

дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням. барока і буйнейшы папярэднік І.​С.​Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯ́Н ((Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль) (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),

французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.​Дзюка (кампазіцыя), М.​Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз. сістэм. У тэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» для фп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» для фп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.​Булез, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен.

Прэмія Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.

Літ.:

Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.​Мессиана. М., 1987;

Екимовский В.О. Мессиан. М., 1987.

А.Месіян.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Іаахім) (1853, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 16.3.1898),

бел. спявак, арганіст, кампазітар. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—78. Працаваў арганістам у Гродне і Вільні. Пісаў месы, танцы, маршы, оперу «Паята» на сюжэт з літ.-бел. гісторыі (не скончана), музыку на словы А.​Міцкевіча і У.​Сыракомлі.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ЛІНК (Sweelinck, Swelink) Ян Пітэрсзан (1562, г. Дэвентэр, Нідэрланды — 16.10.1621), нідэрландскі кампазітар, арганіст; заснавальнік школы ігры на аргане. Развіваў традыцыі нідэрландскай школы, узбагаціў іх дасягненнямі італьян. і англ. майстроў. Віртуознае выканальніцкае майстэрства С. спалучалася з эмацыянальнасцю, тонкай апрацоўкай дэталей. Аўтар твораў для аргана (фантазіі, рычэркары, такаты, апрацоўкі харалаў), вак. твораў (шансон, псалмы, матэты і інш.), трактата аб правілах кампазіцыі. Сярод вучняў С.Шайт, М.Прэторыус.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ (Bach),

нямецкі род, з якога паходзяць некалькі пакаленняў музыкантаў 16 — пач. 19 ст., у т. л. І.С.Бах і яго сыны: Вільгельм Фрыдэман (22.11.1710, Веймар — 1.7.1784), кампазітар і арганіст. Сярод твораў опера «Лаузус і Лідзія», «Нямецкая меса» (незак.), 21 кантата, 9 сімфоній, 5 канцэртаў для клавесіна, інстр. творы, харальныя прэлюдыі, фугі, каноны для аргана, творы для клавесіна. Карл Філіп Эмануэль (8.3.1714, Веймар — 14.12.1788), кампазітар і клавесініст. Найб. значныя дасягненні ў музыцы для клавіра (каля 50 канцэртаў). З інш. тв.: араторыі, «Страсці», магніфікат, кантаты, сімфоніі, камерна-інстр. творы. Аўтар значных тэарэт. прац аб прынцыпах выканальніцтва (у т. л. кн. «Вопыт правільнага спосабу ігры на клавіры», 1753—62, факс. выд. 1957). Іаган Крысціян (5.9.1735, Лейпцыг — 1.1.1782), кампазітар, арганіст, клавесініст. Жыў у Мілане, Лондане. Сярод тв.: 12 опер, у т. л. «Фемістокл» (1772), «Амадыс дэ Голь» (1779), каля 10 пастыча, арыі і кантаты, каля 50 сімфоній, 13 уверцюр, 31 сімфонія-канцэрт, 37 канцэртаў для фп. і інш. інстр., духоўныя творы. Іаган Крыстоф Фрыдрых (21.6.1732, Лейпцыг — 26.1.1795), кампазітар, клавесініст. Аўтар араторый, духоўных і свецкіх кантат, квартэтаў, твораў для клавесіна.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),

нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.​С.​Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.

Літ.:

Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-САНС ((Saint-Saëns) Шарль Каміль) (9.10.1835, Парыж — 16.12.1921),

французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1881), ганаровы д-р Кембрыджскага ун-та (1893), ганаровы чл. Пецярб. аддз. Рус. муз. т-ва (1909). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф.​Бенуа (арган), Ф.​Галеві (кампазіцыя). У 1853—77 арганіст у саборах Парыжа, адначасова выкладаў у нідэрмеераўскай Школе духоўнай музыкі. Канцэртаваў (у асн. са сваімі творамі) як піяніст, арганіст і дырыжор у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (1875, 1887). Аддаваў перавагу сімф. і камерна-ансамблевай музыцы, якая вызначалася гарманічнасцю, арганізаванасцю і інтэлектуальнасцю, а аркестроўка — яснасцю і празрыстасцю каларыту. Развіваў традыцыі рамант. праграмнага сімфанізму Ф.​Ліста і Г.​Берліёза, імкнуўся да выяўленчасці, тэатральнасці і праграмнасці. Аўтар 12 опер, у т. л. «Самсон і Даліла» (паст. 1877), «Генрых VIII» (1883), «Асканіо» (1890); балета «Жавота» (1896); 3 араторый, 4 кантат, «Урачыстай месы» (1856), Рэквіем (1878); 3 сімфоній (1852, 1859, 1886 з арганам), сімф. паэм, у т. л. «Танец смерці» (1874); фантазіі для арк. «Карнавал жывёл» (1886, у ёй п’еса «Лебедзь») і інш. Яго эстэт. погляды адлюстраваны ў зб-ках «Гармонія і мелодыя» (1885), «Партрэты і ўспаміны» (1899) і інш. Сярод вучняў — Г.Фарэ, А.​Месажэ.

Літ.:

Кремлев Ю. Каміль Сен-Санс. М., 1970.

І.​Ю.​В’югінава.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́нтар ​1, ‑а, м.

Вуздэчка без цугляў для прывязвання каня. Батура падышоў да шула, адвязаў кантар, уз’ехаў на двор, занёс муку і сала ў кладоўку і павярнуў каня па выезд. Гурскі.

ка́нтар ​2, ‑а, м.

Разм. Род бязмена.

ка́нтар ​3, ‑а, м.

1. Пеўчы хору ў каталіцкай царкве. // Галоўны пеўчы ў сінагозе.

2. Настаўнік і дырыжор хору, а таксама арганіст у пратэстанцкай царкве.

[Лац. cantor — спявак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГУЛД, Гульд (Gould) Глен Херберт (25.9.1932, г. Таронта, Канада — 4.10.1982), канадскі піяніст, арганіст, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Таронта (1952). З 1952 выступаў як піяніст у многіх краінах свету. Вядомы арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі твораў І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, В.​А.​Моцарта, І.​Брамса, а таксама кампазітараў 20 ст. П.​Хіндэміта, А.​Берга і інш., якія спалучалі інтэлектуалізм і абвостраную экспрэсію. У 2-й пал. 1960-х г. спыніў канцэртную дзейнасць, запісваўся на грампласцінкі, выступаў як дырыжор і кампазітар. Аўтар камерна-інстр. твораў.

Г.Гулд.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)