ПСЕЎДАГАМІ́Я (ад псеўда... + ...гамія),

несапраўднае апладненне. У грыбоў і ніжэйшых раслін — асобны тып працэсу размнажэння (псеўдаміксіс), пры якім адбываецца зліццё двух марфалагічна не дыферэнцыраваных па прыкметах полу вегетатыўных клетак. У пакрытанасенных раслін і жывёл вынікам П. бывае андрагенез або гінагенез.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апыле́нне, ‑я, н.

1. Перанос пылку кветкі з тычынак на рыльца песціка, у выніку чаго адбываецца апладненне. Штучнае апыленне.

2. Дзеянне паводле дзеясл. апыліць (у 2 знач.).

•••

Перакрыжаванае апыленне — перанясенне пылку з тычынак кветак адной расліны на рыльцы песцікаў кветак другой расліны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗІГО́ТА (ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ХРАМАСО́МЫ,

храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДАК у жывёл і чалавека, эмбрыён,

арганізм на першых стадыях развіцця (ад яйца да здольнасці самастойна жыць і перамяшчацца). Развіваецца з аплодненага яйца (зіготы) і жывіцца назапашанымі ў ім пажыўнымі рэчывамі (у птушак) ці за кошт матчынага арганізма (у млекакормячых жывёл і чалавека). У акушэрстве — арганізм чалавека на працягу першых 8 тыдняў ва ўлонні маці. У раслін — зачатак папарацепадобных і насенных раслін, пач. этап іх развіцця — антагенез. Гл. таксама Апладненне.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Про́йграапладненне пчалінай маткі’ (Сцяшк. Сл.), про́jигра ’тс’ (Анох.), про́игра ’вясенні вылет пчол’ (Манаенкава, Словарь). Рус. про́игра ’вылет і таўкатня пчол каля вулля, каб прасушыцца і ачысціцца перад зімоўкай’. Да ігра, іграць (гл.); што да семантыкі слова, то параўн. такія значэнні дзеяслова іграць, як ’спарвацца (аб птушках)’, ’аб злучцы жывёлы’ і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДРАБЛЕ́ННЕ яйца, сегментацыя яйца,

рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл. Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл. Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),

самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКАНЕРВО́ВЫЯ (Amphineura),

падтып найб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.

Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБУ́ЗІЯ (Gambusia affinis),

рыба сям. пецыліевых атр. карпазубых. Радзіма — Паўн. і Цэнтр. Амерыка. Жыве ў невял. стаячых прэснаводных вадаёмах. Акліматызавана ў многіх краінах Еўразіі, Аргенціне, на Гавайскіх а-вах у мэтах барацьбы з малярыйнымі камарамі. Разводзяць у акварыумах.

Даўж. цела самца да 4 см, самкі да 7,5 см. Афарбоўка цела шаравата-аліўкавая ці жаўтаватая з цёмнымі плямамі, плаўнікі бясколерныя. Самцы цямнейшыя. У самцоў пярэднія прамяні анальнага плаўніка пераўтвораны ў спаравальны орган (ганаподый). Апладненне ўнутранае. Жывародная. Корміцца лічынкамі і кукалкамі камароў, зоапланктонам, ікрой і маляўкамі рыб, у т. л. і сваімі. Шкодзіць рыбнай гаспадарцы.

Гамбузія: 1 — самка; 2 — самец.

т. 5, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)