А́нгел ’анёл’ (КТС), слуц. бабр. ангал (Шн., Серб.), анголь (Машынскі, Uwagi). Як і рус., укр. а́нгел запазычана яшчэ ў ст.-рус. з ст.-слав. (Шанскі, 1, А, 105–106), дзе з ст.-грэч. ἄγγελος, адкуль і ст.-бел. аггелъ (Александрыя). Гл. анёл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),
старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.
т. 7, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),
гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыяне рым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.
Тв.:
Рус. пер. — Гражданские войны. Л., 1935.
т. 1, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,
найбуйнейшы ў старажытнасці збор рукапісных кніг (ад 100 да 700 тыс. тамоў). Засн. ў пач. 3 ст. да н.э. ў г. Александрыя пры Александрыйскім мусеяне. Пераважалі творы стараж.-грэч. л-ры і навукі, былі і кнігі на ўсх. мовах. Узначальвалі Александрыйскую бібліятэку буйнейшыя вучоныя: Эратасфен, Зенадот, Арыстарх Самоскі, Калімах. Пры б-цы працавала шмат капіістаў-перапісчыкаў кніг. Частка Александрыйскай бібліятэкі згарэла ў 47 да н.э. ў час Александрыйскай вайны. Пазней адноўлена і папоўнена за кошт Пергамскай б-кі. Частка кнігазбору знішчана ў 391 н.э., апошнія рэшткі загінулі ў 7—8 ст. у час арабскіх заваёў.
т. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Валянцін Іванавіч) (6.5.1911, с. Александрыя Стаўрапольскага краю, Расія — 17.7.1983),
бел. архітэктар, педагог. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). З 1936 выкладчык БПІ, у 1959—78 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Асн. работы: Дом афіцэраў у Бабруйску, ф-ка піяніна ў Барысаве (абодва 1937), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл. (1937—39); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у Айч. вайну акруговага Дома афіцэраў, жылых дамоў і адм. будынкаў у Мінску (1945—46), забудова праспекта Кірава ў Віцебску.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЧАНКА (Валянцін Мацвеевіч) (н. 7.5.1937, в. Александрыя Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, біяхіміі і біяфізікі раслін. Д-р біял. н. (1977), праф. (1995). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1960 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1977 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах фотасінтэзу (у сувязі з мінер. жыўленнем і вільгацезабеспячэннем, прадукц. працэсам), па малекулярна-мембранных механізмах рэгуляцыі.
Тв.:
Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;
Регуляция функций мембран растительных клеток. Мн., 1979 (разам з У.М.Юрыным, Ст.Г.Галакціёнавым).
т. 7, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.
т. 8, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс. км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр. да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд. т.
Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.
т. 6, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Змо́ва ’тайны згавор’. Рус. уст. абл. смо́лва ’гутарка; угавор’, укр. змо́ва ’змова’, польск. zmowa ’тс’, славац. zmluva ’пагадненне’. Ст.-бел. змова (Александрыя), змовца (Гіст. лекс., 99). Прасл. дыял. sъml̥va — бяссуфіксны наз. ад дзеяслова sъ‑mъl‑vjati з коранем mъlv‑ (гл. мова). Ст.-бел. змовца (XVII ст.) з польск. (Булыка, Запазыч., 123), хаця і суадносіцца са змова, якое можа быць і вынікам унутранага развіцця.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)