ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).

На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

я́блыневы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яблыні, уласцівы ёй. Яблыневы ліст. □ Ноч была цёплая, з яблыневым пахам. Ермаловіч. // Які складаецца з яблынь. Яблыневы сад. // Зроблены з драўніны яблыні. Яблыневыя лыжкі.

2. у знач. наз. я́блыневыя, ‑ых. Падсямейства дрэў і кустоў сямейства ружакветных, да якога належаць яблыня, ігруша, айва і інш.

3. Як састаўная частка некаторых назваў шкоднікаў яблынь. Яблыневы кветкаед. Яблыневая пладажэрка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РУ́ЖАВЫЯ, ружакветныя (Rosaceae),

сямейства двухдольных раслін. Больш за 120 родаў, каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 роды, каля 70 відаў. Сярод Р. пладовыя (абрыкос, айва, вішня, груша, міндаль, мушмула, сліва), ягадныя (ажына, клубніцы, маліна, марошка, суніцы), дэкар. (глог, ружа, спірэя), лек. (дуброўка, крывасмок, лаўравішня, шыпшына) расліны. Інтрадукавана больш за 500 відаў. Некат. віды (напр., валжанкі двухдольная і звычайная, дуброўка скальная, кізільнік алаунскі, сліва калючая, або цёрн, марошка прысадзістая) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Лістападныя і вечназялёныя дрэвы, кусты, травы. Лісце чаргаванае, радзей супраціўнае, простае ці складанае. Кветкі правільныя, пераважна двухполыя ў гронкавых, мяцёлчатых або шчытковых суквеццях. Плады рознага тыпу — сухія або сакаўныя, шматлістоўкі, каробачкі, арэшкі, касцянкі, яблыкі. Харч., лек., эфіраалейныя, тэхн., кармавыя, меданосныя, дэкар. расліны.

Літ.:

Вульф Е.В. Малеева О.Ф. Мировые ресурсы полезных растений. Л., 1969. Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1982.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс. км². Нас. больш за 15 млн. чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц. — г. Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 м т-ра паветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)