а...¹ (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае:

1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, атынкаваць, ахапіць, акаваць, абпаліць, абабіць;

2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць;

3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі);

4) празмернасць якога-н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць;

5) перавагу над кім-, чым-н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць;

6) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца;

7) забеспячэнне чым-н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аснасціць, абдзернаваць;

8) ператварэнне ў каго-, што-н., станаўленне кім-н., наданне якіх-н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць;

9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

а... 1, (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае: 1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, абяліць, акарыць, атынкаваць, ахапіць, акаваць, ахінуць, абпаліць, аб’ехаць, абабіць; 2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць (балота); 3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі); 4) празмернасць якога‑н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць, абкарміць; 5) перавагу над кім‑, чым‑н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць; 6) (з часціцай ‑ся) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца; 7) забеспячэнне чым‑н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аблясіць (сухія стэпы), аснасціць, абдзернаваць; 8) ператварэнне ў каго‑, што‑н., станаўленне кім‑н., наданне якіх‑н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): аграмадзіць, ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць, абрадаваць; 9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, адубець, аўдавець, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

а... 2, (а таксама ан...), прыстаўка.

Абазначае адсутнасць прыметы, уласцівасці, паказанай у асноўная частцы слова (без прыстаўкі): амаральны, апалітычнасць, алагічны, анаэробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду́, абы́дзеш, абы́дзе; абышо́ў, -шла́, -шло́; абыдзі́; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго-, чаго-н.

Ён абышоў кругом сваю сялібу.

2. У ваеннай справе: зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго.

Нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго-н.; абагнуць каго-, што-н.

Абысці вёску.

4. перан. Мінуць, не закрануць каго-, што-н.

Ні адна бяда яго не абыдзе.

5. перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго-н. у размове, апавяданні і пад.

А. недарэчны выпадак.

6. перан. Не палічыцца з чым-н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго-н.

Абысці закон, загад.

7. перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

8. Прайсці па ўсёй прасторы чаго-н., наведаць розныя месцы.

З песняй абыду я нашу родную краіну.

9. Падысці да кожнага па чарзе.

10. Пашырыцца, стаць усюды вядомым.

Навіна абышла ўвесь раён.

11. Падмануць, ашукаць.

Ён умеў абысці начальства.

12. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць.

А. ўсіх на раённых спаборніцтвах.

За вярсту абысці каго-што (разм.) — не мець жадання сустрэцца з кім-, чым-н., убачыць каго-, што-н.

|| незак. абыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць і абхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. абыхо́джванне, -я, н., абыхо́д, -у, М -дзе, м. і абхо́д, -у, М -дзе, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)