Трухтом ‘трушком’ (бераст., Сл. рэг. лекс.), трухтою ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. truchtem ‘тс’ (Мацкевіч, там жа, 5, 134). Брукнер (577) адзначае, што ў польскай мове слова trucht (truchtem, truchcikiem) з XVIII ст. і запазычана з ням. Trott ‘тс’. Паводле SWO (1980, 778), польск. trucht ‘від бегу каня, сярэдні паміж шагам і рыссю’ ўзыходзіць да с.-в.-ням. truht; ужываецца звычайна ў выразе: biec truchtem ‘бегчы трушком’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адлютава́ць, ‑туе; зак.

Перастаць лютаваць (звычайна пра мароз). Адлютавалі маразы. Цвет абляцеў духмяны з вішні. Зарыцкі. // перан. Аб спыненні вайны, разгулу рэакцыі. Родная вінтоўка! Ты прыйшла са мной у Сарочы лес, і не выпушчу цябе з рук, пакуль не адлютуе вайна і зямля не ачысціцца ад бруду, а над галавой не засвеціць чыстае неба. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́я, ‑і, ж.

1. Тое, што і завея, завіруха (у 1 знач.). Сек яго [паравоз] вецер, марозіў мароз, Душыла зімовая вея. Панчанка. У тундры я пражыў гады, Там, помню, веі гэтак дзьмулі. А. Александровіч.

2. звычайна мн. (ве́і, ‑яў). Тое, што і вейкі. Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алма́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Празрысты, звычайна бясколерны, каштоўны камень, які сваім бляскам і цвёрдасцю перавышае ўсе іншыя мінералы і самацветы; агранены ў пэўную форму, называецца брыльянтам. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас.

2. ‑а. Тонкі асколак гэтага каменя, устаўлены ў аправу з дзяржаннем, прыстасаваны для рэзання шкла; шкларэз.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абма́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Махаючы чым‑н., абдаваць сябе струменем паветра (звычайна для ахаладжэння). Пасажыры паадчынялі вокны, абмахваліся хустачкамі. Мяжэвіч. // Узмахамі адганяць ад сябе (мух, камароў і пад.). Пакуль цётка хадзіла ў хату па вядро, [карова] стаяла каля студні, над карытам з зялёным машком на дне, абмахвалася ад заедзі і, памыкваючы, прасіла піць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корт 1, ‑у, М ‑рце, м.

Тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення; «чортава скура». Дзядуля адчыніў [куфар] і дастаў адтуль адрэз моцнага корту цёмнага колеру. Якімовіч. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч.

[Англ. cord.]

корт 2, ‑а, М ‑рце, м.

Пляцоўка для гульні ў тэніс.

[Англ. court.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канаво́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.

Радавы, які наглядае за коньмі (у кавалерыі, коннай артылерыі). Абавязкі канавода. Пакінуць коней на канавода.

канаво́д 2, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. неадабр. Завадатар, важак у якой‑н. справе. [Наручнікі] знімуць тады, калі Саўка пакажа .., дзе прытуліліся небяспечныя канаводы паўстанцаў. Колас. [Сымон Мігай] звычайна быў і завадатарам-канаводам на ўсе ўчынкі. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Памянш. да брама.

2. Прахадныя варотцы (звычайна пры браме або вялікіх варотах); фортка, веснічкі. Брамка на школьны двор была зачынена. Шамякін. Я сышоў са шляху, накіраваўся да варот і адчыніў вузенькую брамку, прарэзаную ў варотах. Ракітны.

3. Разм. Дэталь паляўнічага ружжа. Пасадзіць пістон на брамку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́яць, звею, звееш, звее; зак., што.

1. Ачысціць абмалочанае зерне веяннем. Звеяць ячмень. □ — От пайду жыта звею, ды ў млын трэба, а то хлеб са стала ўцякае. Чарнышэвіч.

2. звычайна безас. Скінуць адкуль‑н., знесці куды‑н. Ветрам звеяла касынку з плячэй.

•••

Як ветрам звеяла каго — раптоўна знік адкуль‑н., не стала дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́та, ‑ы, ДМ маце, ж.

Пляцёнка з саломы, травы і пад., якой завешваюць вокны, уцяпляюць дзверы і якую сцелюць на падлогу. Каля парога ў сталоўцы была паслана мата з саломы — выціраць ногі. Колас. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго пасунулі да самага стала, насупраць завешанага саламянай матай акна. Шамякін.

[Гал. і англ. mat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)