ПА́ВУШКІН (Яраслаў Міхайлавіч) (8.11.1913, Масква — 2.7.1996),
бел. і расійскі хімік-арганік. Акад.АН Беларусі (1970), д-ртэхн.н. (1948), праф. (1949). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал.ін-т (1938). З 1945 у Ін-це нафтахім. і газавай прам-сці (Масква). З 1970 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (заг. аддзела). З 1974 у Ін-це гаручых выкапняў (Масква). Навук. працы па нафтахім. сінтэзе паліва і спец. відаў палімераў, хіміі рэактыўнага паліва, тэрмічным ператварэнні вуглевадародаў. Адкрыў рэакцыю алкіліравання араматычных вуглевадародаў алефінамі. Распрацаваў новыя метады сінтэзу шмат’ядз. араматычных поліамінаў і поліфенолаў.
Тв.:
Нефтехимическая наука и промышленность. Мн., 1972;
Жидкие и твердые химические ракетные топлива. М., 1978;
Технология нефтехимического синтеза. 2 изд. М., 1985 (разам з С.В.Адэльсон, Т.П.Вішняковай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́ЕВА (Галавачова) Аўдоцця Якаўлеўна
(12.8.1820, С.-Пецярбург — 11.4.1893),
руская пісьменніца. Жонка І. І.Панаева, у 1846—62 грамадз. жонка М.А.Някрасава. У 1847—62 актыўна ўдзельнічала ў рабоце рэдакцыі час.«Современник». Першы твор — аўтабіягр. аповесць «Сям’я Тальнікавых» (1848, забаронена; новае выд. 1928). Раманы «Тры краіны свету» (1848—49) і «Мёртвае возера» (1851) напісаны разам з Някрасавым. У апавяданнях, аповесцях «Стэпавая паненка» (1855), «Хатняе пекла» (1857), «Раман у пецярбургскім паўсвеце» (1860), раманах «Дробязі жыцця» (1854), «Рускія ў Італіі» (1858), «Жаночая доля» (1862) і інш. зварот да актуальных праблем грамадскага жыцця, пытанняў сямейнага і сац. становішча жанчыны, праблем выхавання, кахання і шлюбу. Кн. «Успаміны» (1890) пра літ. жыццё 1840—60-х г. Да П. звернуты многія лірычныя вершы Някрасава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЕТ ((Paneth) Фрыдрых Адольф) (31.8.1887, Вена — 17.9.1958),
нямецкі хімік, адзін з пачынальнікаў радыехіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Вучыўся ва ун-тах Мюнхена, Глазга і Вены (д-р філасофіі, 1910). У 1912—18 у Ін-це радыю ў Вене, з 1919 выкладаў у розных ун-тах Еўропы, з 1933 у Вялікабрытаніі. З 1953 дырэктар Ін-та хіміі М.Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па радыехіміі, геахіміі, даследаванні метэарытаў. Прапанаваў метад ізатопных індыкатараў (разам з Дз.Хевешы, 1913). Сфармуляваў правіла суасаджэння радыеактыўных элементаў (правіла Фаянса — П.). Устанавіў абс. ўзрост метэарытаў, з дапамогай распрацаванага ім метаду вызначэння колькасці гелію ў іх. Атрымаў і ідэнтыфікаваў свабодныя метыльныя радыкалы (1929).
Літ.:
Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНКО́Ў (Аляксандр Альбертавіч) (н. 1.2.1953, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне фізікі высокіх энергій. Д-ртэхн.н. (1994), праф. (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1976) і працаваў у ім. З 1983 у Гомельскім тэхн. ун-це імя П.В.Сухога. Навук. працы па фенаменалагічным аналізе прадказання электраслабай тэорыі элементарных часціц, па пошуку новых фіз. аб’ектаў і з’яў нестандартнай фізікі на электрон-пазітронных і адронных калайдэрах.
Тв.:
О новой возможности исследования эффектов дополнительных калибровочных Ζ′-бозонов в процессе e+e− → l+l− на установке TRISTAN (разам з І.С.Сацункевічам) // Ядерная физика. 1988. Т. 47, вып. 5;
0 механизме усиления эффектов новой физики в процессе e+e− → W+W− // Там жа. 1992. Т. 55, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУХО́Ў (Міхаіл Іванавіч) (н. 7.4.1958, г. Сураж Бранскай вобл., Расія),
бел. юрыст, грамадскі дзеяч. Д-рюрыд.н. (1993), праф. (1997). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1985 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. З 1994 член Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва. Навук. працы па канстытуцыйным праве, праблемах судаводства, грамадз. супольнасці і правоў чалавека. Адзін з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Беларусі.
Тв.:
Оправдание подсудимого. Мн. 1985;
Реабилитация невиновных: Основы правового ин-та. Мн., 1993;
Конституционное право: Энцикл. словарь. Мн., 1996 (разам з В.Г.Ціхінем);
Гражданские инициативы и защита прав граждан. Мн., 1998 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́НІН (Рыгор Мікалаевіч) (4.10.1835, пас. Ямышэўскі Паўладарскай вобл., Казахстан — 30.6.1920),
расійскі географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі. Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1852), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1859—62). За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях сасланы ў Сібір. У 1863—64 прымаў удзел у экспедыцыі на воз. Зайсан і хр. Тарбагатай. У 1876—77 і 1879—80 кіраваў экспедыцыямі ў паўн.зах. Манголію і Тыву, у 1884—86 і 1892—93 — у паўн. Кітай, усх. Тыбет і Цэнтр. Манголію і ў 1899 — на Вял. Хінган. Разам з жонкай А.В.Патанінай сабраў звесткі па геаграфіі, геалогіі, эканоміцы, этнаграфіі маладаследаваных тэр.Цэнтр. Азіі. Вял. залаты медаль Рус.геагр.т-ва (1886). Яго імем наз. адзін з хрыбтоў Наньшаня і ледавік на Алтаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас.р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн.г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б.ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл.Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КУЛЕЎ (Анатоль Цімафеевіч) (10.10.1931, ст. Глазуноўская Валгаградскай вобл., Расія —27.8.1993),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Д-рбіял.н. (1971), праф. (1972). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Валгаградскі мед.ін-т (1955). З 1961 у БДУ (з 1964 заг. кафедры). Навук. працы па біяхім. механізмах дзеяння іанізавальнай радыяцыі, камбінаваным уплыве фіз. і хім. фактараў на абмен рэчываў чалавека і жывёл, распрацоўцы лек. прэпаратаў з радыепратэктарным і антыаксідантным дзеяннем.
Тв.:
Роль надпочечников в биохимических сдвигах при действии малых доз ионизирующей радиации. Мн., 1969 (у сааўт.);
Метаболические сдвиги в митохондриях облученного организма, связанные с циклом трикарбоновых кислот. Мн., 1977 (разам з Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайцам).
Да арт.Піктаграфічнае пісьмо. Піктаграфічны расказ эскімоса пра ўдалае паляванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),
род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗЕАДЫ́М (лац. Praseodymium),
Pr, хімічны элемент III гр.перыяд. сістэмы, ат. н. 59, ат.м. 140, 9077, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 141 Pr. У зямной кары 7∙10−4% па масе. Адкрыты разам з неадымам, назва ад грэч. prasios — светла-зялёны (большасць солей П. маюць такую афарбоўку) і didymys — блізня, двайнік.
Метал светла-шэрага колеру, tпл 932 °C, шчыльн. 6780 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем (павольна), з салянай, азотнай і сернай к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам (пры пакаёвай т-ры паглынае яго). Метал. П. атрымліваюць пераважна электролізам расплаву трыхларыду Выкарыстоўваюць як кампанент міш-металу, магн. сплаваў з кобальтам і нікелем, легіруючую дабаўку да сталі і інш. сплаваў, аксіды — пігменты для каляровага шкла, маст. керамікі.