КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),

асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.

Т.​І.​Адула.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),

старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял. пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш. Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТАЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,

адно з найгалоўнейшых біял. абагульненняў, у адпаведнасці з якім усе арганізмы маюць клетачную будову. Сфармулявана Т.Шванам (1839), які паказаў агульны прынцып будовы і росту тканак жывёл і раслін. Клеткаасн. адзінка жыццядзейнасці, структуры і функцыі і найменшая элементарная часцінка, якая валодае характэрнымі асаблівасцямі жывога. Новыя клеткі ўзнікаюць толькі ад дзялення раней існуючых. Важныя кампаненты клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі), працэсы іх сінтэзу і ператварэнняў універсальныя і падобныя ў клетак усіх жывых сістэм. Асн. будова клеткі прынцыпова падобная ў эўкарыётаў (маюць ядро) і пракарыётаў (не маюць ядра). Даказана агульнасць клетачных арганоідаў у жывёл і раслін. Сучасная К.т. разглядае шматклетачны арганізм як складаную інтэграваную сістэму, для якой характэрны новыя спецыфічныя рысы. Цэласнасць арганізма складаецца з актыўнасці і ўзаемадзеяння асобных клетачных адзінак, якое ў жывёл ажыццяўляецца нервовай і гумаральнай рэгуляцыяй, а ў раслін — непасрэднай цытаплазматычнай сувяззю клетак.

Літ.:

Вермель Е.М. История учения о клетке. М., 1970;

Митникова Л.В. Философские проблемы биологии клетки: (Гносеол. аспект). Л., 1980.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЕАКУ́СТЫКА,

раздзел акустыкі, у якім вывучаюцца заканамернасці распаўсюджвання і ўзаемадзеяння акустычных хваль у крышталях. Заканамернасці К., абумоўлены анізатрапіяй уласцівасцей асяроддзя (найперш пругкіх уласцівасцей). Сфарміравалася на аснове даследаванняў пругкіх хваль у цвёрдых целах і развіцця метадаў узбуджэння і прыёму ультрагукавых хваль. Цесна звязана з лазернай фізікай, нелінейнай акустыкай, акустаэлектронікай, акустаоптыкай.

У крышталях, у адрозненне ад ізатропнага асяроддзя, скорасць распаўсюджвання хваль залежыць ад напрамку. Напрамак распаўсюджвання і пераносу энергіі нахілены да хвалевага фронту (за выключэннем асобных напрамкаў, напр., восей і плоскасцей сіметрыі і акустычных восей). Пругкія плоскія хвалі пры адсутнасці гіратрапіі лінейна палярызаваныя — ваганні часціц асяроддзя адбываюцца толькі ўздоўж пэўных напрамкаў адносна напрамку распаўсюджвання хваль. Хвалі сціскання — разрэджвання і зрушэння з’яўляюцца адпаведна квазіпадоўжнымі і квазіпапярочнымі і, апроч таго, хвалі зрушэння расшчапляюцца на 2 квазіпапярочныя хвалі, якія распаўсюджваюцца з рознымі скарасцямі. К. з’яўляецца асновай для стварэння тэхн. прылад і сістэм для даследавання ўласцівасцей асяроддзяў і практычнага выкарыстання анізатрапіі і ультрагуку.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬ МАГНІ́ТНЫ,

гіпатэтычны фіз. аб’ект, які некат. сваімі ўласцівасцямі нагадвае ізаляваны магн. полюс. Існаванне М.м. парушае інварыянтнасць адносна адлюстравання прасторы і абарачэння часу, дазваляе растлумачыць дыскрэтнасць эл. зараду, пабудаваць мадэль канфайнменту кваркаў (існаванне іх толькі ў звязаным стане), прадказаць імавернасць распаду пратона, і шэраг інш., у т. л. касмалагічных, эфектаў.

Адпавядае аднайм. тапалагічна-нетрывіяльнаму рашэнню ўраўненняў калібровачнай тэорыі поля. У лінейнай тэорыі манапольныя рашэнні пабудаваны П.Дзіракам (1931, 1948), у нелінейнай — незалежна рас. вучоным А.​М.​Паляковым і галандскім вучоным Г.​Хоафтам (1974). Эфектыўныя манапольныя канфігурацыі адыгрываюць істотную ролю ў параметрычнай дынаміцы класічных і квантавых сістэм. Пошук М.м. вядзецца ва ўсіх тэхн. дасягальных інтэрвалах адлегласцей і энергій.

Літ.:

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;

Shnir Ya.M., Tolkachev E.A., Tomil’chik L.M. P-violating magnetic monopole influence on the behaviour of the atom-like System in external fields // International Journal of Modem Physics A. 1992. Vol. 7, № 16.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭ́НЬ ((Montaigne) Мішэль дэ) (28.2. 1533, Сен-Мішэль-дэ-Мантэнь, каля г. Бардо, Францыя — 13.9.1592),

французскі філосаф і пісьменнік. У асн. літ.-філас. творы «Вопыты» (кн. 1—3, 1580—88) развіваў сістэму скептыцызму, накіраваную супраць сярэдневяковай схаластыкі. Дапускаў існаванне Бога, сцвярджаў бяссілле розуму ў тлумачэнні звышнатуральнага і выкарыстанне яго толькі ў чалавечых справах, адмаўляў бяссмерце душы і пасмяротнае ўшанаванне. Высмейваў веру ў цуды і патрабаваў прычыннага тлумачэння ўсіх з’яў, падкрэсліваў універсальнасць законаў аб’ектыўнага свету. адстойваў свабоду сумлення. Яму належыць шэраг прагрэс. ідэй у педагогіцы. Паўплываў на развіццё матэрыялізму і атэізму ў Францыі і па-за яе межамі. Яго ідэі прадаўжалі П.​Гасендзі, Р.​Дэкарт, П.​Бейль, Вальтэр, Ж.​Ж.​Русо, франц. матэрыялісты 18 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Опыты. Кн. 1—3. СПб., 1998.

Літ.:

Большаков В.П. Монтень — великий гуманист эпохи Возрождения. М., 1983;

Комарова В.П. Шекспир и Монтень. Л., 1983.

В.​В.​Краснова.

А.Мантэнья. Размалёўка алтара Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне. 1457—59.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭНАДАРА́Н, Інстытут старажытных рукапісаў «Матэнадаран» імя Месропа Маштоца,

найбуйнейшае ў свеце сховішча старажытнаарм. рукапісаў і н.-д. ін-т у Ерэване. Створаны на базе нацыяналізаванай у 1920 калекцыі рукапісаў Эчміядзінскага манастыра. У яго фондах каля 13 тыс. стараж.-арм. манускрыптаў, больш за 100 тыс. стараж. архіўных дакументаў, каля 2000 рукапісаў на араб., перс. і інш. мовах. У М. зберагаюцца рукапісы 5—18 ст., унікальная калекцыя першадрукаваных і стараж.-арм. кніг 16—18 ст., творы стараж. і сярэдневяковых арм. гісторыкаў, пісьменнікаў, філосафаў, матэматыкаў, географаў, урачоў; пераклады прац стараж.-грэч., сірыйскіх, араб. і лац. вучоных, у т. л. шэраг твораў, якія захаваліся толькі ў стараж.-арм. перакладах 5—7 ст. («Хроніка» Яўсея Кесарыйскага, 7 філас. трактатаў Філона Яўрэя і інш.). Шмат рукапісаў маюць вял. мастацкую каштоўнасць (напр., «Лазараўскае евангелле», 887, «Эчміядзінскае евангелле», 989, «Евангелле Мугні», 11 ст.). У М. вядзецца н.-д. работа, у яго музеі экспануюцца лепшыя ўзоры стараж.-арм. пісьменства і мініяцюры.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕСК,

у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).

Літ.:

Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.

А.​М.​Ненадавец.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.​Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.​Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

від дагавора міжнароднага, якім юрыдычна замацоўваецца спыненне становішча вайны і аднаўленне мірных адносін паміж ваюючымі дзяржавамі. Як правіла, уключае пастанову аб спыненні ваен. дзеянняў і становішча вайны, урэгуляванні тэр. пытанняў, пакрыцці страт, нанесеных вайной, вяртанні ваеннапалонных, адказнасці ваен. злачынцаў, лёсу заключаных да вайны дагавораў і пагадненняў і г.д. Можа быць прэлімінарны (папярэдні) або канчатковы, агульны (яго ўдзельнікі — усе ваяваўшыя дзяржавы) або сепаратны (дагавор заключаны толькі паміж некаторымі з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне). Змест М.д. вызначаецца характарам вайны, якая папярэднічала яму. Напр., Парыжскія М.д. 1947 паміж дзяржавамі — пераможцамі ў 2-й сусв. вайне і былымі саюзнікамі фаш. Германіі ў Еўропе — з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй — пабудаваны на дэмакр. і справядлівых прынцыпах, якія з’явіліся выяўленнем вызв. характару 2-й сусв. вайны. М.д. 1947 аднолькавыя па сваёй структуры і складаюцца з 8 асн. раздзелаў: прэамбулы, тэр., паліт., ваен., эканам. пастаноў, раздзелаў адносна вываду войск, рэпарацый і рэстытуцый. Адсутнасць М.д. паміж дзяржавамі не азначае наяўнасці становішча вайны.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)