12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел.нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».
Літ.:
Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.
І.П.Хаўратовіч.
Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),
дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.Астроўскі (прэзідэнт), М.Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.Кушаль (вайсковыя справы), С.Кандыбовіч (фінансы), А.Калубовіч (справы культуры), П.Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.Калядка (лясная гаспадарка), С.Станкевіч (прафес. справы), А.Скурат (школьныя справы), П.Орса (сельская гаспадарка), Н.Абрамава, М.Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ РЭЛІ́ГІІ.
Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал. знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук.б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.
Л.А.Карнілава.
Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЗМ,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria),
штат на ПдУ Аўстраліі. Пл. 227,6 тыс.км². Нас. 4468,3 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Мельбурн. На Пд Аўстралійскія Альпы з вяршынямі да 2 тыс.м акаймоўваюць вузкую паласу ўрадлівай берагавой раўніны з субтрапічным кліматам і вечназялёнай расліннасцю. На паўд. і паўд.-ўсх. схілах гор (ападкаў 2000 мм за год) — густыя вечназялёныя лясы, на паўн. схілах, больш засушлівых, — паркавыя лясы, якія на Пн змяняюцца сухімі стэпамі. На Пн і ПнЗ — алювіяльная раўніна р. Мурэй (Мары) са стэпавай, часткова паўпустыннай расліннасцю. Вікторыя — другі па эканам. значэнні (пасля Новага Паўднёвага Уэльса) штат краіны. Здабыча бурага вугалю, у прыбярэжных водах — нафты і прыроднага газу. Буйныя ЦЭЦ, а таксама некалькі значных ГЭС (на У у Снежных гарах). Развіта металаапр., маш.-буд., хім., нафтаперапр., авіяц.прам-сць, з галін лёгкай прам-сці — абутковая, швейная, шарсцяная, а таксама харч. (вінаробчая, кансервавая, масларобчая і інш.). Асн.прамысл. цэнтры — Мельбурн, Джыланг, Баларат, Бендыга. Гал.с.-г.культуры: пшаніца, авёс, ячмень, бульба. Вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля малочная і мяса-воўнавая. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Вытв-сць на экспарт масла, сыроў, мяса, шэрсці. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Важнейшыя парты Мельбурн і Джыланг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА АКВАРЭ́ЛІ,
мастацкая школа ў Віцебску. Пачала складвацца на пач. 1950-х г. Характэрныя рысы — засяроджанасць на выяўленні жывапісных якасцей акварэлі, праблеме каларыту, сувязь з традыцыямі мясц.культуры. Каля вытокаў Віцебскай школы акварэлі стаяў І.Сталяроў. У фарміраванне яе традыцый зрабілі ўклад мастакі Ф.Гумен, А.Карпан, М.Ляўковіч, В.Ляховіч, В.Ральцэвіч, А.Кастагрыз, І.Шкуратаў. У традыцыях Віцебскай школы акварэлі мастакі працавалі і працуюць у розных манерах, кірунках (Л.Воранава, М.Драненка, У.Іваноў, І.Кісялёў, В.Лук’янава, У.Напрэенка, Я.Панамарэнка, Р.Танковіч, Г.Шутаў, А.Шыёнак і інш.). У 1995 створана суполка «Віцебская акварэль», якая аб’ядноўвае найб. вядомых прадстаўнікоў школы.
Літ.:
Цыбульскі М. Акварэльная аўра Віцебска // Беларусь. 1995. № II;
Рынковіч У. І лёд, і полымя // Мастацтва. 1995. № Ю. М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Віцебская школа акварэлі. А.Шыёнак. Веснавы разліў. 1996.Да арт.Віцебская школа акварэлі. В.Ральцэвіч. Віцебск. 1985.Да арт.Віцебская школа акварэлі. І.Сталяроў. Навальнічныя воблакі. 1985.Да арт.Віцебская школа акварэлі. Ф.Гумен. Сонца над горадам. 1996.Да арт.Віцебская школа акварэлі. Г.Шутаў. Маятнік. 1995.Да арт.Віцебская школа акварэлі. А.Карпан. Нацюрморт. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Cerasus),
род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн. Амерыцы. У культурынайб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.
Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны C, групы B. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБІВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. ambo абодва + valentia сіла),
дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейц. псіхіятр Э.Блейлер для вызначэння супярэчлівага псіх. стану. Рас.літ.-знавец М.Бахцін надаў яму значэнне эстэт. паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў нар. і неафіц. культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, нар. мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрны для бел. і інш. архаічнай міфалогіі, сінкрэтычнай творчасці з нявыяўленай дыферэнцыяцыяй эстэт. катэгорый-апазіцый (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалентныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.Рабле, М.Сервантэса, М.Гогаля, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы. У класічным мастацтве і бел.нац. фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны маст. сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, нар. тэатры, прыказках і прымаўках, літ.-маст. травестацыях і пародыях (польска-бел. камедыі, інтэрмедыі 17—18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве праяўляецца ў сатыр. жанрах (у творах А.Макаёнка, ананімнай паэме «Сказ пра Лысую гару»), цыркавой клаунадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Антон) (н. 26.6.1909, Мінск),
гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл.Цэнтр. рады Бел.нар. самапомачы, прэзідыума Бел.навук.т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).