КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц. гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял. Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎТУ́Н (Валерый Пятровіч) (н. 22.10.1944, г Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна),

украінскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1965). З 1965 у Т-ры імя Лысенкі (Харкаў), з 1968 саліст, з 1985 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Т.​Шаўчэнкі (Кіеў). Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Дафніс, Юнак («Дафніс і Хлоя», «Балеро» М.​Равеля), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Лукаш («Лясная песня» М.​Скарульскага), Дон Жуан («Каменны валадар» В.​Губарэнкі). Сярод пастановак балет «Шчаўкунок» Чайкоўскага (1986). Прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1970, Балгарыя) і Маскве (1973), прэмія імя В.​Ніжынскага (1977, Парыж). Дзярж. прэмія Украіны 1986.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́БРЫК (Яўген Адольфавіч) (21.2.1906, г. Вазнясенск Мікалаеўскай вобл., Украіна —16.7.1978),

расійскі графік. Нар. маст. СССР (1967). Правадз. чл. АМ СССР (1962). Вучыўся ў Адэскім ін-це выяўл. мастацтваў (1922—25) і Ленінградскай АМ (1925—27). Чл. групы «Майстры аналітычнага мастацтва» (1926—30). З 1953 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це (з 1954 праф.). Майстар ілюстрацыі: «Падпаручнік Кіжэ» Ю.​Тынянава (1930), «Кала Бруньён» (1934—36) і «Зачараваная душа» (1940—41) Р.​Ралана, «Легенда пра Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра (1937—38), «Тарас Бульба» М.​Гогаля (1943—45), «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна (1959—64) і інш. Працаваў у станковай графіцы (серыя малюнкаў «Сталінград», 1943, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1948.

Я.Кібрык. Ілюстрацыя да аповесці «Кала Бруньён» Р.​Ралана. 1934—36.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Сяргей Аляксеевіч) (н. 10.3.1937, в. Каручхоз Шкотаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. і рас. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1972), праф. (1975). Скончыў Маскоўскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1959). З 1966 у Ін-це нар. гаспадаркі ў Іркуцку. У 1973—90 у Гомельскім дзярж. ун-це. З 1991 у Расійскай інж. акадэміі менеджменту і аграбізнесу. Даследуе праблемы арганізацыі павышэння эфектыўнасці вытв-сці. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па планаванні, кіраванні і маркетынгу.

Тв.:

Плановые расчеты на промышленных предприятиях. Иркутск, 1971 (разам з П.​С.​Пушкшым);

Научная организация труда на конвейерных потоках обувных фабрик. М., 1972 (разам з В.​А.​Уразавым);

Совершенствование управления производством в легкой промышленности. М., 1985 (з ім жа).

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМО́ВІЧ (Адольф) (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),

бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел. хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял. Айч. вайну ў Бел. нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел. культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧАНЮ́К ((Crucenyk) Пётр Аксенцьевіч) (12.7.1917, с. Плоць Рыбніцкага р-на, Малдова — 3.1.1988),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Скончыў Літаратурны ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1958). Пісаў на малд. і рус. мовах. Першы паэт. зб-к «У промнях жыцця» (1939). У кнігах паэзіі «Франтавыя вершы» (1942), «Жывая крыніца» (1953), «Вяшчун вясны» (1967), «Чалавечнасць» (1978), «Слова і хлеб» (1982) і інш. паэтызацыя подзвігу народа ў гады Вял. Айч. вайны, асэнсаванне маральна-этычных і сац.-філас. праблем сучаснасці. Аўтар кніг публіцыстыкі «З роду ў род» (1960), «Колас і меч», прозы — «Залпы» (абедзве 1970). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, А.​Бачыла, В.​Коўтун, В.​Шымук.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихи. М., 1984.

П.А.Кручанюк.

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШАЛЬНІ́ЦКІ (Мар’ян Міхайлавіч) (18.4.1897, с. Пілява Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.4.1963),

украінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). З 1920 працаваў пераважна ў Кіеўскім укр. драм. т-ры імя І.​Франко (з 1954 гал. рэжысёр) і Харкаўскім укр. драм. т-ры імя Т.​Шаўчэнкі (у 1933—52 маст. кіраўнік). Выкладаў у Харкаўскім (1947—52) і Кіеўскім (у 1952—63 праф.) тэатр. ін-тах. Сярод роляў: Іван («Дай сэрцу волю...» М.​Крапіўніцкага), Баруля («Мартын Баруля» І.​Карпенкі-Карага), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. Паставіў спектаклі «Яраслаў Мудры» (паводле І.​Качаргі, 1947), «Багдан Хмяльніцкі» (паводле К.​Данькевіча, 1953) і інш. З 1926 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КТО́РАЎ (Анатоль Пятровіч) (24.4.1898, Масква — 30.9.1980),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Працаваў у Маскве (з 1917) у т-ры імя В.​Ф.​Камісаржэўскай, з 1920 у т-ры Корша, з 1933 у МХАТ. Мастацтву К. былі ўласцівы завершанасць пластычнага малюнка ролі, абаяльнасць, элегантнасць, тонкі гумар. Майстар вострахарактарных роляў. Сярод лепшых работ у МХАТ: Сэм Уэлер («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Джозеф («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), Како («Плады асветы» Л.​Талстога), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Суслаў, Мікалай Скарабагатаў («Дачнікі», «Ворагі» М.​Горкага). Здымаўся ў кіно: «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Свята святога Іаргена» (1930), «Беспасажніца» (1937), «Вайна і мір» (1966—67), «Пасол Савецкага Саюза» (1970) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,

група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.​Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.

Літ.:

Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;

Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],

1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.

2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.

3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл. Рымская курыя).

4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)