ПАСТАРНА́К (Барыс Леанідавіч) (10.2.1890, Масква — 30.5.1960),
рускі пісьменнік. Сын Л.В.Пастарнака. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1912) у Т.Когена. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Друкаваўся з 1913. Першы зб. вершаў — «Блізня ў хмарах» (1914). Уваходзіў у літ. групу «ўмераных» футурыстаў «Цэнтрыфуга», у ЛЕФ (да 1927). У ’паэт. зб-ках «Паверх бар’ераў» (1917), «Сястра мая — жыццё» (1922), «Тэмы і варыяцыі» (1923), «Другое нараджэнне» (1932), «На ранніх цягніках» (1943), цыкле вершаў «Калі разгуляецца» (нагі. 1956—59) філас. роздум пра «вечныя» тэмы: жыццё і смерць, сэнс чалавечага існавання, вера і нявер’е, прырода, каханне, лёс паэта, мастацтва, культура. Паэзіі П. ўласцівы метафарычнасць, асацыятыўнасць, парушэнне звыклых сінтакс. сувязей, дынамічнасць, жывапіснасць, музычнасць. Раман «Доктар Жывага» (апубл. за мяжой 1957, у Расіі 1988; Нобелеўская прэмія 1958, ад якой П. пад пагрозай высылкі з СССР адмовіўся; дыплом уручаны яго сыну ў 1990; экранізаваны ў 1965, рэж. Д.Лін) пра лёс рас. інтэлігенцыі ў пераломную эпоху. У цыкле «Вершы Юрыя Жывага», змешчаным у канцы рамана, асэнсаванне гісторыі чалавецтва ў святле хрысціянскага ідэалу. Аўтар паэм «Дзевяцьсот пяты год» (1925—26, цалкам апубл. 1927), рамана ў вершах «Спектарскі» (1931), кн. прозы «Паветраныя пуцявіны» (1933), аўтабіягр.кн. «Ахоўная грамата» (1931), п’есы «Сляпая прыгажуня» (апубл. 1969, незавершана), рэцэнзій на кнігі М.Асеева, Г.Ахматавай, У.Маякоўскага, артыкулаў па праблемах перакладу і інш. Майстар паэт. перакладу (трагедыі У.Шэкспіра, 2 часткі «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Дж.Байрана, П.Верлена, Р.М.Рыльке, Р.Тагора, Т.Шаўчэнкі, груз. паэтаў і інш.). У 1936 выступіў на 3-м пленуме Саюза сав. пісьменнікаў у Мінску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, А.Александровічам, высока ацэньваў іх творчасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.Аколава, Р.Барадулін, Ю.Свірка, апавяданне «Паветраныя пуцявіны» М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́,
графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧЭ́ТА (Уладзімір Іванавіч) (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),
бел. гісторык-славіст. Акад.АНБССР (1928), АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-рн. (1918), засл.праф.Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав.Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел.навук.-культ.т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел.нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АНБССР, архіўнай справы ў БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АНСССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АНСССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.
Тв.:
История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;
Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.:
Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.И.Пичеты. М., 1978;
Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;
В.И.Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;
Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;
Иоффе Э.Г. Академик В.И.Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НІЗІ́НА.
На Пн Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобл. Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я); паўд,зах.ч. П.н. ўздоўж р. Дзісна вядома як — Дзісенская нізіна. Мяжуе з Браслаўскай градой на 3, Латгальскім узв. на ПнЗ, Нешчардаўскім, Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі на ПнУ і У, Чашніцкай раўнінай і Свянцянскімі градамі на Пд, Ушацка-Лепельскім узв. на Пд і ПдЗ, заходзіць на тэр. Літвы і Латвіі. Выш. 130—140 м, у краявых частках да 160 м. Пл. каля 8,5 тыс.км², працягласць з ПдЗ на ПнУ да 200 км, з Пн на Пд 40—80 км.
Прымеркавана да тэктанічных структур: Вілейскага пахаванага выступу, Прыаршанскай монакліналі, Латвійскай седлавіны. Платформавы чахол складзены з пратэразойскіх і палеазойскіх комплексаў парод. Дэвонскія адклады ўсюды падсцілаюць антрапагенавую тоўшчу, а ў даліне р. Сар’янка выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча (40—100 м) складзена з адкладаў дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення ўтварылася вял. прыледавіковае Полацкае возера, дзе намнажаліся гліны і алеўрыт, ’тонка- і дробназярністыя пяскі, жвірова-галечны матэрыял. Развіццё рачной сеткі прывяло да спуску вадаёма і ўтварэння на яго месцы ўвагнутай азёрна-ледавіковай нізіны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пясок, даламіт, торф, мінер. воды.
Рэльеф сучаснай нізіны пласкахвалісты і спадзістахвалісты, ускладнены астанцамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі, дзюнамі. Паверхня слабапарэзана рачнымі далінамі, лагчынамі сцёку талых ледавіковых вод. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна з прытокамі Ужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль, Дзісна. Найб. азёры: Лісна, Ельня, Чарвятка, Ілава, Мёрскае. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C; ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя, глеістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя (алювіяльныя). Пад лесам 34% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы, участкамі захаваліся дубровы (на правым беразе Дзісны, у вярхоўях Паловіцы, Бярозаўкі), у катлавінах чорнаальховыя. на ўзлесках і курцінах сярод палёў шэраальховыя. Б.ч. карэнных хваёвых і яловых лясоў змянілася бародаўчатабярозавымі і асінавымі лясамі. Балоты нізінныя і верхавыя; найб. Ельня, Обаль-2, Стрэчна, Дабееўскі Мох. Пашыраны лугі. Пад ворывам 35% тэрыторыі. На П.н. заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Ельня, ландшафтны Казьянскі (да 1999 біялагічны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЯШЧЭ́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
геаграфічнае размеркаванне рэчавых кампанентаў галін нар. гаспадаркі, якія вырабляюць тавары (прамысловасць, сельская гаспадарка, буд-ва і інш.). У розныя перыяды развіцця чалавецтва мела свае адметныя рысы, бо ў кожную гіст.эпоху дзейнічалі розныя эканам. законы і спецыфічная сістэма тэр. арганізацыі грамадскай вытв-сці. На характар Р.в. ўплываюць тэр.падзел працы, выкарыстанне прыродных і прац. рэсурсаў, гасп. сувязі паміж краінамі і ўнутры іх. Ва ўмовах рыначнай эканомікі гал. заканамернасцямі Р.в. з’яўляюцца: рэгуляванне і прапарцыянальнае размеркаванне, якое заключаецца ў аптымізацыі тэр. прапорцый развіцця; рацыянальнае размяшчэнне, што дае магчымасць эканоміць грамадскія затраты на вытв-сць прадукцыі; комплекснае размяшчэнне, звязанае з развіццём на пэўнай тэрыторыі групы ўзаемазвязаных галін вытв-сці (спецыялізаваных, дапаможных і абслуговых). Асн. прынцып размяшчэння — набліжэнне вытв-сці да крыніц сыравіны, электраэнергіі, паліва і спажыўца.
На размяшчэнне канкрэтных галін вытв-сці значна ўплываюць арганізацыйна-эканам. фактары (канцэнтрацыя, спецыялізацыя, каапераванне і камбінаванне), прыродныя ўмовы і рэсурсы (іх уплыў асабліва моцны на размяшчэнне сельскай гаспадаркі і здабыўной прам-сці), сац.-эканамічныя фактары (эканоміка-геагр. становішча, навук. і вытв. патэнцыял, насельніцтва і прац. рэсурсы, трансп. спажывецкі, экалагічны, абароны, знешняй палітыкі і інш.). Ад Р.в. ў вял. ступені залежаць эканам. паказчыкі розных галін прам-сці.
На Беларусі ў 20 ст. створаны і развіваецца даволі магутны вытв. комплекс, які ўключае разнастайныя галіны прамысл. вытв-сці, шматгаліновую сельскую гаспадарку і буд-ва. У даваенныя гады прам-сцьнайб. хутка развівалася ў буйных цэнтрах — Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, у пасляваенныя у Гродне, Брэсце, Баранавічах, Пінску, пабудаваны Наваполацк, Салігорск, Жодзіна, Светлагорск і інш. На змены ў размяшчэнні прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі паўплывала асваенне Палескай нізіны. Буд. комплекс выконвае ўсе віды работ прамысл. і грамадз.буд-ва. Р.в. ў канцы 20 — пач. 21 ст. звязана з правядзеннем рэгіянальнай палітыкі, важнейшымі кірункамі якой у 2001—2005 павінны стаць: падтрымка структурных пераўтварэнняў у сферы вытв-сці, якія б забяспечылі ўмацаванне рэсурсна-фінансавага патэнцыялу тэрыторый, зніжэнне іх залежнасці ад знешніх рэсурсаў; эфектыўнае выкарыстанне ўнутр. магчымасцей рэгіёнаў, стымуляванне стварэння новых рабочых месцаў у рэгіёнах, якія маюць вял. ўзровень беспрацоўя; садзейнічанне развіццю тэрыторый, што знаходзяцца ў больш складаных сац.-эканам. і экалагічных умовах, у т. л. тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; развіццё сістэм вытв. і сац. інфраструктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр.смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск.smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш.smldí, smldník ‘тс’, славен.smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв.чак.smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл.*smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е.*smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ.smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен.smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус.желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр.мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ.meldà, méldas ‘чарот’, лат.męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е.*mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш.smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш.smldí ‘малінія’, старое польск.smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЕГІ́ПЕТСтаражытны,
старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.
Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.
Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв.номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.
У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.
У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.
Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх.ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.
Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.
Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).
Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э.паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл.Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э.Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.
Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт.Егіпталогія.
Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.
Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб.стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн.буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.
Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.
Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.
Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.
Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл.Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпохуСтараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст.н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст.араб.л-ра.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э.Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўка індывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.
Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпохуСтараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.
Літ.:
Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;
Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ.М., 1982;
Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр.М., 1989;
Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр.М., 1992;
Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;
Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;
Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;
Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;
Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ.М., 1958;
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;
Пер. с фр.М., 1966;
Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;
Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;
Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;
Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;
Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;
Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;
Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;
Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;
Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;
Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;
Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;
Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;
Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;
Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;
Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;
Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;
История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;
Культура Древнего Египта. М., 1976;
Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;
Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;
Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.
Дз.І.Малюгін (гісторыя), Н.К.Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).
Да арт.Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.Да арт.Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.Да арт.Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРО́ЖЖАў літаратуры,
1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.Байран, Г.Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.Растан) апісанні П.
2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.
3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).
4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпохуВял.геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.Рабле, М.Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.Мора, Т.Кампанелы, С.Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.Кук, Ж.Лаперуз, В.Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Т.Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.В.Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.Л.Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.Смуула (1958) і інш.Вял. папулярнасць маюць дакумент.літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.І.Кусто, Б.Зянковіч і інш.).
У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.К.Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.Старавольскага, Г.Пельгрымоўскага, І.Б.Сапегі, І.Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.Барстоўскага, А.Каменскага-Длужыка, Ф.Котава, Т.Білевіча, у 18 ст. — Я.Сапегі, Я.Комара, Л.Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.П.Сапегі, С.Маскевіча, А.Філіповіча, Я.Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.Ельскага (1898), мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Ягож. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;
Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,
умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст.эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.
Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.Байрана, П.Б.Шэлі, М.Агарова, Т.Шаўчэнкі, Ф.Ліста, А.Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.А.Моцарта, апавяданне Э.Т.А.Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.В.Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.
Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г.найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа).
Літ.:
Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.