ПАСТАРНА́К Барыс Леанідавіч (10.2.1890, Масква — 30.5.1960),
рускі пісьменнік. Сын Л.В.Пастарнака. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1912) у Т.Когена. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Друкаваўся з 1913. Першы зб. вершаў — «Блізня ў хмарах» (1914). Уваходзіў у літ. групу «ўмераных» футурыстаў «Цэнтрыфуга», у ЛЕФ (да 1927). У ’паэт. зб-ках «Паверх бар’ераў» (1917), «Сястра мая — жыццё» (1922), «Тэмы і варыяцыі» (1923), «Другое нараджэнне» (1932), «На ранніх цягніках» (1943), цыкле вершаў «Калі разгуляецца» (нагі. 1956—59) філас. роздум пра «вечныя» тэмы: жыццё і смерць, сэнс чалавечага існавання, вера і нявер’е, прырода, каханне, лёс паэта, мастацтва, культура. Паэзіі П. ўласцівы метафарычнасць, асацыятыўнасць, парушэнне звыклых сінтакс. сувязей, дынамічнасць, жывапіснасць, музычнасць. Раман «Доктар Жывага» (апубл. за мяжой 1957, у Расіі 1988; Нобелеўская прэмія 1958, ад якой П. пад пагрозай высылкі з СССР адмовіўся; дыплом уручаны яго сыну ў 1990; экранізаваны ў 1965, рэж. Д.Лін) пра лёс рас. інтэлігенцыі ў пераломную эпоху. У цыкле «Вершы Юрыя Жывага», змешчаным у канцы рамана, асэнсаванне гісторыі чалавецтва ў святле хрысціянскага ідэалу. Аўтар паэм «Дзевяцьсот пяты год» (1925—26, цалкам апубл. 1927), рамана ў вершах «Спектарскі» (1931), кн. прозы «Паветраныя пуцявіны» (1933), аўтабіягр.кн. «Ахоўная грамата» (1931), п’есы «Сляпая прыгажуня» (апубл. 1969, незавершана), рэцэнзій на кнігі М.Асеева, Г.Ахматавай, У.Маякоўскага, артыкулаў па праблемах перакладу і інш. Майстар паэт. перакладу (трагедыі У.Шэкспіра, 2 часткі «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Дж.Байрана, П.Верлена, Р.М.Рыльке, Р.Тагора, Т.Шаўчэнкі, груз. паэтаў і інш.). У 1936 выступіў на 3-м пленуме Саюза сав. пісьменнікаў у Мінску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, А.Александровічам, высока ацэньваў іх творчасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.Аколава, Р.Барадулін, Ю.Свірка, апавяданне «Паветраныя пуцявіны» М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЯШЧЭ́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
геаграфічнае размеркаванне рэчавых кампанентаў галін нар. гаспадаркі, якія вырабляюць тавары (прамысловасць, сельская гаспадарка, буд-ва і інш.). У розныя перыяды развіцця чалавецтва мела свае адметныя рысы, бо ў кожную гіст. эпоху дзейнічалі розныя эканам. законы і спецыфічная сістэма тэр. арганізацыі грамадскай вытв-сці. На характар Р.в. ўплываюць тэр.падзел працы, выкарыстанне прыродных і прац. рэсурсаў, гасп. сувязі паміж краінамі і ўнутры іх. Ва ўмовах рыначнай эканомікі гал. заканамернасцямі Р.в. з’яўляюцца: рэгуляванне і прапарцыянальнае размеркаванне, якое заключаецца ў аптымізацыі тэр. прапорцый развіцця; рацыянальнае размяшчэнне, што дае магчымасць эканоміць грамадскія затраты на вытв-сць прадукцыі; комплекснае размяшчэнне, звязанае з развіццём на пэўнай тэрыторыі групы ўзаемазвязаных галін вытв-сці (спецыялізаваных, дапаможных і абслуговых). Асн. прынцып размяшчэння — набліжэнне вытв-сці да крыніц сыравіны, электраэнергіі, паліва і спажыўца.
На размяшчэнне канкрэтных галін вытв-сці значна ўплываюць арганізацыйна-эканам. фактары (канцэнтрацыя, спецыялізацыя, каапераванне і камбінаванне), прыродныя ўмовы і рэсурсы (іх уплыў асабліва моцны на размяшчэнне сельскай гаспадаркі і здабыўной прам-сці), сац.-эканамічныя фактары (эканоміка-геагр. становішча, навук. і вытв. патэнцыял, насельніцтва і прац. рэсурсы, трансп. спажывецкі, экалагічны, абароны, знешняй палітыкі і інш.). Ад Р.в. ў вял. ступені залежаць эканам. паказчыкі розных галін прам-сці.
На Беларусі ў 20 ст. створаны і развіваецца даволі магутны вытв. комплекс, які ўключае разнастайныя галіны прамысл. вытв-сці, шматгаліновую сельскую гаспадарку і буд-ва. У даваенныя гады прам-сцьнайб. хутка развівалася ў буйных цэнтрах — Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, у пасляваенныя у Гродне, Брэсце, Баранавічах, Пінску, пабудаваны Наваполацк, Салігорск, Жодзіна, Светлагорск і інш. На змены ў размяшчэнні прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі паўплывала асваенне Палескай нізіны. Буд. комплекс выконвае ўсе віды работ прамысл. і грамадз.буд-ва. Р.в. ў канцы 20 — пач. 21 ст. звязана з правядзеннем рэгіянальнай палітыкі, важнейшымі кірункамі якой у 2001—2005 павінны стаць: падтрымка структурных пераўтварэнняў у сферы вытв-сці, якія б забяспечылі ўмацаванне рэсурсна-фінансавага патэнцыялу тэрыторый, зніжэнне іх залежнасці ад знешніх рэсурсаў; эфектыўнае выкарыстанне ўнутр. магчымасцей рэгіёнаў, стымуляванне стварэння новых рабочых месцаў у рэгіёнах, якія маюць вял. ўзровень беспрацоўя; садзейнічанне развіццю тэрыторый, што знаходзяцца ў больш складаных сац.-эканам. і экалагічных умовах, у т. л. тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; развіццё сістэм вытв. і сац. інфраструктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ АСО́БЫ,
сацыялагічная тэорыя, якая разглядае асобу як сацыяльна тыповае адлюстраванне і індывідуальнае ўвасабленне пэўнай сістэмы грамадскіх адносін і адначасова як сацыяльна-тыповы суб’ект гэтых адносін. Прадмет С.а. — вывучэнне сац.гіст. і сац.-культурных тыпаў асобы, сац.-тыповых кампанентаў яе структуры і функцый, якія рэалізуюцца індывідам. С.а. зыходзіць з таго, што ў працэсе сац.-гіст. развіцця індывід вылучыўся з родаплемянной супольнасці людзей раней, чым асоба. Адбылося гэта ў эпоху неалітычнай рэвалюцыі (8—7-е тыс. да н.э.), якая дала пачатак цывілізацыйнаму развіццю чалавецтва. Паліятыўны тып індывіда, які набываў некат. рысы асобы, склаўся пазней, прыкладна з канца 2-га тыс. да н.э. і да завяршэння таго перыяду, які К.Ясперс назваў «восевым часам» (8—2 ст. да н.э.). Сама ж асоба як сістэма сац. якасцей індывіда і суб’ект сац. дзейнасці пачынае праяўляцца спачатку ў антычнай культуры, потым у хрысціянстве. Гэты працэс завяршыўся ў эпоху Адраджэння і наступных за ёй бурж. рэвалюцый, на хвалі якіх узнікла індустр. цывілізацыя (цывілізацыя асобы). У межах гэтай цывілізацыі, паводле М.Вебера, асоба вылучаецца як самастваральны суб’ект актыўнай сац. дзейнасці. К.Маркс, З.Фрэйд, П.А.Сарокін, Т.Парсанс і інш. сацыёлагі ўстанавілі асн. кампаненты структуры асобы: самасвядомасць, самаацэнка, актыўнасць, інтарэсы, накіраванасць, перакананні, устаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, ідэнтычнасць, сац. статус, сац. ролі, самарэалізацыя, самаразвіццё. Структура асобы ў асн. абумоўлена сістэмамі дзеяння, у якія яна ўключана. Паводле Парсанса, асн. функцыі асобы — адаптацыйная, арыентацыйная, пазнавальная, ацэначная, экспектацыйная, аксіялагічная, кантралюючая, стабілізуючая, варыяцыйная, матывацыйная, камунікатыўная і інш. Спецыфічнае для кожнай асобы ўзаемадзеянне гэтых функцый і структурных кампанентаў вызначае яе магчымасць выконваць розныя сац. ролі, у даследаванне якіх пэўны ўклад зрабіў Р.Лінтан, Дж.Мід, Р.Мертан, І.Гофман і інш. Вылучаюць наступныя сац. тыпы асобы: пасіянарны, мадальны, базісны, маргінальны, мафіёзны, аўтарытарны, дэмакратычны, рэактыўны, праактыўны і інш. Асобасная тыпалагізацыя і рэалізацыя сац. характарыстык розных тыпаў асобы мае практычнае значэнне пры фарміраванні асобы, а таксама ў штодзённым жыцці чалавека.
Літ.:
Кон И.С. Социология личности. М., 1967;
Парсонс Т. Система координат действия и общая теория систем действия: культура, личность и место социальных систем // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ.М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ НАВУ́КІ, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны,
зборная назва шэрагу навук. дысцыплін, якія даследуюць асобныя аспекты гісторыі грамадства, тэорыі і метадалогіі гіст. навукі, агульныя і канкрэтныя пытанні методыкі і тэхнікі гіст. даследавання. Большасць С.г.н. развілася з т.зв. дапаможных гіст. дысцыплін (гэты тэрмін шырока ўжываўся з канца 19 ст.), да якіх адносілі этнаграфію, археалогію, антрапалогію, геаграфію гістарычную і інш. У пасляваенны перыяд гэтыя дысцыпліны ў сувязі з іх пэўнымі дасягненнямі сталі называцца спецыяльнымі. Да канца 20 ст. сфарміраваліся са сваімі прадметамі, аб’ектамі і метадамі даследавання археалогія, гістарыяграфія, гіст. геаграфія, гіст.дэмаграфія, метадалогія гісторыі, тапаніміка, фалькларыстыка, этналогія (этнаграфія) і інш. Гэтыя навукі маюць багатыя традыцыі, высокі ўзровень развіцця ў свеце і пэўныя дасягненні на Беларусі. Ад С.г.н. адрозніваюць дапаможныя гіст. дысцыпліны, асн. прызначэнне якіх — абслугоўванне гісторыі як навукі, дапамога ў вырашэнні яе гал. задачы — даследаванні мінулага чалавецтва ва ўсёй яго разнастайнасці і канкрэтным праяўленні. Сярод дапаможных гіст. дысцыплін асобнае месца належыць крыніцазнаўству, задачай якога з’яўляецца распрацоўка тэорыі, гісторыі і методыкі вывучэння і выкарыстання гіст. крыніц. Дапаможныя гіст. дысцыпліны падзяляюцца на 2 групы: якія вывучаюць розныя віды крыніц, але кожная толькі адзін які-небудзь іх бок (археаграфія, архівазнаўства, генеалогія, метралогія гістарычная, палеаграфія, тэксталогія, гіст.храналогія, эпіграфіка) якія даследуюць пэўны від крыніц, але з усебаковым разглядам асаблівасцей іх форм і зместу (геральдыка, дыпламатыка, іканаграфія, нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, фалерыстыка, баністыка, вексілалогія). Існуюць розныя пункты погляду на склад і колькасць дапаможных гіст. дысцыплін. Так, не прызнаюцца асобнымі дапаможнымі гіст. дысцыплінамі берасталогія, кадыкалогія, археалогія і інш. С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і інш. гуманітарнымі навукамі; іх даныя выкарыстоўваюцца даследчыкамі комплексна. Пры карыстанні гэтымі тэрмінамі варта ўлічваць іх умоўнасць. У наш час усё больш сціраюцца грані паміж навукамі, якія здабываюць гіст. матэрыял і гіст. інфармацыю з яго, і тымі, што яго выкарыстоўваюць. У канцы 20 ст. ў гіст. навуцы сфарміраваліся т. зв. найноўшыя гіст. навукі — гіст. антрапалогія, гістарычная інфарматыка, псіхагісторыя, гістарыясофія, сацыяльная гісторыя, гендэрная гісторыя, вусная гісторыя, гісторыя штодзённасці і інш. Аднак у некат. з іх яшчэ дакладна не сфармуляваны метады, кола крыніц і тэорыя самога прадмета даследавання.
Літ.:
Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1—26. Л., 1968—98;
Козлов Л.Р. Вспомогательные исторические дисциплины. Мн., 1980;
гл. таксама пры арт. пра адпаведныя С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ СПА́ДЧЫНА,
прыродныя аб’екты і помнікі культуры краін і народаў свету, якія маюць унікальную каштоўнасць, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва і падлягаюць калектыўнай адказнасці за іх захаванне. У рамках Канвенцыі аб ахове культ. і прыроднай спадчыны, прынятай Ген. канферэнцыяй ЮНЕСКА (1972, дакумент набыў сілу ў 1975, калі колькасць дзяржаў-бакоў дасягнула 20), дзейнічае Камітэт С.с. з прадстаўнікоў 21 краіны. На падставе вызначаных крытэрыяў ён разглядае унікальныя культ. і прыродныя аб’екты і ўключае іх у спіс С.с. Помнікі культуры С.с. павінны адпавядаць наступным крытэрыям: складаць унікальны ансамбль; быць аб’ектам, які значна паўплываў на жыццё краіны; служыць сведчаннем зніклай цывілізацыі; ілюстраваць пэўны важны перыяд у гісторыі дзяржавы ці народа; з’яўляцца унікальным узорам традыц. ладу жыцця; звязаны з ідэямі або вераваннямі, што маюць сусв. значэнне. Прыродныя аб’екты С.с. павінны: ілюстраваць пэўны этап эвалюцыі Зямлі; наглядна адлюстроўваць сучасныя геал. працэсы; быць унікальнымі прыроднымі аб’ектамі, выключнымі сваёй прыгажосцю; з’яўляцца месцам пражывання знікаючых відаў раслін і жывёл. Шэраг помнікаў і аб’ектаў, уключаных у спіс С.с., адпавядае некалькім названым крытэрыям. Кожная дзяржава, што падпісала Канвенцыю, падае ў к-т пералік культ. і прыродных каштоўнасцей, якія маюць агульначалавечае значэнне. Гэтым яна бярэ на сябе абавязак ахоўваць названыя нац. скарбы. Калі К-т уносіць іх у спіс, у рамках Фонду С.с., заснаванага Канвенцыяй, дзяржава можа ў той ці іншай форме атрымаць дапамогу для забеспячэння захаванасці помніка ці аб’екта. Фонд фарміруецца з узносаў дзяржаў-бакоў і грашовых сум, унесеных краінамі, установамі і прыватнымі асобамі. З яго сродкаў аказваецца матэрыяльная і тэхн. дапамога краінам, якім яна патрэбна, а таксама фінансуецца падрыхтоўка спецыялістаў. Да Канвенцыі далучыліся (2000) 122 краіны, у т. л. Беларусь (з 1988). У спіс С.с. (вядзецца ў алфавітным парадку) уключаны 690 аб’ектаў (529 культурных, 138 прыродных, 23 мяшаныя), сярод іх асобныя арх. збудаванні і ансамблі — Афінскі акропаль, Ам’енскі сабор, Шартрскі сабор, Кіеўскі Сафійскі сабор; гіст. цэнтры Варшавы, Вільнюса, Рыгі, Крэмль Маскоўскі і Красная плошча (Расія); гарады — Бразілія, Венецыя і інш.; нац. паркі — Вялікага Бар’ернага Рыфа (Аўстралія), Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) і інш. На Беларусі ў спіс С.с. ўключаны Белавежская пушча (1979) і Мірскі замкава-паркавы комплекс (2000).
Літ.:
Кисель В.П. Памятники Всемирного наследия. 2 изд. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРА́РЫЗМ (ад лац. terror страх, жах),
гвалтоўныя дзеянні з мэтай падаўлення, запалохвання паліт. праціўнікаў ці канкурэнтаў, навязвання пэўнай лініі паводзін. Адрозніваюць Т. індывід., групавы і дзярж. (рэпрэсіі дыктатарскіх і таталітарных рэжымаў). У гісторыі чалавецтва Т. часта выкарыстоўваўся як сродак паліт. барацьбы ў інтарэсах дзяржавы, рэлігіі, арг-цый і груповак рознай накіраванасці, быў пашыраным інструментам нац.-вызв. і сепаратысцкіх рухаў, рэвалюцый і контррэвалюцый у перыяды глыбокіх грамадскіх крызісаў. У 1970—90-я г., калі пашырыўся міжнар. Т., ахвярамі якога сталі і мірныя жыхары, былі прыняты міжнар. канвенцыі і нац.заканад. акты аб барацьбе з гэтым злом. У наш час назіраецца эскалацыя тэрарыст. дзейнасці экстрэмісцкіх арг-цый, узрастае антыгуманнасць тэрарыст. актаў (захоп заложнікаў, угон самалётаў, акты этнаканфесіянальнага генацыду і інш.). З тэрарыст. актаў найб. маштабныя па колькасці чалавечых ахвяр і разбурэнняў — знішчэнне 1.1.9.2001 групоўкай ісламскіх экстрэмістаў будынкаў Сусв.гандл. цэнтра ў Нью-Йорку (ЗША) з дапамогай захопленых пасажырскіх самалётаў, а таксама захоп 24.10.2002 чэчэнскімі тэрарыстамі гледачоў мюзікла «Норд-ост» у Доме культуры па вул. Мельнікава ў Маскве (загінула 129 чал.). У ліку прычын Т. нарастанне крызісных з’яў, няздольнасць грамадства ўрэгуляваць складаныя сац.-паліт. працэсы, хуткая змена сістэм чалавечых і паліт. ідэалаў і каштоўнасцей, падключэнне да паліт. жыцця шырокіх мас палітычна нявопытнага насельніцтва, іх імкненне выкараніць заганы грамадскіх і дзярж. сістэм «найкарацейшым», як уяўляецца тэрарыстам, шляхам.
Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрарыст. акт заключаецца: ва ўчыненні актаў насілля, выбухаў, падпалаў або інш. дзеянняў, якія ствараюць пагрозу гібелі і калецтва людзей, нанясення матэрыяльнай шкоды ў буйным памеры і ўзнікнення інш. цяжкіх наступстваў, з мэтай запалохвання насельніцтва ці ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзярж. органамі, або стварэння перашкод паліт. і інш. грамадскай дзейнасці; у замаху на жыццё дзярж. або грамадскага дзеяча ў сувязі з яго дзейнасцю; ва ўчыненні або арганізацыі ўчынення аналагічных дзеянняў на тэр. замежнай дзяржавы з мэтай правакацыі міжнар. ускладненняў, вайны ці дэстабілізацыі ўнутр. становішча гэтых дзяржаў; у замаху на жыццё дзярж., грамадскага дзеяча замежнай дзяржавы ці прычыненні шкоды яго маёмасці з той жа мэтай. У Рэспубліцы Беларусь барацьба з Т. вядзецца на падставе Закона ад 3.1.2002 «Аб барацьбе з тэрарызмам» і інш.заканад. актаў.
Літ.:
Дэвис Л. Терроризм и насилие: Пер. с англ. Смоленск, 1998;
Жариков К.В. Терроризм и террористы: Ист. справ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЫШЭ́ЎСКІ Мікалай Гаўрылавіч (24.7.1828, г. Саратаў, Расія —29.10.1889),
рускі філосаф, пісьменнік, літаратурны крытык. Магістр (1855). Вучыўся ў Саратаўскай духоўнай семінарыі (1842—45), скончыў Пецярбургскі ун-т (1850). Працаваў выкладчыкам л-ры ў Саратаўскай гімназіі. З 1853 у Пецярбургу: супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», гал. рэдактар час. «Современник». У 1862 арыштаваны за дачыненне (не даказанае) да напісання пракламацыі «Панскім сялянам ад іх дабрадзеяў паклон», а ў 1864 прыгавораны сенацкім судом да катаргі і вечнага пасялення ў Сібіры. У 1883 пераехаў у Астрахань, потым у Саратаў. Светапогляд Ч. фарміраваўся пад уплывам ідэй класічнай ням. філасофіі (Г.Гегель, Л.Феербах), англ.паліт. эканоміі (Д.Рыкарда), франц. утапічнага сацыялізму (Ш.Фур’е і інш.), а таксама В.Р.Бялінскага, А.І.Герцэна, П.Леру, П.Ж.Прудона. У асн.філас. працы «Антрапалагічны прынцып у філасофіі» (1860) сцвярджаў, што чалавек мае адну рэальную натуру — матэрыяльную. У адрозненне ад Феербаха бачыў у чалавеку не толькі родавае, але і сац.-гіст. стварэнне. Лічыў, што на аснове сял. абшчыны, злучанай з навук.-тэхн. дасягненнямі Захаду, Расія ў стане перайсці да сацыялізму; шляхам да такога пераходу лічыў сац. рэвалюцыю. У рамане «Што рабіць?» (1863) даў вобразны малюнак «светлай і цудоўнай» будучыні чалавецтва — сацыялізму, які грунтуецца на грамадскай уласнасці. Эстэтыку разглядаў як «сістэму агульных прынцыпаў мастацтва ўвогуле і паэзіі ў асаблівасці». На яго думку, творы мастацтва ўзнікаюць на глебе сапраўдных патрэбнасцей чалавека (праўды, любові і паляпшэння быту), таму прадметам мастацтва можа і павінна стаць рэальная рэчаіснасць, а не штосьці абсалютнае і недасягальнае. У яго этычных поглядах узвялічваецца праца і людзі працы, асуджаецца марнае жыццё, адстойваецца разумны эгаізм асобы. Развітыя Ч. рэаліст. традыцыі ў разуменні суадносін мастацтва і рэчаіснасці паўплывалі на творчасць многіх бел. пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва пач. 20 ст. Пад ідэйным уплывам Ч. фарміраваўся светапогляд К.Каліноўскага. Сярод вучняў і паслядоўнікаў Ч. былі браты А.Д. і Б.Д. Трусавы і інш. Ідэйная спадчына Ч. стала адной з тэарэт. крыніц станаўлення бел. эстэтыкі; у 1920-я г. яе вывучалі С.Вальфсон, І.Герчыкаў і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1939—53.
Літ.:
Демченко А.А. Н.Г.Чернышевский: Науч. биогр. Ч. 1—4. Саратов, 1978—94;
Н.Г.Чернышевский в воспоминаниях современников. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шлак, ‑у, м.
1. Расплаўленая ці застылая маса розных прымесей, попелу і флюсаў, якая з’яўляецца пабочным прадуктам металургічнай вытворчасці. І кожны раз, калі вырываецца цяжкі паток металу з латкоў домнаў і мартэнаў, людзі гарачых цэхаў бачаць, як усё менш і менш выходзіць шлаку, усё больш мацнейшай робіцца сталь.«Беларусь».[Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку.Карпаў.//перан. Пра тое, што непатрэбна, не мае каштоўнасці, з’яўляецца лішнім, шкодным. Фашызм — шлак чалавецтва.
2. Попел каменнага вугалю ў топцы, які сплавіўся ў цвёрдую масу. Шура ссунуўся з вагона, назбіраў каля рэек шурпата-наздраватых камякоў шлаку, падаў дзядзьку Мікалаю.Ставер.Там [на гарадской ускраіне] не толькі вуліцы, нават гароды засыпаны шлакам ад перагарэлага вугалю.Ус.
3. Слой, які ўтвараецца на паверхні наплаўленага металу пры дугавой электразварцы.
4.звычайнамн. (шла́кі, ‑аў). Адходы фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме (не засвоены бялок і інш. рэчывы).
[Ням. Schlacke.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпапе́я, ‑і, ж.
1. Адзін з жанраў эпасу — вялікая паэма, у якой апісваюцца буйныя гістарычныя падзеі. Эпапеі Гамера.// Вялікі празаічны літаратурны твор, серыя твораў, у якіх адлюстроўваюцца значныя гістарычныя падзеі або падзеі, што прадаўжаюцца значны час. Раман «Сокі цаліны» [Ц. Гартнага] быў задуманы як эпапея жыцця і рэвалюцыйнай барацьбы працоўных мае царскай Расіі.Пшыркоў.Паказу суровай і цяжкай бітвы народаў за сцвярджэнне міру і паўнацэннага чалавечага шчасця на зямлі Ілья Эрэнбург прысвяціў свой новы раман «Дзевяты вал», які з’яўляецца працягам «Буры» і складае другую частку эпапеі аб Айчыннай вайне і лёсе чалавецтва ў пасляваенны час.«Полымя».//Разм. Вуснае апавяданне пра што‑н., звычайна доўгае, насычанае падрабязнасцямі, падзеямі. Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі.Бядуля.І пойдуць цэлыя эпапеі пра гэтага каня, толькі слухай, не перабівае.Кулакоўскі.
2.перан. Шэраг буйных, значных падзей, якія ўтвараюць адзінае цэлае. Эпапея грамадзянскай вайны. Эпапея абароны Севастопаля. □ Саляная эпапея працягвалася ледзь не тры месяцы.Навуменка.
[Грэч. epopoiïa ад épos — слова, апавяданне і poieō — ствараю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
культу́ра
(лац. cultura)
1) сукупнасць дасягненняў чалавецтва ў вытворчай, грамадскай і разумовай дзейнасці (напр. матэрыяльная к., духоўная к.);
масавая к. — разнавіднасць сучаснай камерцыйнай культуры, якая характарызуецца прымітывізмам, серыйнасцю і атрымлівае пашырэнне праз тэлебачанне, ілюстраваныя часопісы, відэа- і аўдыякасеты;
2) узровень развіцця якой-н. галіны гаспадарчага або духоўнага жыцця (напр. к. вытворчасці, к. мовы);
3) ступень адукаванасці, выхаванасці каго-н. (напр. чалавек высокай культуры);
4) вырошчванне якой-н. расліны, а таксама сама расліна, якая вырошчваецца (напр. к. лёну, кармавыя культуры).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)