АРДУБАДЫ́ (Мамед Саід) (24.3.1872, г. Ардубад, Азербайджан — 1.5.1950),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1938). Друкаваўся з 1903. У зб-ках вершаў «Бесклапотнасць» (1906), «Бацькаўшчына і воля» (1907) заклік да свабоды, крытыка невуцтва і фанатызму, ідэалізацыя гіст. мінулага, ісламу спалучаецца з асветніцкімі ідэямі. Заснавальнік гіст. рамана ў азерб. л-ры: «Таўрыз Туманны» (1933—48), «Горад-змагар» (1938), «Падпольны Баку» (1940). Раман «Меч і пяро» (ч. 1—2, 1946—48) прысвечаны азерб. паэту 12 ст. Нізамі. Аўтар лібрэта опер.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЧЭР-СТО́У ((Beecher-Stowe) Гарыет Элізабет) (14.6.1811, г. Лічфілд, ЗША — 1.7.1896),

амерыканская пісьменніца. У рамане «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) адлюстраванне жыцця неграў-рабоў спалучаецца з пропаведдзю прынцыпаў хрысц. маралі. Праблемам рабства ў ЗША прысвечаны публіцыстычная кн. «Ключ да хаціны дзядзькі Тома» (1853) і раман «Дрэд, аповесць пра праклятае балота» (1856). Аўтар рамана «Алдтаунскія старажылы» (1869) і інш., памфлета «Апраўданне лэдзі Байран» (1870), аповесцяў, апавяданняў, вершаў-медытацый на рэліг. тэмы.

Тв.:

Рус. пер. — Хижина дяди Тома. М., 1980.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Раман Фёдаравіч) (16.12.1853, С.-Пецярбург — 2.3.1920),

рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Праф. Маскоўскага ун-та (1886). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875). Далучаўся да кірунку младаграматызму. Аўтар прац па гісторыі слав. моў і л-р; з лінгвістычных даследаванняў найб. каштоўныя па слав. націску, словаўтварэнні, фанетыцы, граматыцы, палеаграфіі («Апісанне славянскай акцэнталогіі», 1880, і інш.). Распрацоўваў праблемы стварэння і выкарыстання міжнар. штучных моў (у т. л. эсперанта).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТАР (Віктар Бенядзіктавіч) (28.7.1902, г. Даўгаўпілс, Латвія — 14.4.1931),

бел. пісьменнік. У 1922—26 студэнт каморніцкага ф-та Чэшскага вышэйшага тэхнікума (Прага). Захварэўшы на туберкулёз, перапыніў вучобу, вярнуўся ў Латвію. Настаўнічаў у бел. школах. Друкаваўся з 1923. Пісаў вершы, апавяданні, нарысы (псеўданім Янка Палын). Раман «Роджаныя пад Сатурнам» (апубл. 1991, газ. «Голас Радзімы») грунтуецца на ўспамінах аб студэнцкім жыцці.

Тв.:

Леснікова сена: Апавяданне. Рыга, 1932.

Літ.:

Езавітаў К. В.​Б.​Вальтар // Бел. школа ў Латвіі. 1932. № 7.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНО́Н (Agnon; сапр. Чачкес) Шмуэль Іосеф

(17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),

ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.

Ш.І.Агнон.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДКО́Ў (Ігар Аляксандравіч) (11.4.1934, г. Смаленск, Расія — 27.12.1994),

рускі крытык і літ.-знавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1957—76 у газ. «Северная правда» (Кастрама). Літ. дзейнасць пачаў у 1958. Даследаваў сучасную прозу. Аўтар кн. «Васіль Быкаў» (1980), у якой падрабязна прааналізаваў творчасць бел. пісьменніка, рэцэнзій на аповесці В.​Быкава «Дажыць да світання» і «Пайсці і не вярнуцца», раман «Карнікі» А.​Адамовіча.

Тв.:

Возвращение к себе. М., 1978;

Во все концы дорога далека. Ярославль, 1981.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКЛО́ ((Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ) (Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),

французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Опасные связи. М.; Л., 1965.

А.​В.​Хадановіч.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛАЎ (Герман Іларыёнавіч) (н. 15.12.1937, г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў на Віцебшчыне ў перыяд. друку, з 1976 уласны карэспандэнт абл. газ. «Віцебскі рабочы» ў Полацку. Друкуецца з 1974. У творах — роздум сучасніка над складанымі праблемамі жыцця, тэма Вял. Айч. вайны: раман «Пах жыта» (1989), аповесць «Сонца тваіх вачэй» (1981), апавяданні «Без крыўды ў сэрцы», «Татава пілотка», «Адажыо» і інш. Аўтар п’есы «У ноч напрадвесні» (1974), нарысаў, гумарэсак.

Тв.:

Падлётак: Апавяданні. Мн., 1983.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСЕ́КА (Раман Міхайлавіч) (н. 1.5.1936, в. Ахрэмавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957; цяпер Бел. дзярж. эканам. ун-т), працуе ў ім з 1965 (з 1979 прарэктар, з 1991 рэктар). Даследуе праблемы эканомікі і арганізацыі гандлю, развіцця вышэйшай эканам. адукацыі. Аўтар навук. дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя гандлю» (1985), «Кіраванне працэсамі працы на прадпрыемствах гандлю» (1993, з М.​І.​Кабушкіным) і інш.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЯГНЕ́ЕЎ (Раман Аляксандравіч) (н. 25.6.1951, Мінск),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1980 працаваў у ім, з 1995 у Бел. дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні біял. механізмаў афектыўных расстройстваў, магчымасцей іх індывід. прагнозу і тэрапіі. З 1994 старшыня праўлення Бел. псіхіятрычнай асацыяцыі.

Тв.:

Практическое пособие по психиатрии. Мн., 1991 (разам з Ф.​М.​Гайдуком, Т.​Ц.​Сарокінай).

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)