сімвалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік сімвалізму (у 1 знач.). Ацэнка Купалы і Коласа даецца Горкім у плане процістаўлення іх народна-дэмакратычнай паэзіі ўпадніцкай, антыграмадскай паэзіі дэкадэнтаў і сімвалістаў. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДАЛЬЧЫ́НА (Dolcino; ? — 1.6.1307),

кіраўнік антыфеад. і антыцарк. паўстання ў паўн.-зах. Італіі ў 1304—07. Манах. Вучань і паслядоўнік Г.Сегарэлі, развіваў ідэі секты апастолікаў. У 1304 на чале вял. атрада сваіх узбр. прыхільнікаў (пераважна сялян) з’явіўся ў перадгор’ях П’емонта і авалодаў далінай р. Сезія, дзе меркаваў стварыць вольную сял. абшчыну. Рост шэрагаў паўстанцаў і разгром імі некалькіх карных атрадаў прымусілі рым. папу Клімента V летам 1305 абвясціць супраць іх крыжовы паход. Паступова паўстанцы адцеснены ў горы і блакіраваны сіламі крыжаносцаў. У выніку ген. бітвы 23.3.1307 каля в. Ставела паўстанцы разгромлены, Д. трапіў у палон і быў спалены на кастры.

Літ.:

Сушкевич Л.П. Восстание под руководством Дольчино // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета

(каля 610—546 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛЬБРУК (Delbrück) Ганс (11.11.1848, г. Берген, в-аў Руген, Германія — 14.7.1929),

нямецкі ваен. гісторык і паліт. дзеяч. Праф. Берлінскага ун-та (1896—1921). Паслядоўнік Г. фон Трайчке. Вучыўся ў Гайдэльбергскім і Бонскім ун-тах. Чл. прускай палаты дэпутатаў (1882—85) і дэп. рэйхстага ад партыі свабодных кансерватараў (1884—90). У 1883—1919 рэдагаваў (да 1889 разам з Трайчке) орган кансерватараў Прусіі час. «Preußische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»), У 1-ю сусв. вайну выступаў за скасаванне сістэмы трохкласавага выбарчага права ў Прусіі на карысць дэмакр. канстытуцыйнай манархіі і інш. Гал. творы — «Гісторыя ваеннага майстэрства ў рамках палітычнай гісторыі» (т. 1—4, 1900—20; прадоўжана Э.​Даніэльсам і О.​Гайнцам, т. 5—7, 1926—36), «Сусветная гісторыя» (т. 1—5, 1923—28).

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́НА (Maiano),

італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):

Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх. вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.

Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.​Строцы (каля 1490), А.​Вані (1493) і інш.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБСО́Н Леанід Веньямінавіч (15.1.1904, С.-Пецярбург — 17.10.1975),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). У 1926—33, 1942—50 і 1955—75 артыст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета, у 1933—42 — Вял. т-ра ў Маскве. З 1969 арганізатар і маст. кіраўнік ансамбля «Харэаграфічныя мініяцюры». Харэограф-наватар. Паслядоўнік ідэй М.Фокіна. Пашырыў выразныя магчымасці танц. пластыкі ў розных жанрах. Паставіў балеты «Шурале» Ф.​Яруліна (1950), «Спартак» А.​Хачатурана (1956), «Клоп» Ф.​Атказава і Р.​Фірціча (1962), «Дванаццаць» Б.​Цішчанкі (1964), харэаграфічныя мініяцюры, а таксама аб’яднаныя ў цыклы, спектакль «Харэаграфічныя мініяцюры» (1958; у 1960 экранізаваны) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Л.​Якобсон. Л.;

М., 1965;

[Якобсон И.Д., Зайдельсон В.] Беседы о Л.​Якобсоне. СПб., 1993.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апо́стал ’паслядоўнік пэўнага вучэння (першапачаткова адзін з 12 вучняў Хрыста)’; ’кніга, якая ўключае пэўную частку Новага завету’. З першых пісьмовых помнікаў усходнеславянскіх і наогул славянскіх моў. Ва ўсходнеславянскіх са ст.-слав. апостолъ ’пасланнік божы’, ’кніга’ (Шанскі, 1, А, 129) < грэч. ἀπόστολος ’тс’ (Фасмер, 1, 81; Фасмер, Этюды, 33), якое ўтворана ад ἀποστέλλω ’пасылаць’. З грэчаскай у лацінскую і іншыя мовы хрысціянскіх народаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

akolita

akolit|a

м. кніжн. паплечнік; паслядоўнік;

być czyim ~ą — быць паслядоўнікам каго

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ДЫ́СТЭРВЕГ (Diesterweg) Фрыдрых Адольф Вільгельм (29.10.1790, г. Зіген, Германія — 7.7.1866),

ням. педагог-практык. Паслядоўнік І.Г.Песталоці. Вучыўся ва ун-тах у Гайдэльбергу, Гербарне, Цюбінгене ў 1811—20. Выкладаў у гімназіях, узорных школах, наст. семінарыях. У 1827—66 выдаваў пед. час. «Рэйнскія лісткі...». Быў супраць саслоўных і нац. абмежаванняў у галіне адукацыі, канфесійнага навучання і апекі школы царквой. Імкнуўся да аб’яднання ням. настаўніцтва, выступаў за мірнае пераўтварэнне грамадскіх адносін, у якім асн. ролю адводзіў асвеце, падзяляў ідэі агульначалавечага выхавання. Асн. прынцыпамі выхавання лічыў прыродаадпаведнасць, культураадпаведнасць, саманадзейнасць. Распрацаваў дыдактыку развіваючага навучання. Аўтар больш як 20 падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, ням. мове, прыродазнаўстве, геаграфіі, астраноміі, у т. л. вядомай працы «Дапаможнік да адукацыі нямецкіх настаўнікаў» (т. 1—2, 1835). Пед. ідэі Д. зрабілі ўплыў на развіццё адукацыі ў Германіі і пашырыліся за яе межамі.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́НІ (Martini) Сімоне (каля 1284, г. Сіена, Італія — ліп. 1344),

італьянскі жывапісец. Паслядоўнік і, магчыма, вучань Дуча ды Буанінсенья. Зазнаў уплывы франц. гатычнага мастацтва. Працаваў у Таскане, Неапалі (1317), Арвіета (1320), Асізі (1320-я г.), Авіньёне (з 1340). У творчасці спалучаў гатычныя традыцыі арганізацыі кампазіцыі, трактоўкі перспектывы, кволасці фігур чалавека з протарэнесансавай адухоўленасцю і жыццёвай пластыкай вобразаў, вытанчанасцю колераў: фрэскі ў Палацца Публіка ў Сіене («Маэста», 1315; выява кандацьера Гвідарыча да Фальяна, 1328), у Ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (сцэны з жыцця св. Марціна Турскага, каля 1326), алтарныя абразы «Св. Людовік Тулузскі карануе Роберта Неапалітанскага» (каля 1317), «Дабравешчанне» (1333), «Пакуты Хрыстовы» (1340-я г.), дыпціх «Дабравешчанне» (1339—42). Аўтар фронтыспіса для манускрыпта Вергілія (1340-я г.).

В.​Я.​Буйвал.

С.Марціні. Мадонна з дыпціха «Дабравешчанне». 1339—42.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)