ВАНАДЫНІ́Т,

мінерал класа ванадатаў, хлорванадат свінцу, Pb5[Cl/(VO4)3]. Прымесі кальцыю, фосфару, мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, пупышкападобныя і зямлістыя масы. Колер чырвоны, карычневы, жоўты. Бляск смалісты да паўалмазнага. Цв. 2,75—3. Шчыльн. 6,9 г/см³. Трапляецца ў зонах акіслення свінцовых радовішчаў. У вял. скопішчах — ванадыевая руда (радовішча Берг-Аўкас, Намібія).

Ванадыніт.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЫ́Т,

мінерал класа баратаў прыродных, хлорабарат магнію, Mg3[B7O12]OCl. Прымесі жалеза (да 36%), марганцу і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай (кубічнай пры т-ры больш за 265 °C) сінганіі. Крышталі, зярністыя масы. Белы, зялёны, шэры ці бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Трапляецца ў асадкавых радовішчах. Другарадная руда бору.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎНІ́Т (ад прозвішча ням. вучонага М.​Браўна),

мінерал класа аксідаў, аксід марганцу, Mn​2 + Mg​63 + Si12. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі біпірамідальныя і інш. Агрэгаты зярністыя. Колер чорны ці сталёва-шэры. Цв, 6—6,5. Крохкі. Шчыльн. 4,7—4,9 г/см³. Паводле паходжання метамарфічны, радзей гідратэрмальны, іншы раз трапляецца ў скарнах. Важная марганцавая руда.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУЛЯ́Р (ад назвы радовішча ў гарах Адула ў Швейцарыі),

мінерал, адносна чыстая разнавіднасць артаклазу. Бясколерны, паўпразрысты да празрыстага. Трапляецца ў выглядзе крышталёў, часта ўтварае друзы. Характэрны для кварцавых жылаў альпійскага тыпу, сустракаецца ў пегматытах, рудных жылах. Адуляр з ірызацыяй у блакітнавата-сініх тонах (месяцавы камень) — каштоўны камень. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай вытв-сці.

Адуляр.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІНІ́Т (ад грэч. axinē сякера),

мінерал падкласа сілікатаў, бораалюмасілікат (Ca, Mn, Fe)3Al2Bo3(Si4O12)OH. Утварае крышталі, друзы, масы фіялетавага, зялёнага, жоўтага, карычневага і інш. колераў. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Трапляецца ў кантактна-метасаматычных пародах, гідратэрмальных жылах, спадарожнічае рудам металаў. Другасны каштоўны камень.

Аксініт.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТУРЫ́Н,

мінерал, шчыльны празрысты дробназярністы кварц з уключэннямі гематыту, слюды і інш. Колер серабрыста-белы, чырванавата-буры, залаціста-жоўты, радзей зялёны, сіні. Бляск мігатлівы, іскрысты, з пералівамі. Радовішчы звязаны з метамарфічнымі тоўшчамі кварцытаў. Выкарыстоўваецца як вырабны камень (вазы і інш.). Штучны авантурын — карычневае шкло з уключэннямі лісцікаў метал. медзі, што надае яму залацісты бляск.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІТАІ́Т (ад назвы акругі Сан-Беніта ў штаце Каліфорнія, ЗША),

мінерал, тытанасілікат барыю, 2[BaTiSi3O9]. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі ў выглядзе невял. плоскіх трохвугольных двайных пірамід. Колер сіні, белы або бясколерны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны, Цв. 6—6,5. Крохкі. Шчыльн. 3,6 г/см³. Рэдкі, у невял. жылах і глаўафанавых сланцах. Выкарыстоўваецца як паўкаштоўны камень.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬВІ́Н (ад лац. helvus бурштынава-жоўты),

мінерал, берыласілікат падкласа каркасных сілікатаў 3Mn[BeSiO4]∙MnS. Пастаянныя прымесі жалеза і цынку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер жоўты, жоўта-зялёны, карычневы і інш. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 5,5—6,5. Крохкі. Шчыльн. 3,2—3,5 г/см³. Трапляецца ў грэйзенах, скарнах, пегматытах, палевашпатавых метасаматытах. Руда берылію.

Гельвін.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́Н, гемімарфіт,

мінерал класа астраўных сілікатаў, водны гідраксілсілікат цынку, Zn4[Si2O7][OH]2xH2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя або прызматычныя. Агрэгаты валакністыя, радыяльна-прамянёвыя, зярністыя і інш. Колер белы, жоўты, карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 4—5. Крохкі. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення свінцова-цынкавых радовішчаў. Руда цынку.

Каламін.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́П (ад грэч. pyropos вогненны),

мінерал групы гранатаў, сілікат магнію і алюмінію Mg3Al2[SiO4]3. Крышталі густога чырв. колеру. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,5—4 г/см³. Трапляецца ў кімберлітах, ультраасн. пародах. Спадарожнік алмазу. Празрыстыя крышталі — каштоўныя камяні, выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, у т. л. для імітацыі рубіну; дробныя, непразрыстыя — у якасці абразіваў.

Піроп.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)