ЛОГАТЭРАПІ́Я (ад логас + тэрапія),

адзін з кірункаў сучаснай псіхатэрапіі, які займаецца вывучэннем і пошукам сэнсу чалавечага існавання; метад псіхатэрапіі, звязаны з карэкцыяй анамалій у развіцці асобы. Як метад распрацаваны аўстр. псіхіятрам і псіхолагам В.​Франклам. Імкненне да пошуку і рэалізацыі чалавекам сэнсу свайго жыцця — прыроджаная матывацыйная тэндэнцыя і асн. рухаючая сіла паводзін і развіцця асобы. У самых складаных абставінах чалавек здольны знайсці пэўны сэнс жыцця і ўзяць на сябе асабістую адказнасць за яго практычную рэалізацыю. Адсутнасць падобнага сэнсу ці немагчымасць яго ажыццяўлення (фрустрацыя) прыводзяць да апатыі, дэпрэсіі, неўрозаў. Магчымыя пазітыўныя сэнсы жыцця могуць выяўляцца праз 3 асн. групы каштоўнасцей: творчасці, перажывання (напр., каханне) і адносін (свядомай пазіцыі чалавека да жыццёвых абставін, якія нельга змяніць). Найб. важная роля адводзіцца каштоўнасцям творчасці, асн. шляхам рэалізацыі якіх лічыцца праца. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неагенных неўрозаў (звязаных са стратай цікавасці да жыцця), апатычна-дэпрэсіўных сіндромаў.

Літ.:

Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

агульны спосаб доказаў і вызначэнняў у матэматыцы і матэм. логіцы, які дае магчымасць рабіць агульныя вывады на аснове асобных сцвярджэнняў.

Грунтуецца на прынцыпе матэматычнай індукцыі: сцвярджэнне A(n), залежнае ад натуральнага параметра n, лічыцца праўдзівым, калі праўдзіва A(1) і з меркавання праўдзівасці A(N) для любога натуральнага N вынікае праўдзівасць A(N + 1). Напр., для любога натуральнага n патрабуецца даказаць формулу 1 + 3 + 5 + ... + (2n − 1) = n​2. Пры n = 1 гэтая формула праўдзівая (1 = 1​2), затым мяркуем. што формула даказана для пэўнага ліку N: 1 + 3 + 5 + ... + (2N − 1) = N​2. Далучаем да левай і правай часткі дадзенай формулы яшчэ адно складаемае 2N + 1: 1 + 3 + 5 + (2N − 1) + (2N + 1) = N​2 + (2N + 1) = (N + 1)​2. Такім чынам, з праўдзівасці формулы пры n = N вынікае яе праўдзівасць і пры n = N + 1. Адсюль вынікае праўдзівасць формулы для любога натуральнага n.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,

першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мураўёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб. самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн. т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.

М.​А.​Тарасава.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎМЯША́ННЯ ПРЫ́НЦЫП у міжнародным праве,

адзін з асноўных прынцыпаў, які абавязвае_ кожную дзяржаву не ўмешвацца ў якой-н. форме ў справы інш. дзяржавы, што ўваходзяць у яе ўнутр. кампетэнцыю. Умяшаннем лічацца любыя меры інш. дзяржавы або міжнар. арг-цый, з дапамогай якіх яны спрабуюць перашкаджаць суб’екту міжнар. права вырашаць свае ўнутр. справы. Аднак некат. падзеі, што адбываюцца ў межах тэр. дзяржавы, могуць разглядацца як не маючыя адносін да яе выключнай кампетэнцыі (напр., калі падзеі ствараюць пагрозу міжнар. міру і бяспецы, тады дзеянні ААН або інш. членаў міжнар. супольнасці адносна гэтых падзей не будуць лічыцца парушэннем Н.п.).

Прынцып зафіксаваны ў агульнай форме ў Статуце ААН 1970 (п. 7, арт. 2) і канкрэтызаваны ў міжнар. дакументах, якія закранаюць прыязныя адносіны і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН: Дэкларацыі аб прынцыпах міжнар. права, Заключным акце нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Дэкларацыі ААН аб недапушчэнні ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржаў, аб ахове іх незалежнасці і суверэнітэту 1965 і інш.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТЫ́ЎНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

узаемна адназначнае адлюстраванне праектыўнай плоскасці ці праектыўнай прасторы на сябе, пры якім пункты, што ляжаць на адной прамой, пераходзяць у пункты, якія таксама ляжаць на адной прамой. Напр., П.п. на плоскасці — гамалогія ў матэматыцы, у прасторы — цэнтр. праектаванне (гл. Перспектыва ў геаметрыі).

У аднародных каардынатах выражаецца аднародным лінейным пераўтварэннем, дэтэрмінант матрыцы якога не роўны нулю. Асн. інварыянт П.п. — падвойны (ці складаны) стасунак, які для пунктаў M1, M2, M3, M4, узятых на адной прамой, абазначаецца (M1M2M3M4) і вызначаецца формулай ( M1 M2 M3 M4 ) = M1 M3 M3 M2 : M1 M4 M4 M2 , дзе M1M3, M3M2, M1M4, M4M2 — даўжыні адпаведных адрэзкаў. Пры гэтым стасунак M1 M3 M3 M2 лічыцца дадатным, калі напрамкі адрэзкаў M1M3 і M2M2 супадаюць, і адмоўным у процілеглым выпадку.

Да арт. Праектыўнае пераўтварэнне: падвойны стасунак (M1 M2 M3 M4) = (M1′ M2′ M3′ M4′).

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТО́Н (ад грэч. prōtos першы),

адна з элементарных часціц, ядро атама вадароду; найлягчэйшы ферміённы адрон. Уваходзіць у групу барыёнаў, складаецца з 3 валентных кваркаў, глюонаў і кварк-антыкваркавых пар. Лічыцца абсалютна стабільнай часціцай. Эксперым. мяжа часу жыцця з улікам магчымых каналаў распаду перавышае 10​31 г. Пры моцным узаемадзеянні П. і нейтрон маюць аднолькавыя ўласцівасці і разглядаюцца як розныя квантавыя станы адной часціцы — нуклона. Тэрмін «П.» уведзены Э.Рэзерфардам.

Мае спін 1/2, масу спакою 983,9 МэВ, дадатны эл. зарад, роўны элементарнаму эл. зараду. магн. момант прыкладна роўны 2,79 ядз. магнетона. Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц Разам з нейтронамі ўтварае ядры ўсіх хім. элементаў, пры гэтым лік П. вызначае зарад ядра і роўны парадкаваму нумару элемента ў Перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Антычасціца П. — антыпратон. Пры сутыкненнях паскораных П. з свабоднымі П., рэчывам мішэні ці з антыпратонамі ўзнікаюць усе вядомыя элементарныя часціцы. Інтэнсіўныя патокі П. сярэдніх энергій выкарыстоўваюць у прамянёвай тэрапіі ракавых захворванняў.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТАРЫНА́»,

тэрмін, які ў часы ВКЛ адпавядаў значэнням «традыцыі», «звычаі», што ў значнай ступені рэгулявалі прававое, сац.-эканам. і паліт. становішча пэўных класаў, сац. груп, асоб. Для феадалаў у многіх выпадках «С.» — сінонім даўнасці, якой яны абгрунтоўвалі свае паліт. прывілеі, права на зямлю і сялян. Сяляне і мяшчане атаясамлівалі «С.» са звычаямі, традыцыямі. У барацьбе супраць увядзення «навін», якія абцяжарвалі прававое становішча сялян, апошнія выкарыстоўвалі разнастайныя формы барацьбы (скаргі вял. князю, уцёкі ад сваіх гаспадароў, адмаўленне выконваць павіннасці і інш.). Гэта вымушала велікакняжацкую адміністрацыю прымаць пэўныя захады да захавання «С.». Жыгімонт III у Статуце ВКЛ 1588 урачыста абяцаў усім падданым захоўваць у непарушнасці даўнія звычаі, не ўводзіць новых павіннасцей і інш. Аднак як буйны землеўласнік вял. князь не мог не лічыцца з інтарэсамі феадалаў, якія імкнуліся захоўваць ранейшыя павіннасці залежнага ад іх насельніцтва і ўводзіць новыя. Таму некаторыя новаўвядзенні ўносіліся ў граматы і праз пэўны час набывалі сілу «С.». Гл. таксама Звычай.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Garrulus esse cave: qui garrit, ineptus habetur

Сцеражыся быць балбатлівым: хто меле языком, той лічыцца неразумным.

Остерегайся быть болтливым: кто болтает, тот считается глупым.

бел. Не ўсё тое казаць, што на рот лезе. Меней гаварыць ‒ сабе ўрадзіць. 3 языковага мліва мука негадзіва.

рус. Держи язык за зубами/на привязи/за замком. Ешь пирог с грибами, а держи язык за зубами. Большое вяканье доводит до бяканья. Слушай больше, а говори меньше.

фр. Fol semble sage quand il se tait (Дурак кажется умнее, когда он молчит). Tenir sa langue au chaud (Держать язык в тепле).

англ. Keep your mouth shut and your eyes open (Держи рот закрытым, а глаза открытыми). A still tongue makes a wise head (Спокойный язык делает мудрой голову).

нем. Den Schnabel halten (Держать рот/клюв). Die Zunge im Zaum halten (Держать язык в узде).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

Ґе́рґа, ґе́рґаўка ’крэмень’ (Сл. паўн.-зах.). Лічыцца запазычаннем з літ. мовы; параўн. літ. gérgužė, gargãžė ’крамяністы камень’ (так Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзюрча́ць, дзюрчэ́ць. Параўн. рус. журча́ть, укр. журча́ти, джурча́ти, дзюрча́ти. Лічыцца гукапераймальным утварэннем. Фасмер, 2, 68 (са спасылкай на Праабражэнскага, 1, 239).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)