НАФТАЛА́Н,

горад у Азербайджане, у перадгор’ях Малога Каўказа, за 18 км ад чыг. ст. Герань. 7,9 тыс. ж. (1991). Здабыча нафталанскай лячэбнай нафты. Краязнаўчы музей. Бальнеалагічны курорт. Клімат субтрапічны. Асн. прыродны лек. фактар — нафталанская нафта (нафталан), якую выкарыстоўваюць для нафталаналячэння (у выглядзе мясц. агульных ваннаў, мазяў) пры лячэнні захворванняў органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, скуры і інш. Вял. хваёвы парк.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́НА,

бальнеалагічны курорт у Закарпацкай вобл. (Украіна), у даліне р. Малая Пінія. Засн. ў 1948. Клімат умерана кантынентальны. Асн. прыродны лек. фактар — вуглякіслая гідракарбанатная натрыевая вада з мінералізацыяй 9,6—10,6 г/л, мае таксама бор і фтор, выкарыстоўваецца для пітнога лячэння і ваннаў. Лечаць захворванні страўніка і кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, падстраўнікавай залозы, парушэнні абмену рэчываў. Выкарыстоўваюць таксама фізіятэрапію, ЛФК і інш.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, сцёблы якіх сцелюцца па паверхні глебы і ўкараняюцца з дапамогай прыдаткавых каранёў. Паўзучыя сцёблы з кароткімі міжвузеллямі наз. плецямі, з доўгімі — вусамі. Са сцябловых вузлоў П.р. акрамя прыдаткавых каранёў вырастаюць надземныя парасткі, а з іх вузлоў — новыя плеці і вусы, якія забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Сярод П.р. ёсць кармавыя (канюшына), харч., тэхн., лек. (агурок, батат, журавіны, суніцы), дэкар. (кураслеп) расліны.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),

кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.

Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ХТАВЫ БАЛЬЗА́М,

прадукт перапрацоўкі жывіцы піхты сібірскай ці каўказскай. Атрымліваюць адгонкай шкіпінару з ачышчанай і абязводжанай жывіцы. Празрыстая светла-жоўтага колеру вязкая вадкасць ці цвёрдае рэчыва (т-ра размякчэння 65—75 °C). Раствараецца ў дыэтылавым эфіры, этаноле, араматычных вуглевадародах, рыцыне. Выкарыстоўваюць для склейвання аптычнага шкла і вырабу мікрапрэпаратаў, лячэбны П.б. (раствор П.б. ў рыцыне) як лек. сродак з танізавальнымі і біягеннастымулюючымі ўласцівасцямі.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПАНІ́НЫ,

арганічныя безазоцістыя рэчывы, у якіх цукры злучаны з вытворнымі стэрынаў. Ўтрымліваюцца гал. чынам у раслінах, знойдзены таксама ў тканках ігласкурых.

Аморфныя, бясколерныя ці жаўтаватыя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (растворы пеняцца, як мыла). Уваходзяць у састаў лек. прэпаратаў расл. паходжання (напр., кара мыльнага дрэва, салодка), якія ўжываюцца як адхарквальная і мачагонныя сродкі. Некат. С. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці стэроідных гармонаў.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ БЕ́РАГ,

кліматычны курорт у Балгарыі, на беразе Чорнага м., на Пн ад г. Несебыр. Засн. ў 1958. Клімат марскі, зіма мяккая, лета цёплае, сонечнае (сярэдняя т-ра ліпеня 24 °C). Асн. лек. фактары: клімата-, сонца-, вінаградалячэнне, марскія купанні (з чэрв. па кастр.). Лечаць хваробы органаў дыхання, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы. Курортная паліклініка, пансіянаты, гасцініцы. Буйны цэнтр летняга адпачынку і турызму.

т. 15, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМА́Н (Pulicaria),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — У. звычайны (Р. vulgaris). Трапляецца на вільготных пясчаных лугах, водмелях і берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы лямцава-апушаныя, прамастойныя, галінастыя. Лісце чаргаванае, сядзячае, суцэльнае. Кветкавыя кошыкі паўшарападобныя, сабраныя ў агульнае мяцёлчата- або шчыткападобнае суквецце. Плод — сямянка. Лек., інсектыцыдныя расліны.

Уман звычайны.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАЁВЫ АЛЕ́Й,

эфірны алей, які атрымліваюць з ігліцы і маладых галінак хвоі звычайнай.

Празрыстая масляністая вадкасць жоўта-зялёнага колеру з прыемным пахам. Шчыльнасць 880—920 кг/м³, дрэнна раствараецца у вадзе, добра — у этаноле, эфіры, бензіне. Мае ў сабе пераважна монатэрпенавыя спірты і іх складаныя эфіры. Выкарыстоўваецца ў сінтэзе лек. сродкаў, пры вырабе мыла. дэзадарантаў і інш. прэпаратаў быт. хіміі.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́РЫСТЫ КА́ЛІЙ (KCl),

соль, якая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння злучэнняў калію з салянай к-той (HCl) або яе солямі.

Белыя крышталі (або крышт. парашок) без паху, салёныя на смак; мал. м. 74,5, т-ра плаўлення 776 °C, шчыльн. 1980 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце. Выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, медыцыне (уваходзіць у склад лек. прэпаратаў), біял. і хім. даследаваннях, металургіі.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)