МІХА́ЙЛАЎ-СТАЯ́Н (сапр. Стаян-Себаў) Канстанцін Іванавіч

(25.3.1853, в. Пятроўка Адэскай вобл., Украіна — 13.6.1914),

балгарскі спявак (тэнар), рэжысёр, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. У 1888—94 артыст Вял. т-ра ў Маскве, Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. Выступаў у оперных спектаклях у Віцебску, розных гарадах Расіі. Выкладаў. З 1907 у Балгарыі. З 1908 заснавальнік і кіраўнік «Балгарскага опернага таварыства» (з 1921 Сафійская нац. опера). Сярод партый: Манрыка, Радамес («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі, Герман («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Аўтар тэарэт. прац па мастацтве спеваў.

Тв.:

Рус. пер. — Исповедь тенора. Т. 1—2. М., 1895—96.

Літ.:

Кръстев В.К. Михайлов-Стоян... // Музикални хоризонти. 1984. № 4.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ Леанід Уладзіміравіч (13.8.1878, Кіеў — 11.10.1942),

расійскі піяніст, педагог, кампазітар; стваральнік адной з рас. піяністычных школ. Нар. арт. Расіі (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. (1900) і кампазіцыі (1902). Вучань С.Танеева, М.Іпалітава-Іванава. З 1909 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі (з 1912 праф.). Для яго выканальніцкай манеры былі характэрны тэхн. свабода, ювелірная апрацоўка дэталей, глыбіня пранікнення ў аўтарскую задуму. Выступаў з уласнымі творамі, творамі Л.​Бетховена, Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, М.​Равеля, К.​Дэбюсі, П.​Чайкоўскага, А.​Глазунова, С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, М.​Рымскага-Корсакава і інш. Адзін з першых прапагандыстаў творчасці С.​Пракоф’ева, М.​Метнера. Аўтар санаты для фп. і скрыпкі, 2 стр. квартэтаў, вак. твораў, фп. транскрыпцый і інш. Сярод вучняў: Дз.Шастаковіч, У.Сафраніцкі, П.Серабракоў.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ Мікалай Пятровіч (28.1.1901, С.-Пецярбург —9.5.1945),

расійскі выканаўца на балалайцы, дырыжор. Засл. арт. Расіі (1940). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1911—13). З 8 гадоў выступаў як саліст, удзельнічаў у канцэртах Велікарускага аркестра. У 1928—39 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1940 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. рус. нар. аркестра (з 1946 яго імя). Яго выкананне вызначалася артыстызмам, дасканалай тэхнікай і філігранным майстэрствам. Павялічыў выразныя і тэхн. магчымасці балалайкі, узбагаціў канцэртны рэпертуар, зрабіў пералажэнні для яе шматлікіх класічных твораў і нар. песень. Першы выканаўца многіх канцэртных твораў для балалайкі (шэраг з іх прысвечаны яму). Увёў у склад аркестра старадаўнія нар. інструменты (ражкі, дудкі, жалейкі, кугіклы), баян і арк. гармонік. 1-я прэмія на Усесаюзным аглядзе муз. выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ Канстанцін Іосіфавіч (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк. нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел. нар. песень.

А.​Я.​Ракава.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́ВІЧ-БА́ЙРОЙТ (Popovici-Bayreuth) Дымітрые (19.7.1860, г. Бырлад, Румынія — 6.4.1927),

румынскі спявак (барытон), педагог. Вучыўся спевам у Бухарэсцкай кансерваторыі. У 1904—19 яе дырэктар і прафесар. Адзін з заснавальнікаў і 1-ы дырэктар Рум. оперы ў г. Клуж (1919—27). На опернай сцэне з 1881. Выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы інтэрпрэтатар партый у операх Р.​Вагнера (з 1892 некалькі гадоў спяваў у Байройцкім т-ры, адсюль прозвішча — байройцкі). Сярод партый: Тэльрамунд, Клінгзор, Вальфрам, Альберых і Вотан, Ганс Сакс, Галандзец («Лаэнгрын», «Парсіфаль», «Тангейзер», «Пярсцёнак нібелунга», «Нюрнбергскія майстэрзінгеры», «Лятучы галандзец» Вагнера), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Дон Жуан («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Рыгалета, Рэната («Рыгалета», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Тоніо («Паяцы» Р.​Леанкавала).

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДРЭ́ЛЬ (Pedrell) Феліпе (19.2.1841, г. Тартоса, Іспанія — 19.8.1922),

іспанскі кампазітар, фалькларыст, педагог, вядучы дзеяч ісп. муз. адраджэння, т.зв. Рэнасім’ента. Чл. ісп. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1895—1904). З 1873 працаваў у Барселоне, у 1895—1903 выкладаў у Мадрыдскай кансерваторыі. Выдаваў муз. часопісы, публікаваў узоры класічнай і нар. ісп. музыкі. Працы па муз. фальклоры («Іспанскія народныя песні», т. 1—4, 1918—22, 2 выд., т. 1—2, 1936), а таксама сучаснай ісп. музыцы паклалі пачатак сучаснаму ісп. музыказнаўству. П. узначаліў новую ісп. кампазітарскую школу і значна паўплываў на яе фарміраванне. Аўтар опер, у т. л. патрыят. трылогіі з пралогам «Пірэнеі» (1891), праграмных сімф. твораў, кантат і хароў з аркестрам, духоўнай музыкі, рамансаў і песень, якім уласцівы яркі нац. каларыт.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПІ́ГІ (Respighi) Атарына [9.6(7). 1879, г. Балоння, Італія — 18.4.1936], італьянскі кампазітар, педагог. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1932). Вучыўся ў муз. ліцэі ў Балонні (1891—99). Сярод педагогаў: Дж.​Мартучы, М.​Рымскі-Корсакаў, М.​Брух. З 1913 праф. кансерваторыі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (у 1924—26 дырэктар). У яго творчасці спалучаліся тэндэнцыі імпрэсіянізму і неакласіцызму, сучасная тэхніка пісьма і імкненне да архаічнай мелодыкі стараж. форм, маляўнічасць аркестроўкі. Сярод твораў: оперы, балеты; творы для арк., у т. л. сімф. трылогія «Фантаны Рыма» (1916), «Пініі Рыма» (1924), «Рымскія ўрачыстасці» (1928); для інстр. з арк., у т. л. «Грыгарыянскі канцэрт» для скрыпкі з арк. (1921); п’есы для фп. і інш. інстр.; песні, рамансы, рэд. і арк. версіі італ. музыкі 17—19 ст.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФО́НАЎ Васіль Ільіч (25.1.1852, станіца Іцюрская Стаўрапольскага краю, Расія — 27.11.1918),

рускі піяніст, педагог, дырыжор, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. З 1880 выкладаў у Пецярбургскай, з 1885 у Маскоўскай (праф., у 1889—1905 дырэктар) кансерваторыях. З 1889 дырыжор сімф. аркестра Маскоўскага аддз. муз. т-ва. У 1906—09 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра і дырэктар Нац. кансерваторыі ў Нью-Йорку. Як піяніст вылучаўся высокай культурай, выразнай тэхнікай і тонкасцю маст. інтэрпрэтацыі. У пед. практыцы звярнуў увагу на развіццё муз. мыслення, майстэрства гукаатрымання, удасканаленне фп. тэхнікі. Аўтар метадычнай працы «Новая формула» (1915). Значны ўклад яго ў развіццё рус. піяністычнай школы. Сярод вучняў А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Гнесіна, А.​Гедыке, бел. піяністка-педагог В.​Сямашка.

В.​Л.​Пракапцова.

т. 14, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБІН Васіль Феадосьевіч (н. 24.2.1918, г. Харкаў, Украіна),

бел. і рас. дырыжор, хормайстар. Засл. арт. Беларусі (1954). Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Нар. арт. Расіі (1970). Вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі (1937—41). З 1945 маст. кіраўнік і гал. дырыжор ансамбляў песні і танца Уральскай ваен. акругі, Паўд. групы войск, Бел. ваен. акругі, Групы сав. войск у ГДР. З 1973 маст. кіраўнік, з 1983 дырыжор бюро спец. мерапрыемстваў Бел. філармоніі. Аўтар песень «Да спаткання, сталіца», «Марш мінскіх сувораўцаў», «У Беларусі мы служым» і інш. на вершы бел. паэтаў А.​Астрэйкі, А.​Бачылы, П.​Броўкі, М.​Танка, П.​Харкова, М.​Ясеня, апрацовак бел. і рус. нар. песень для мужч. хору. Дзярж. прэміі мастацтваў ГДР 1968, 1972.

Л.​Я.​Ракава.

В.​Ф.​Сербін.

т. 14, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГЕЦІ (Szigeti) Іожэф (Жазеф; 5.9.1892, Будапешт — 20.2.1973),

венгерскі скрыпач, педагог. Чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Італія). Скончыў Акадэмію музыкі ў Будапешце (1905); вучань Е.​Хубаі. У 1917—24 выкладаў у Жэнеўскай кансерваторыі. З 1925 у Францыі, ЗША, з канца 1950-х г. у Швейцарыі. Канцэртаваў у 1905—63, у т. л. ў СССР у 1924—37. Стварыў асабісты высокамастацкі стыль, які вызначаўся глыбінёй і натуральнасцю інтэрпрэтацый, спалучэннем стрыманай эмацыянальнасці і дэкламацыйнасці з тонкім пачуццём формы, высокага майстэрства, адухоўленасцю. Першы выканаўца твораў Б.​Бартака, Э.​Блоха, Э.​Ізаі, П.​Кадашы, А.​Казелы, Г.​Каўэла, С.​Пракоф’ева, у т. л. прысвечаных яму. Выдаў транскрыпцыі для скрыпкі і фп., у т. л. А.​Скрабіна. Аўтар кніг па скрыпічным выканальніцтве («Нататкі скрыпача», 1964).

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)