адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.
Літ.:
Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.
Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).Да арт.Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМЫ, інтэрнацыянальная лексіка,
словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, запазычаныя з якой-н. адной мовы і пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (напр., у бел., англ. і франц). У большасці сучасных моў складаюць грамадска-паліт., навук. і тэхн. тэрміны, запазычаныя з англ. («джаз», «імпарт»), франц. («балет», «наркоз»), італьян. («арыя», «бензін») моў. У бел. мове значная колькасць І. пашырылася ў 16—17 ст. у выніку запазычання непасрэдна або праз польск. пасрэдніцтва з грэч. («атам», «акадэмія», «дыялект», «фантазія») і лац. («аўтар», «доктар») моў. У сувязі з заняпадам старабел. літ.-пісьмовай мовы ў канцы 17 ст. многія старабел. І. былі забыты. Адноўлены ў бел. мове ў 20 ст. пад уплывам рус. мовы. І. выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях літ. мовы, найб. у навук.-тэхн. л-ры, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай і інш. тэрміналогіі («алегорыя», «драма», «перфект», «сінтаксіс»).
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Акуленко В.В. Вопросы интернационализации словарного состава языка. Харьков, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр.акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ ВЯЛІ́КІ (лац. Carolus Magnus, франц. Charlemagne; 2.4.747—28.1.814),
франкскі кароль (з 768), імператар [800—814], палкаводзец. З дынастыі Каралінгаў (назва ад яго імя). Сын Піпіна Кароткага, унук Карла Мартэла.
Ажыццявіў 53 ваен. паходы (27 узначальваў асабіста) супраць саксаў (772—804 з перапынкамі), лангабардаў (773—774, 776—777), арабаў у Іспаніі (778—779, 796—810), зах.-слав. плямён (789—806), авараў (791—799) і інш. Стварыў вялізную дзяржаву (умацаваў яе граніцы праз заснаванне марак), якая ўпершыню пасля распаду Зах. Рымскай імперыі аб’яднала амаль усе хрысц. краіны Зах. Еўропы (уключала тэр. сучасных Францыі, зах. і паўд. Германіі, паўн. і сярэдняй Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, паўн.-ўсх. Іспаніі). Каранаваны як імператар у Рыме папам Львом III (800), пасля чаго лічыўся правадыром усяго хрысц. Захаду (як візант. імператары на Усходзе). Правёў суд. і ваен. рэформы, апекаваўся царквой, садзейнічаў развіццю культуры і асветы (выдаў указ пра абавязковае навучанне дзяцей вольных людзей, пры яго двары існавала акадэмія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНША́СА (Kinshasa),
горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім.вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац.ун-т. Нац.акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.
Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗА́НА (Lausanne),
горад на ПдЗ Швейцарыі. Адм. ц. кантона Во. 123 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Жэнеўскім возеры. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., паліграф., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, вінаробчая. Ун-т. Штаб-кватэра Міжнар. Алімпійскага к-та. Музеі: алімпійскі, выяўл. мастацтваў, археалогіі і гісторыі, дэкар. мастацтваў і інш.Арх. помнікі 12—18 ст. Шматлікія масты і фунікулёры. Турызм. Курорт.
У старажытнасці паселішча, якое рымляне наз. Лаўзоніум. З 590 цэнтр епіскапства (улада належала сеньёру-епіскапу), якое ў 1536 скасавана ў выніку Рэфармацыі. У 13—14 ст. горад залежаў ад Савойскага графства, у 1536—1798 — ад Берна. У 1537 засн. пратэстанцкая акадэмія (з 1891 ун-т). У 1798 сталіца Леманскай рэспублікі. З 1803 у складзе Швейцарыі, сталіца кантона Во (Ваат). У Л. знаходзіцца федэральны трыбунал (з 1874), праводзяцца шматлікія міжнар. канферэнцыі, у т. л.Лазанская канферэнцыя 1922—23. Сусветна вядомы курорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ ДУ ((Le Doux) Франсуа Габрыэль) (1755?, Парыж — 2.2.1823),
танцоўшчык, балетмайстар, педагог. Паводле паходжання француз. Паслядоўнік Ж.Ж.Навера. З 1770 саліст т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» («Гранд-Апера») у Парыжы. У 1782—85 па запрашэнні падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза працаваў балетмайстрам у яго прыдворным т-ры ў Гродне, выкладаў у балетнай школе ў Паставах (у 1784 паставіў уласны «Балет вод, або Купель Дыяны»). Пасля смерці Тызенгаўза па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага сфарміраваў і ўзначальваў балетную трупу «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» (дэбютавала 24.9.1785 яго балетам «Гілас і Сільвія», падрыхтаваным у Пастаўскай балетнай школе; працавала да 1794). Аснову трупы складалі прыгонныя артысты Гродзенскага балета, у т. л. яго вучні М.Рымінскі, Е.Валінскі, Д.Сітанская, М.Малінская, Р.Лаўцэвіч. У 1785—89 паставіў больш за 30 балетаў, у т. л. на ўласныя лібрэта («Ванда, каралева Польская» і інш.). У 1800 арганізаваў у Варшаве балетную школу, у 1805—07 узначальваў балетную трупу Нац.т-ра В.Багуслаўскага, у 1817 адкрыў прыватную школу салонных танцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА ПЯТРО́ЎНА (29 12.1709, Масква — 5.1.1762),
расійская імператрыца [1741—62]. З дынастыі Раманавых. Дачка Пятра I і Кацярыны I. Заняла прастол у выніку дварцовага перавароту 6.12.1741 супраць малалетняга Івана VI Антонавіча і яго маці Ганны Леапольдаўны (рэгенткі пры ім). Прызначыла пераемнікам свайго пляменніка Карла Петэра Ульрыха фон Гольштэйн-Готарпа (пазней Пётр III), у 1745 ажаніла яго з прынцэсай Соф’яй Аўгустай Фрэдэрыкай фон Ангальт-Цэрбсцкай (будучая Кацярына II). У час праўлення Л.П. ў Расіі ліквідаваны ўнутр. мытні (з 1.4.1754), адменена пакаранне смерцю (1756), заснаваны Маскоўскі універсітэт (1755), першы рас. публічны т-р (1756), Пецярбургская Акадэмія мастацтваў (1757), адбылася рас.-швед. вайна 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743, рас. войскі ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне 1756—63.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986;
Наумов В.П. Елизавета Петровна // Вопр. истории. 1993. № 5;
Валишевский К.Ф. Дочь Петра Великого. Ростов н/Д, 1998.
Імператрыца Лізавета Пятроўна. Гравюра Ж.Меку паводле арыгінала А.Бенера. 1817.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛЬЦБУРГ (Salzburg),
горад у зах.ч. Аўстрыі, у перадгор’ях Альпаў, у даліне р. Зальцах. Адм. ц. зямлі Зальцбург. 144 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., паліграф., дрэваапр., швейная, харчовая. Ун-т (з 1622). Муз.акадэмія Моцартэум (з 1841). Штогадовы муз.-тэатр. фестываль (з 1917). Цэнтр турызму і курорт міжнар. значэння.
У 1—5 ст.н.э. на месцы З. існавала стараж.-рым. калонія Ювавум. З 739 рэзідэнцыя епіскапа (засн. каля 700), з 798 — архіепіскапа, а таксама купецкае паселішча (назва З. упершыню згадваецца ў 774). Гар. правы з 1368. Месца значных выступленняў у Сял. вайну 1524—26 (гл. ў арт. М.Гайсмайр). У 1622 засн.ун-т. У 1810—15 належаў Баварыі. У 1938—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі.
У 1945—55 у складзе амер. зоны акупацыі Аўстрыі.
Сярод арх. помнікаў абацтва бенедыкцінцаў (засн. каля 690): касцёл св. Пятра (12—13 ст.); комплекс раманскіх і гатычных кляштарных будынкаў (12—14 ст., у т. л.б-ка з багатымі зборамі, скарбніца, капітуляр); могільнік з катакомбамі (3 ст.) і комплексам капліц, у т. л. познагатычная капліца св. Маргарыты (1485—91); сабор (асвячоны ў 774, перабудаваны ў 1611—28 у стылі барока, арх. С.Салары), абкружаны ансамблем з трох плошчаў з рэзідэнцыяй архіепіскапа (засн. каля 1120, перабудоўвалася ў 16—18 ст.); абацтва бенедыкцінак Нонберг: рамана-гатычны касцёл (11—12, 15 ст.) з раманскімі насценнымі размалёўкамі (сярэдзіна 12 ст.), кляштар (13—17 ст.); касцёл францысканцаў: раннегатычны неф (пач. 13 ст.), гатычны прэсбітэрый (пач. 14 ст.) са скульптурай Мадонны, познагатычная вежа (1486—94); барочныя цэрквы І.Б.Фішэра фон Эрлаха — Калегіяльная (1694—1707), Тройцы (1694—1702), Урсулінак (1699—1705), Шпітальная св. Іаана (1699—1704); б. стайні (1607—62) з зімовай (1662) і летняй (1693) школамі верхавой язды (у 1920—30-я г. перабудаваны ў «Дом прыроды») і будынак моцартаўскіх фестываляў «Фестшпільгаўз», арх. К.Гольцмайстэр, Э.Гютэр). Над старым горадам (на выш. 130 м) крэпасць Гоэнзальцбург (засн. ў 1077, перабудавана ў 1465—1519). Муз.акадэмія «Моцартэум» (1912—14, арх. Р.Бернт). Радзіма В.А.Моцарта і яго дом-музей. Музей Караліны Аўгусты. Каля З. замак Гельбрун (1613—19, арх. Салары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.Ластоўскі, І. і А.Луцкевічы, В.Святаполк-Мірскі, Я.Станкевіч, У.Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел.навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.
Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук.зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.
А.С.Ліс.
Да арт.Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.Луцкевіча. Вільня. 1929.