пасы́лачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пасылкі (у 1 знач.). Пасылачныя судны.

2. Які мае адносіны да пасылкі (у 2 знач.), служыць для пасылак. Пасылачная квітанцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎТАКРА́Н,

аўтамабільны кран, самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АШЭ́Т»

(Hachette),

«Лібрэры Ашэт» (La Librairie Hachette), французскае акцыянернае т-ва па выданні і распаўсюджванні кніг і перыяд. друку. Створана ў 1919 у Парыжы на базе кнігавыдавецкай і гандл. фірмы Л.Ашэта (засн. ў 1826). Выдае штодзённыя газеты «France-soir» («Вячэрняя Францыя»), «Paris-Presse-L’Intransigeant» («Незалежная парыжская прэса») і інш. Мае філіялы ў краінах Зах. Еўропы і Афрыкі.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІПРАСТЫ́ЛЬ (грэч. amphiprostylos),

тып стараж.-грэч. прамавугольнага ў плане храма, які мае калонныя порцікі на тарцовых фасадах, пазбаўленыя дэкору падоўжныя сцены. Амфіпрастыль звычайна будавалі з гладкіх каменных блокаў. Шырока вядомы амфіпрастыль, пабудаваны паводле праекта Калікрата на Афінскім Акропалі, храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі).

Да арт. Амфіпрастыль. Храм Ніке Аптэрас на Акропалі ў Афінах. Арх. Калікрат. 449—420 да н.э.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКЛІНО́РЫЙ (ад антыкліналь + грэч. oros гара),

буйны комплекс складкавых структур зямной кары, які ўзнік у геасінкліналях. Характэрны агульны ўздым і заляганне найб. стараж. парод у цэнтр. частцы, форма выцягнутага скляпення. Восевыя плоскасці складак антыклінорыю часта размешчаны веерападобна і нахілены ад цэнтра да перыферыі. Мае сотні кіламетраў у даўжыню і дзесяткі ў шырыню (В.Каўказ, Уралтау і інш.).

М.А.Нагорны.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫМАНІ́Т (ад позналац. antimonium сурма),

сурмяны блішчак, стыбніт, мінерал класа сульфідаў Sb2S3. Мае 71,4—71,8% сурмы. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя, ігольчастыя крышталі, суцэльныя, зярністыя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 4,5—4,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальнае, радзей у свінцова-цынкавых радовішчах і інш. Галоўная руда сурмы.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЧО́УС,

еўрапейскі анчоус (Engraulis eucrasicholus), хамса, рыба атр. селядцападобных. Жыве ў водах Атлантычнага ак. ад Паўночнага м. да Біскайскага заліва.

Даўж. да 20 см, маса да 19 г. Цела цыгарападобнае, спінны плаўнік невялікі. Трымаецца чародамі. Робіць сезонныя і вертыкальныя сутачныя міграцыі. Корміцца планктонам. Палавой спеласці дасягае на 2-м годзе жыцця. Жыве да 4 гадоў. Мае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага моста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,

малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)