кава́ць, кую, куеш, куе; куём, куяце; незак., што.
1. Ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму. Каваць жалеза. // Вырабляць каваннем. Заўсёды ля .. кузні шмат народу: падкоўваюць коней, куюць нарогі. Бядуля.
2. перан. Настойлівай працай, вялікімі намаганнямі ствараць што‑н., дамагацца чаго‑н. Каваць перамогу. □ — Табе, Міхась, ужо вядома, Што нашы людзі мір куюць, На рыштаваннях, на варштатах, У інстытутах, у брыгадах. Корбан. Людзі самі, сваімі шчырымі рукамі, куюць сваё шчасце, робяць вясну на зямлі! Бялевіч.
3. Падкоўваць, акоўваць. Каваць колы. □ У наступныя дні ён вадзіў у саўгасную кузню каваць кон[ей]. Чорны.
4. Закоўваць (у кайданы і пад.). Так і павялі таварыша Васіля.. Каваць не пасмелі, каб не выклікаць цікаўнасці людзей. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.
1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.
2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.
3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.
4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.
2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.
3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́насіць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.
1. Перанесці за некалькі прыёмаў усё, поўнасцю. З хлява вывезлі на поле гной. З грубак, з лазні і з кухні вынасілі вёдрамі.. попел. Нядзведскі. Здаецца, не стрывае камень, а .. [чалавек] за свой кароткі век і горы вынасіць рукамі... Дубоўка.
2. Пранасіць дзіця да родаў. [Валя да Любы:] — Цяпер я цябе зусім адчуваю, ты свайго сына вынасіла ўсёй сваёй душой... Чорны.
3. Выцерці, працерці ў выніку доўгага нашэння.
4. Пранасіць некаторы час. Выносіць касцюм пяць гадоў.
5. перан. Абдумаць да поўнай яснасці, закончанасці. Выносіць ідэю. □ Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Колас. Чудзін здаваўся.. [Маі] тым героем, каго яна вынасіла ў дзявочых марах, вычытала ў сотнях кніжак, падгледзела крадком у фільмах. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.
2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.
3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.
Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ану́ча, ‑ы, ж.
1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.
2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.
3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.
4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.
5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.
•••
Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аняме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пра чалавека, які страціў здольнасць гаварыць. // Той, хто страціў на некаторы час мову (ад здзіўлення, радасці і пад.).
2. Застылы ў нерухомасці пад уплывам якога‑н. пачуцця. Гэта Волечка! Але чаму яна не бяжыць подскакам .. насустрач [Няваду], а стаіць, як анямелая, і не адрывае ад яго вачэй?! Чорны. Міхалка стаяў анямелы на грэблі каля заставак. Бядуля.
3. Ціхі; пазбаўлены гукаў. І часамі ў стэпах анямелых, Калі толькі ты ды цішыня — Нечакана і незразумела Мёртвыя размовы зноў звіняць. Панчанка. Заснуў пасёлак анямелы. Колас.
4. Неадчувальны. — А я быў ужо заснуў, — сказаў Сімон і пацёр анямелую шчаку. Самуйлёнак. // Нечуллівы. [Васіль], дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адко́с 1, ‑у, м.
1. Нахільная паверхня гары, узгорка і пад.; адхон. Трыма крокамі .. [Пархвен] перайшоў схілісты адкос, лёг на зямлю і прыгледзеўся. Чорны. // Бакавая пакатая паверхня дарожнага палатна, насыпу і пад. Берагавы адкос. □ На адкосах дарог густа цвіце блакітны падарожнік. Брыль. [Тры чалавечыя фігуры] падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосе на палатно.. і доўга пазіралі ў той бок, дзе за тэлеграфным слупам стаяў з карабінам у руках Грышка. Чарот. Раслі масты, высокія адкосы, і рэйкі струнамі віліся ўдаль. Машара.
2. Спец. Нахільная паверхня, якая ідзе пад вуглом; старана чаго‑н. (якога‑н. будынка, збудавання).
адко́с 2, ‑у, м.
Адработ касьбой за паслугу, пазыку і пад. Ніякі калгас не будзе пазычаць збожжа ў другім калгасе на аджон ці на адкос. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. Незак. да адмовіць.
2. Выступаць праціўнікам чаго‑н.; не прызнаваць існавання, значэння, мэтазгоднасці чаго‑н. Адмаўляць існаванне бога. □ У процівагу В. Дуніну-Марцінкевічу паэт-грамадзяін Ф. Багушэвіч адмаўляў увесь тагачасны, і дзяржаўны лад. Шкраба. Помніць толькі [Сяргей], што ён нешта нігілістычна адмаўляў, і не столькі ад цвёрдага пераканання, колькі ад простай мужчынскай ўпартасці. Шамякін.
3. Абвяргаць што‑н., не згаджацца з кім‑, чым‑н. Да гэтага часу Скуратовіч прызнаўся, што некалькі разоў бачыўся з Толікам, але адмаўляў удзел сына ў забойствах. Чорны. [Уладзік:] — А таму нам [настаўнікам] трэба дагаварыцца загадзя; як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)