ОПОЯ́З (ад рус. назвы Таварыства вывучэння паэтычнай мовы),

навукова-даследчае аб’яднанне рус. лінгвістаў, тэарэтыкаў і гісторыкаў літаратуры ў сярэдзіне 1910-х—1920-я г. Створаны ў 1916—18 Я.​Паліванавым, Л.​Якубінскім, В.​Брык, С.​Бернштэйнам, В.​Шклоўскім, Б.​Эйхенбаумам, Ю.​Тынянавым. Адмовіўся ад традыц. метадаў апісання і аналізу літ. творчасці, засяродзіўшы ўвагу на даследаванні яе моўна-выяўл. сродкаў як дамінуючых канструктыўных фактараў у рухомай сістэме стварэння і ўспрымання твораў. Сцвярджаў эстэт. самакаштоўнасць паэт. мовы і фармальна-маст. наватарства незалежна ад ідэалаг. арыентацыі. Генетычна звязаны з мадэрнісцкімі плынямі ў мастацтве, якія імкнуліся пераадолець літ. шаблоны і аўтаматызм іх успрымання шляхам парадаксальных слоўных вобразаў і метадам «остранения» — стварэння ўскладненай, нялёгкай для ўспрымання формы. Даследаваў тэорыю вершаскладання, структуру і семантыка-эстэт. функцыі маст. мовы, сюжэтную будову буйных празаічных жанраў і іх эвалюцыю, выкарыстоўваў параўнальна-тыпалаг. метады і стыліст. спосабы аналізу. Пад уплывам жывой маст. практыкі (творчасць У.​Маякоўскага, С.​Эйзенштэйна і інш.) і канструктыўнай крытыкі ў 2-й пал. 1920-х г. аб’яднанне пераадольвала фармаліст. тэндэнцыі. Паўплываў на канцэпцыі выяўл. і арх. мастацтва Беларусі 1920-х г. (асобныя ідэі К.​Малевіча, канструктывізм) і літ. рух [ідэя «аквітызму» (ажыўлення) у «Маладняку», погляд на л-ру як «жыццебудаўніцтва» ва «Узвышшы», атаясамліванне мастацтва і жыцця ў эстэт. праграме «Літаратурна-мастацкай камуны»]. У канцы 1920-х г. распаўся пад націскам раппаўскай вульгарна-сацыялаг. крытыкі, прадстаўнікі якой на Беларусі аднабакова разглядалі гэты кірунак як бурж. і фармалістычны. З 2-й пал. 1950-х г. пад уплывам метадаў О. фарміраваліся структуралісцкія і матэм. метады даследавання мовы і маст. л-ры.

Літ.:

Тынянов Ю. Проблема стихотворного языка;

Статьи. [2 изд.] М., 1965;

Шкловский В. О теории прозы. М., 1925;

Бахтин М. К эстетике слова // Контекст, 1973. М., 1974.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кі апавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.​Брыль, А.​Кучар, А.​Марціновіч, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1981—86;

Бел. пер. — Кара-Бугаз. 2 выд. Мн., 1935;

Калхіда. Мн., 1935;

Чорнае мора. Мн., 1938;

Аповесці. Мн., 1957;

Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.

Літ.:

Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;

Кременцов А.И. К.​Г.​Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;

Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;

Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.​Г.​Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург. Л., 1990.

А.​В.​Спрынчан.

К.Г.Паустоўскі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНДО́ЎГ (Мендог; 11957—1263),

заснавальнік і першы вял. князь Вялікага княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х г. М. дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве або значнай яе частцы. Ў 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам. Далучыў да сваіх уладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. ў праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 або пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1252 (паводле інш. звестак 1253) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў сваю дачку замуж за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў арганізаваны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.

В.​Л.​Насевіч.

Міндоўг.

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),

асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.

Літ.:

Мораль, сознание и поведение. М., 1986;

Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Моральные ценности и личность. М., 1994.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС,

чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн. км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн. км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл. Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 10​23кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім. т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».

Літ.:

Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;

Поверхность Марса. М., 1980;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).
Да арт. «Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.
Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 10, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»

(«Młoda Polska»),

назва перыяду ў развіцці польскай л-ры і мастацтва 1890—1918. У дачыненні да л-ры ўжываюць таксама тэрміны «мадэрнізм», «неарамантызм», якія абагульняюць разнастайныя плыні і тэндэнцыі, характэрныя для гэтай эпохі (натуралізм, сімвалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш.). Эстэтыка і паэтыка «М.П.» супрацьстаялі папярэдняму перыяду — пазітывізму і фарміраваліся пад уплывам філас. ідэй А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ, А.​Бергсона, а таксама зах.-еўрап. нерэалістычнай л-ры канца 19 ст. і традыцыі нац. рамантызму (пераважна Ю.​Славацкага). 1-ы этап развіцця «М.П.» (1890—1907) вызначаецца з’яўленнем маніфестаў, у якіх сцвярджаюцца прынцыпы дэкадэнцкага мастацтва (артыкулы 3. Пшасмыцкага, С.​Пшыбышэўскага). Гэтыя праграмы падвяргаліся крытыцы, якая ўзмацнілася ў час 2-га этапа (1907—18). Адметнай рысай літ. свядомасці пасля 1907 стаў культ жыцця (С.​Выспянскі, Л.​Стаф) у процівагу дэкадэнцкаму настрою адзіноты і бязвыхаднасці. Паэзія «М.П.» прадстаўлена творамі Я.​Каспровіча, К.​Тэтмаера, Т.​Міцінскага, Стафа, Б.​Лесьмяна і інш., проза — Пшыбышэўскага, Міцінскага, С.​Жаромскага, В.​Рэйманта, В.​Оркана і інш., драматургія Выспянскага, Г.​Запольскай, В.​Пежынскага, Т.​Рытнера, К.​Раствароўскага, Я.​Леманскага, А.​Навачынскага, Т.​Бой-Жаленскага і інш. Развіццё пластычных мастацтваў у рэчышчы «М.П.» вызначалася суіснаваннем розных стылявых плыняў: імпрэсіянізму (жывапісцы Ю.​Панкевіч, Л.​Вычулкоўскі, Я.​Станіслаўскі), сімвалізму (жывапісцы Ф.​Рушчыц, Я.​Мальчэўскі), мадэрну (жывапісцы і графікі Выспянскі, Ю.​Мехофер, В.​Вайткевіч, К.​Фрыч). Архітэктура выкарыстоўвала матывы драўлянага дойлідства (С.​Віткевіч), стыль мадэрн набываў у ёй нац.-рамант. афарбоўку (Т.​Стрыенскі, Ф.​Манчынскі). Пад уплывам імпрэсіянізму і мадэрну адбываўся ўздым скульптуры (К.​Ляшка, В.​Шыманоўскі, К.​Дунікоўскі). Атрымала развіццё дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Młoda Polska: Antologia. 6 wyd. Warszawa, 1963;

Literatura okresu Młodej Polski. T. 1—3. Warszawa, 1967—73;

Wyka K. Młoda Polska. T. 1—2. Kraków, 1977;

Makowięcki A.Z. Młoda Polska. Warszawa, 1981.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСК’Ё ((Montesquieu) Шарль Луі) (18.1.1689, Лабрэд, каля г. Бардо, Францыя — 10.2.1755),

французскі філосафа-светнік, сацыёлаг, правазнаўца, пісьменнік. Чл. Ін-та Францыі (1727). Скончыў каталіцкі каледж (1705). Вывучаў права ў г. Бардо і Парыж. З 1714 саветнік, з 1716 віцэ-прэзідэнт парламента (суда) Бардо. З 1726 у Парыжы. У 1729—31 у Вялікабрытаніі. У творы «Пра дух законаў» (1747), зыходзячы з ант. паліт. тэорый, вылучаў 3 правільныя формы праўлення (дэмакратыя, арыстакратыя і манархія) і адну няправільную (дэспатыя). Найлепшым спосабам недапушчэння дэспатыі лічыў раздзяленне ўлад на заканадаўчую, выканаўчую, судовую, свабоднае функцыянаванне дэмакр. ін-таў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Прынцыпы раздзялення ўлад і 3 відаў праўлення пакладзены ў аснову паліт. ўладкавання шэрагу краін Еўропы і ЗША, служаць важнай навук.-тэарэт. крыніцай для даследчыкаў і заканадаўцаў. Жорсткасці і бессэнсоўнасці дэспатызму проціпастаўляў сац. роўнасць грамадзян, паліт. плюралізм, свабоду слова і друку, забеспячэнне законнасці і асабістай бяспекі грамадзян. У дэмакратыі рухаючай сілай і ўмовай росквіту краіны абвяшчаў доблесць — павагу да законаў і любоў да Айчыны, адданасць кожнай асобы дэмакр. ідэалам і агульнадзярж. справе. Развіваў канцэпцыю функцыянальнай ролі рэлігіі, якая, на яго думку, паляпшае норавы падданых, змякчае дэспатызм і садзейнічае падтрыманню сац. парадку ў грамадстве. У рамане «Персідскія пісьмы» (1721) крытыкаваў норавы франц. грамадства, яго паказную «цывілізаванасць» і адарваную ад жыцця «вучонасць», прыгон з боку ўлады і царквы. У духу палітыка-прававой і гіст. канцэпцыі М. развівалі вучэнне аб формах сац.-эканам. і паліт. ладу, грамадзянскай супольнасці, пастаянным прагрэсе прававых норм і законапалажэнняў бел. мысліцелі-асветнікі К.​Вырвіч, Ф.​Карпінскі, М.​Карповіч, А.​Нарушэвіч, І.​Страйноўскі, М.​Чацкі і інш.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1955;

Персидские письма. Элиста, 1988.

Літ.:

Баскин М.П. Монтескье. 2 изд. М., 1975;

Азаркин Н.М. Монтескье. М., 1988.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Ш.Мантэск’ё.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (Расціслаў Пятровіч) (н. 15.4.1930, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. гісторык, публіцыст. Д-р гіст. н. (1982), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, камсам. і парт. органах, мінскіх ВНУ. У 1973—80 сакратар Мінскага абкома КПБ, у 1980—91 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1992 у Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 1999 нам. дырэктара ін-та, старшыня Археагр. камісіі Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь, з 2000 гал. рэдактар «Беларускага археаграфічнага штогодніка». Даследуе праблемы дзярж. будаўніцтва, паліт. гісторыі Беларусі, КПБ, барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Працуе ў галіне крыніцазнаўства і практычнай археаграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» (1995), «Дзяржаўнасць Беларусі: Праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і цэнтральнага кіравання БССР (1965—1991 гг.)» (ч. 1—3, 2000), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000) і інш. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1980—89.

Тв.:

Пропаганда научного атеизма: Ист.-социол. исслед. на материалах Компартии Белоруссии. Мн., 1982;

Авангардная сила советского общества. Мн., 1986;

На крутом переломе: Очерк основных направлений деятельности Компартии Белоруссии по осуществлению перестройки Мн., 1989 (разам з Ю.​П.​Смірновым);

Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг. Мн., 1996;

Лёсы: Гіст.-дак. нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гг. Мн., 1998;

На крутым павароце: Ідэолага-паліт. барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Мн., 1999;

Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. Мн., 2000.

Літ.:

Р.​П.​Платонаў: (Да 70-годдзя з дня нараджэння): Бібліягр. паказ. Мн., 2000;

Міхальчанка А. і інш. Вучоны, грамадскі дзеяч, журналіст // Бел. гіст. часоп. 2000. № 2.

т. 12, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)