атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).
Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН,
машына для здрабнення (памолу) розных матэрыялаў. Ад драбілак адрозніваецца больш тонкім памолам (да часцінак менш за 5 мм, часам да 0,001 мм). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім., металургічнай, фармацэўтычнай і харч. прам-сці, у вытв-сці буд. матэрыялаў і інш.
У М. матэрыялы трапляюць пад удары рухомых рабочых органаў або здрабняльных цел, пераціраюцца, расціскаюцца, саўдараюцца. Паводле формы і віду рабочага органа адрозніваюць М.: барабанныя (шаравыя, стрыжнёвыя, галечныя, самаздрабнення); ролікавыя, валковыя, кальцавыя, фрыкцыйна-шаравыя і бегуны; малатковыя, пальцавыя (дэзінтэгратары); вібрацыйныя з хістальным корпусам; струменныя і аэрадынамічныя (без здрабняльных цел). Пры неабходнасці барабанныя М. аб’ядноўваюць з класіфікатарамі або з паветр.сепаратарамі. Найб.пашыраны барабанныя М. значных памераў (дыяметрам да 5 м і больш, даўж. да 15 м). Гл. таксама Мукамольны млын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАЛО́ЎКАВЫЯ (Muscicapidae),
сямейства пеўчых вераб’іных птушак атр. вераб’інападобных. 5 падсям., 82 роды, каля 360 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі, акрамя пустынь і тундры. На Беларусі 4 віды: мухалоўка-белашыйка (Ficedula albicollis); мухалоўка малая, або лоцманчык (F. parva); мухалоўка-стракатка (F. hypoleuca) і мухалоўка шэрая (Muscicapa striata). Жывуць пераважна ў разрэджаных лясах, парках, садах, гняздуюцца на дрэвах, кустах, некат. — у дуплах. Пералётныя, 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне розных колераў; у некат. М. існуе палавы дымарфізм. У асобных відаў сярэднія рулявыя пёры хваста вельмі доўгія. Дзюба шырокая, плоская, са шчацінкамі па краях рота. Кормяцца насякомымі (пераважна мухамі, адсюль назва), інш. дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 10 яец.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Мухалоўкавыя. Мухалоўкі: 1 — малая; 2 — шэрая, 3 — белашыйка; 4 — стракатка (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,
рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.
Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл.Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб.пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІ, мядзведзевыя (Ursidae),
сямейства млекакормячых атр. драпежных. Вядомы з сярэдняга міяцэну Еўразіі. 17 родаў (12 вымерлых), 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Трапляюцца пераважна ў лясных раўнінных і горных ландшафтах. Жывуць паасобна або сем’ямі (самка з маладымі, часам з самцом). Буры М., чорны М. (Ursus americanus) і белагруды М. (U. thibetanus) зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — буры мядзведзь. 5 відаў і 3 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 1 т. Склад цела масіўны. Галава вялікая, з падоўжанай мордай, лапы моцныя, пяціпальцыя, ступняходныя. Футра густое, з развітым падшэрсткам. Афарбоўка белая, чорная або бурая з рознымі адценнямі. Усёедныя. Манагамы. Нараджаюць 2—3 (зрэдку да 5) медзведзяняці 1 раз у 2 гады. Гл. таксама Белы мядзведзь, Грызлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НЫ,
прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб.пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн. Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на ПдЗах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-раліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),
надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.
У якасці Н.э.найб.пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЧНІ́ЦЫ (Myotis),
род млекакормячых жывёл сям. гладканосых (звычайных) лятучых мышэй атр. рукакрылых. Больш за 80 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. Жывуць у розных ландшафтах, у сховішчах, адзіночнымі асобінамі, групамі, калоніямі. Зімой упадаюць у спячку. У Чырв. кнізе МСАП 2 віды: Н. шэрая (M. grisescens) і індыйская (M. sodalis). На Беларусі 5 відаў: Н. вялікая (M. myotis), Натэрэра, або раснічастая (M. nattereri), сажалкавая (M. dasycneme) — занесены ў Чырв. кнігу; вусатая (M. mystacinus) і вадзяная, або Н.Даўбентона (M. daubentoni). Трапляюцца ў дуплах дрэў, пабудовах, часта непадалёку ад вады.
Даўж. 3,5—8,5 см. Поўсць густая, пушыстая, бурая з рознымі адценнямі, зверху больш цёмная. Вушы сярэдніх памераў. Крылы тупыя, шырокія. На нагах лятальная перапонка. Кормяцца насякомымі (акрамя 3 рыбаедных відаў). Нараджаюць 1 дзіцяня ў год.