КА́ЎКА (Cauca),

рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Пачынаецца на Пд Цэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміж Цэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),

англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Идея истории;

Автобиография. М., 1980.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРАНЕІЗАЛЯВА́НЫЯ МО́ВЫ, ізаляваныя мовы, аморфныя мовы,

мовы, якія не маюць ні словазмянення, ні афіксальнага словаўтварэння. Адносіны паміж словамі выражаюць з дапамогай спалучэння некалькіх слоў, звязаных спосабам прымыкання, або пры дапамозе службовых слоў. Характэрны аднаскладовасць кораня, складовыя муз. тоны, цяжкасць размеркавання ўсіх слоў па часцінах мовы (адно слова можа выступаць у розных грамат. функцыях). Новыя паняцці ў К. м. перадаюцца спалучэннем каранёў. Блізкія да К. м. стараж.-кіт. (менш — сучасная кіт. мова), большасць моў Паўд.-Усх. Азіі, некат. мовы Зах. Афрыкі (эве) і інш.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́ННЕ,

2 курганныя могільнікі 11—12 ст. паміж в. Курганне Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. і р. Дабасна. У адным могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на спіне галавой на 3, трапляецца трупаспаленне. Знойдзены ганчарная кераміка, пярсцёнкападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы; шкляныя, сердалікавыя, бурштынавыя і металічныя пацеркі; металічныя прылады працы і інш. Могільнік належаў радзімічам. У другім могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце і ў яме. Знойдзены ганчарная кераміка, жал. нож, шкляныя залачоныя і сердалікавыя, буйназярністыя яйкападобныя пацеркі. Належаў дрыгавічам.

У.​У.​Багамольнікаў.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МБЕРТА ЗАКО́Н,

закон, паводле якога яркасць дыфузнай паверхні, што рассейвае святло, аднолькавая ва ўсіх напрамках. Сфармуляваны І.Г.Ламбертам (1760). З Л.з. вынікае, што сіла святла Ιφ, адбітага ці рассеянага ў напрамку, які ўтварае вугал φ з нармаллю да паверхні, звязана з сілай святла I0, адбітага ўздоўж нармалі, формулай Iφ=I0cosφ. Для паверхняў, якія падпарадкоўваюцца Л.з., паміж свяцільнасцю M і яркасцю L існуе сувязь: M = πL. Л.з. строга выконваецца толькі для абсалютна чорнага цела і прыблізна — для мутных асяроддзяў і моцна маціраваных паверхняў.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (1701—1767),

расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл. Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.​П.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦІЧЫ (лац. Lutici),

велеты, саюз зах.-слав. плямён у 8—12 ст. на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м., паміж рэкамі Одра (Одэр) і Лаба (Эльба) на тэр. сучаснай Германіі. Саюз аб’ядноўваў плямёны хіжан, далянчан, ратараў (гал. племя, у іх г. Рэтра знаходзілася гал. святыня Л. — храм Сварожыча) і інш. Займаліся сельскай гаспадаркай, рамяством і марскім гандлем. У 9 — пач. 10 ст. Л. кіраваў князь ратараў, пазней — сход плем. знаці. У пач. 12 ст. пасля больш як 300 гадоў барацьбы заваяваны герм. феадаламі і германізаваны.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),

жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)