Малоць, моло́тэ, муло́ты ’раздрабняць, размолваць зерне ці што-небудзь іншае’, ’церці, раздрабняць мак, мяса’, ’балбатаць’, ’ілгаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ; Совещ. ОЛА (Гомель, 270)), міёр. ’хутка есці’ (Нар. лекс.). Укр. моло́ти, рус. моло́ть, польск. mleć, н.-луж. mlaś, в.-луж. mlěć, чэш. mlíti, славац. mlieť, славен. mléti, серб.-харв. мле̏ти ’размінаць, давіць’, ’пэцкаць’, ’малоць’, макед. меле, балг. ме́ля, ст.-слав. млѣти. Прасл. melti ’расціраць зерне рукамі на камені’ роднаснае да літ. málti, лат. mal̃t, літ. malū̃nas, ст.-прус. malunis ’млын’, літ. mìltai, лат. milti, ст.-прус. meltan ’мука’; лац. molere, гоц., ст.-в.-ням., ст.-н.-ням. malan, ст.-ірл. meltim ’мялю’, ст.-грэч. μυλών ’млын’, μύλλω, арм. malem ’таўку, расціраю’, хецк. malanzi ’раздрабняюць’, алб. mieli ’мука’ (Міклашыч, 186; Бернекер, 2, 35; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 597; Фрэнкель, 403; Махэк₂, 368–369; Скок, 2, 444; Бязлай, 2, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масалі́ць, му́сліць ’слініць, жаваць’ (Сцяшк., Растарг.), масоліць ’забруджваць’, ’жаваць, грызці’ (Нас., Юрч.), масоліцца, ’брудзіцца чым-н. слізкім’, ’поркацца з чым-н.’, ’падсядаць да каго-н., шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Рус. мусо́лить ’смактаць (косці)’, ’весці або абгрызаць што-небудзь вельмі павольна’, ’доўга жаваць бяззубым ротам’, пск., смал. мосо́лить ’пэцкаць, абгрызаць косць’; валаг. моска́лить ’мазаць галаву тлушчам’ (пры москалыга = мосолыга), перм. му́слить, пск., цвяр. мусо́литься ’доўга поркацца з чым-небудзь’, мусля́к ’неахайны, слімак’. Славен. músa, masára ’брудная жанчына’, ’брудная карова’, zamúsati ’пакрыць брудам’, серб.-харв. кайк. musa, musača, zamúsan, mȕsav. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца новав.-ням. Schmutz ’бруд’, ст.-в.-ням. muzzan ’чысціць’, ст.-грэч. μύδος ’сырасць, гніль’, ст.-інд. mū́ra ’мача’, авест. mūϑtra‑ ’бруд’, і.-е. *meu‑ ’вільготны, рыхлы, брудны’. Аднак ні словаўтварэнне, ні першасная фанетычная форма застаюцца невядомымі (Праабражэнскі, 1, 571; Фасмер, 3, 16–17; Бязлай, 2, 207).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масці́ць ’рабіць насціл з дошак, бярвенняў (у мосце, падлозе)’, ’старанна ўкладваць, высцілаць’, ’брукаваць’, ’слаць пасцель’, ’рабіць сядзенне ў возе’, ’віць гняздо’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Мат. Гом.; КЭС, лаг.), ’рабіць кладку’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’рабіць падлогу з грунту (дзёрну, пяску)’ (ТС); масці́цца ’падсядаць’ (Шат., Нас.), ’ладзіцца, рыхтавацца’ (КЭС, лаг.), ’заляцацца’ (ігн., Сл. ПЗБ); масці́шча ’памост’ (красл., Сл. ПЗБ), масці́шчэ ’балотца за дварамі, да якога вялі масты праз ручай’ (Янк. 2), масці́шча, машчы́шча, маставі́шча, мастоўе ’места, дзе быў мост і грэбля’ (слаўг., Яшк.). Укр. мостити(ся), мостище, рус. мостить(ся) ’тс’, ст.-рус. мостити ’насцілаць мост, рабіць гаць, падлогу’, мостище ’месца, дзе быў мост ці гаць’. Да прасл. mostiti. Гл. мост.

*Масці́ць2, драг. умостэ́тэ, намостэ́тэ ў бо́ке ’накласці грымакоў, адлупцаваць, старанна біць’ (КЭС), мостыты ’знеслаўляць’ (З нар. сл.). Народная этымалогія злучае з масціць, аднак параўн. ст.-грэч. μαστίω ’біць хвастом аб свае бакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кро́іць ’разразаць матэрыю і інш. на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Жд. 2, Янк. I, ТС, Сцяшк., Касп., Сл. паўн.-зах.), разразаць’ (Сержп. Пр., Кліх, Вешт. 1, Гарэц.). Укр. кроіти, рус. кроить, ст.-рус. кроити ’тс’, балг. кроя, макед. крои, серб.-харв. кро̀јити, славен. kròjiti ’тс’, польск. kroić, чэш. krojiti, славац. krojiť, в.-луж. krejić, палаб. krüjĕ ’тс’. Прасл. krojiti — адыменны дзеяслоў, паходзіць ад krojь (Ваян, Gram. comp., 3, 417–418). У сваю чаргу прасл. krojь ад першаснага дзеяслова *kriti, які не мае надзейных балтыйскіх адпаведнікаў (параўн., аднак, Атрэмбскі, SI, 177, які звязвае са славянскім дзеясловам літ. raikýti ’рэзаць’). Іншыя індаеўрапейскія паралелі ўскладнены n‑дэтэрмінатывам: ст.-грэч. κρίνω, лац. cerno < *crino ’раздзяляць’ (Трубачоў, Эт. сл., 12, 181–182). Параўн. асабліва семантычна блізкія лац. cerno ’прасяваю’ і рус. кроить ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́ка1 ’вялікі драўляны малаток’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Нар. словатв., Нар. лекс.). Параўн. літ. kúokas, лат. kúoks ’драўляны молат для гульні або глушэння рыбы’. Беларускае слова (значэнне ’для глушэння рыбы’ зафіксавана, напр., у Касп., 170) запазычана з балтыйскіх дыялектаў (БСЭ, 5, 13–14; Лаўчутэ, Балтизмы, 144).

Ку́ка2 ’фіга’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк.). Рус. кука ’кулак’. Параўн. балг. кука ’крук’, серб.-харв. ку̏ка ’тс’. Параўн. літ. kukà ’дубінка’, kúoka ’тс’, лат. kùoks ’палка’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя (Бернекер, 639; Фасмер, 2, 404).

Ку́ка3 ’дзіцячая болька’ (Сцяц., Нар. лекс.), ’тое, чым палохаюць дзяцей’ (Жыв. сл.). Крыніцай беларускіх слоў лічацца літ. kaũkas ’дамавік, чорт’, лат. kauks ’тс’. Запазычанне адбылося да манафтангізацыі дыфтонгаў (Лаўчутэ, Балтизмы, 47).

Ку́ка4 ’стары танец, падобны да карагода’ (ТС). Няясна. Да ст.-грэч. κύκλος ’карагод’? Якімі былі шляхі пранікнення?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жар ’гарачае вуголле’, ’страснасць, заўзятасць’, разм. ’спёка’, ’гарачка’ (ТСБМ). Рус., укр. жар, польск. żar ’тс’, памор. žωr ’гарачае вуголле’, чэш. žár, славен. žâr ’гарачае вуголле’, ’полымя’, ’зарыва’, славац. žiar ’напал’, ’ззянне’, в.-луж. žar ’гарачае вуголле’, ’спёка’, ’заўзятасць’, балг., макед. жар, серб.-харв. жа̑р ’тс’. Ст.-рус. (XII ст.) жаръ ’вуголле, полымя’. Параўн. ст.-сл. жеравъ ’распалены’, ц.-слав. пожаръ ’пажар’ (Міклашыч, Lex. paleosl.). Прасл. *žarъ ’гарачае (тлеючае) вуголле, спёка (ад яго)’, адкуль развіліся іншыя пераносныя значэнні. Значэнне ’гарачка’ магло ўзнікнуць і ў сувязі з уяўленнямі аб чырвоным колеры (параўн. жара, жары). Прасл. *žarъ < *gērъ, што звязана з гарэць (гл.), мае паходжанне з і.-е. кораня *g​her‑ ’горача’; ст.-інд. gharma ’гарачае вуголле, спёка’, ст.-грэч. θερμός, лац. formus ’цёплы’ і інш. Гл. Фасмер, 2, 35; Скок, 1, 592–593; Траўтман, 79; Покарны, 1, 495 (з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рці ’прагна і многа есці’, жару́ (I ас.). Рус. жрать, укр. же́рти, польск. żerać, żreć, в.-луж. žrać, žeru, н.-луж. žraś, žeru, чэш. žráti, žeru, славац. žrať, žerú, славен. žreti, žrèm, серб.-харв. ждѐрати, жде̏рем ’жэрці’. Ст.-рус. жрати ’жэрці’ (XIV–XV стст. у копіі XVI ст.). Літ. gérti, лат. dzer̃t ’піць’, ст.-інд. giráti ’паглынаць’, арм. keri ’я еў’, грэч. βορά ’корм’, лац. voro ’паглынаю’. Прасл. *žer‑ti ці *žьr‑ti, *žьr‑a‑ti, *žьr‑ǫ з і.-е. кораня *g​er‑ ’паглынаць’. Праабражэнскі, 1, 236; Фасмер, 62–63 (дзе падкрэсліваецца іншы корань у ст.-слав. жьрѣти ’ахвяраваць; гл. жрэц); Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 296; Брукнер, 666–667; Махэк₂, 730 (не адлучае ст.-слав. жрѣти, дае тлумачэнні зменам вакалізму); Голуб-Копечны, 447; Скок, 3, 673–674; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Траўтман, 89; Покарны, 1, 474–475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зіма́ ’халодная пара года’. Рус., укр. зима́, польск. zima ’тс’, серб.-луж. zyma, палаб. zaimă, чэш. zima, славац. zima ’зіма, холад’, славен. zíma, серб.-харв. зи́ма ’тс’ балг. зѝма ’пара года’, макед. зима ’тс’. Ст.-слав. зима, ст.-рус. зима. Прасл. zima ’зіма’ < і.-е. *gʼhei‑m‑ ’зіма’ літ. žiemà, лат. zìema, ст.-прус. semo ’зіма’, грэч. χεῖμα ’зіма, холад’, хец. gimmanza ’зіма’. І.‑е. корань суадносіцца з *gʼheu‑ ’ліць’, г. зн. зіма першасна была часам, калі ліў дождж, а потым ’час снегу’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 29–31). Фасмер, 2, 97; Шанскі, 2, З, 92; ESSJ, пробны сшытак, 103–111 (дзе ўказваецца на сувязь з zęb‑); Махэк₂, 715; Скок, 3, 655; БЕР, 1, 641; Траўтман, 367–368; Покарны, 425. Пра зима ў ст.-рус., укр. гл. Вялкіна, Исслед. по словообр и лекс., 200; Качарган, Мовознавство, 1970, 6, 48.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палавы́1 ’які мае бледна-жоўты колер’ (ТСБМ, Гарэц., Мал., Сцяшк. МГ, Бяльк., Булг., Нар. сл.), полову́ ’тс’ (ТС). Рус. поло́вый, полово́й ’бледна-жоўты, бляклы’, укр. поло́вий ’жоўты, чырвона-жоўты’, ст.-рус. половъ ’бледна-жоўты, бляклы’, ст.-слав. плавъ, польск., в.-, н.-луж. płowy ’бляклы, саламяны’, чэш., славац. plavý ’бляклы, буланы, бледна-жоўты’, серб.-харв. пла̑в, пла́ва, пла́во ’блакітны, светлавалосы’, славен. plàv, pláva ’блакітны’, балг. плав ’бледна-жоўты’. Прасл. polvъ. Роднасныя літ. pal̃vas ’буланы, бледна-жоўты’, ст.-в.-ням. falo ’бляклы, бледны, светлавалосы’, ст.-інд. palitás ’стары, сівы’, palitám ’сівыя валасы’, грэч. πολιός ’шэры’, лац. раlteō ’бледны’, pallidus ’бледны’ і інш. (Траўтман, 205; Вальдэ-Гофман, 2, 239; Фасмер, 3, 313; у Фасмера гл. і інш. літ-ру).

Палавы́2 ’хлеб, у якім палова жытняй мукі’ (Касп.), паловэ́й (хлеб) ’тс’ (Шн. 3, Нік. Очерки). Ад пол‑, палова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўсць, по́ўсь, по́ўсьть ’шэрсць’, ’падшэрстак’, ’пыл, валаконцы, якія збіраюцца пад кроснамі або пры апрацоўцы нітак ці кужалю’ (ТСБМ, Янк. 1, Гарэц., Уладз., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), ’асцюкі ў коласе’ (пух., асіп., ЛА, 2), ’шэрсць, якая вылазіць з жывёлы’ (Шат.), ’футра’ (смарг., Сл. ПЗБ), по́высць ’воўна’ (Мат. Маг.), укр. повсть ’лямец’, рус. дыял. полсть ’лямцавая посцілка’, ’полка’, полсти́на ’лямец’, ст.-рус. пълсть ’лямец, дыван з лямцу’, польск. pilść, чэш. plst ’лямец, фетр’, в.-луж., н.-луж. pjelsć, славац. plsť, славен. pȏlst, серб.-харв. пу̏ст ’лямец’, балг. плъст, макед. pólst ’тс’ (Lex. mac. du XVI‑e siecle). Да прасл. *pьlstь, роднаснага ст.-в.-ням. filz ’воўна’, англ.-сакс. felt, швед., дац. filt, лац. pilleus, pilleum ’лямцавы капялюш’, грэч. πῖλος ’лямец’, што ўзыходзяць да і.-е. *piles‑ ’волас’ (БЕР 5, 372; Скок, 3, 81–82; Фасмер, 3, 318; Шустар-Шэўц, 2, 1078; Сной₂, 542).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)