мо́ўчкі, прысл.

1. Нічога не гаворачы. Чалавек стаяў моўчкі, разгублена цёр шыю. Новікаў. Вера слухала .. [Анісіма] моўчкі, не перастаючы збіраць ягады. Сачанка.

2. перан. Не пратэстуючы, пакорліва, маўкліва. Моўчкі скарыўся лёсу, Моўчкі цярплю хваробу. Жычка. Усе сядзелі моўчкі, бо надзеі на вызваленне ўжо не было. Федасеенка.

3. перан. Паціху, тайком. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Перамяшаць узбоўтваннем. Пабоўтаць мікстуру.

2. Боўтаць некаторы час. Патраўка была нецікавая. Госць і гаспадар пабоўталі трохі лыжкамі і забракавалі яе. Колас. Чарніліцу [Колька] абгарнуў паперкай, абвязаў шнурком, пабоўтаў у руцэ і, толькі ўпэўніўшыся, што з яе не выльецца, палажыў у кішэню. Чарнышэвіч. [Марынка] пагуляла .. крыху, ручкамі пабоўтала і заснула. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. Вандраваць некаторы час. Павандраваць па замежных краінах. Павандраваць па дарогах вайны. □ Паэт наведаў адроджаны Мінск, родныя пастаўскія мясціны, з якіх яго выгнала віхура першай сусветнай вайны, павандраваў па Палессі. Лойка.

2. Разм. Пайсці, накіравацца куды‑н. Сказаў Міхал і сам падняўся; За ім другія паўставалі І ў цёмны лес павандравалі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак.

1. Адгадаць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. — Ну, паваражыце мне! — панна Людміла працягнула Лабановічу руку. Колас.

2. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, папрацаваць над чым‑н. Бацька моўчкі павёў .. [хлопчыка] ў каюту, паваражыў над электроннай машынай, і з яе выпаўзла белая стужка з мноствам чорненькіх рысачак. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прагулка. Пайсці на пагулянку ў лес. □ Пад мастком быў зроблены шлюз, праз які час ад часу прапускалі плыты. Лабановіч потым часта хадзіў сюды на пагулянку. Колас. Дамоў Мікола вярнуўся стомлены, але задаволены сваёй пагулянкай. Краўчанка.

2. Вечарынка, гулянка. Наладзіць пагулянку. □ Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патраві́ць, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

Знішчыць, папсаваць траву, пасевы і пад.; зрабіць патраву. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Колас. Не прайшло двух тыдняў, як Ліпніцкі прыляцеў у Сячанку сварыцца, што вясковыя коні атаву патравілі ля рэчкі. Чарот. За тыя дні я патравіў каровамі многа пасеваў, нарабіў не раз шкоды. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патушы́ць 1, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

Спыніць гарэнне; пагасіць. Агонь дастаў толькі хлеў суседняй гаспадаркі. Але некалькі чалавек.. узлезлі на хлеў і хутка патушылі салому, якая ўжо задымілася. Шамякін. Вокны свяціліся: выходзячы, настаўнік забыўся патушыць лямпу. Колас.

патушы́ць 2, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

1. Утушыць усё, многае.

2. і без дап. Тушыць некаторы час (гл. тушыць ​2).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўкру́г, ‑а, м.

1. Палавіна круга. Чырвоны паўкруг сонца ўзнімаўся дзесьці там далёка-далёка, дзе відаць самы край небасхілу. Кавалёў.

2. Паўзамкнутая дугападобная лінія; тое, што мае форму такой лініі, размешчана па такой лініі; паўкола. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Колас. Калі левая гусеніца апісала паўкруг, Дзмітрый мімаволі прыціснуўся да спінкі сядзення. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́джанне, ‑я, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнню (да якой‑н. нацыі, народнасці, класа і пад.). Беларус па паходжанню. □ Ён па прафесіі — рабочы, А па паходжанню — латыш. Колас. [Генерал] ганарыўся сваім паходжаннем, сваімі ваеннымі ведамі. Шамякін.

2. Узнікненне, утварэнне чаго‑н. Паходжання жыцця на зямлі. Паходжанне мовы. □ На выгане, ля самай Каменні, узвышаюцца зялёныя курганы. Ніхто не ведае іх паходжання. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі непрыгожы, агідны, брыдкі; такі, як у пачвары. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнявым. Колас. [Сашынаму] хвораму ўяўленню здаецца, што твар .. [немца] нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... Шамякін.

2. Незвычайны, выключны (пра якія‑н. адмоўныя якасці). [Янка Брыль] .. выступае, як удумлівы, назіральны бытапісьменнік, якога глыбока хвалююць пачварныя з’явы сялянскага побыту. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)