КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.

Літ.:

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965;

Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ. М., 1967.

А.​У.​Чантурыя.

Да арт Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,

тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.

Т.​В.​Габрусь.

Крыжова-купальны храм.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Крым,

на Пд Украіны. Абмываецца на З і Пд Чорным, на У Азоўскім морамі і Керчанскім пралівам. З мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Пл. 27 тыс. км². На У — Керчанскі п-аў, на З — Тарханкуцкі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай. Паўн. частка К. — раўніна (т.зв. Стэпавы К.), паўд. (Горны К.) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўд. падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аюдаг) і стараж. вулканічнымі масівамі (Карадаг). Карысныя выкапні: жал. руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лек. гразі азёр. Клімат на Пн умераны, сухі, на Пд субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія т-ры студз. ад 1—2 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на Пн да 1200 мм у гарах за год. Рэкі малаводныя, найб. — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўн.-Крымскі канал. Глебы на Пн каштанавыя, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя. Стэпавы К. амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на Пн стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы. На тэр. К. — Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнікі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі бат. сад. Гал. гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. Пра гаспадарку гл. ў арт. Крым (Аўтаномная Рэспубліка Крым).

Г.​С.​Смамкоў.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Мярэя, на аўтадарозе, якая злучае Л. з г. Горкі. Да 1918 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і племзавода. За 17 км на ПнУ ад г. Горкі, 103 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 1955 ж., 506 двароў (1999).

Упамінаецца ў Дагаворнай грамаце 1523 аб перамір’і паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ. У 1529 яе купіў кн. Астрожскі і перадаў у пасаг сваёй дачцэ, якая выйшла замуж за Х.​М.​Радзівіла. У выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. З 1647 мястэчка, 56 двароў, фальварак, царква, вінакурня, млын, сукнавальня, карчма. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскай прав., потым Аршанскага пав. З-за адмовы ўладальніка К.​Радзівіла прысягнуць імператрыцы Кацярыне II мястэчка ў 1773 перададзена ў казну, а ў 1774 падаравана кн. Дандуковым-Корсакавым. 8.11.1812 тут размяшчалася гал. кватэра М.​І.​Кутузава. У 1897 мястэчка, 958 ж., царква, 2 малітоўныя дамы, гарбарны і клеяварны з-ды, 7 кузняў, царк.-прыходская школа, нар. вучылішча, фельчарскі пункт, пошта, 21 крама, карчма; 4 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Горацкага раёна Аршанскай акругі БССР (да 1930), з 1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў 1943 вёску спалілі ням.-фаш. захопнікі, загубілі 186 жыхароў. 12—13.10.1943 у баі за вёску ўпершыню ўдзельнічалі воіны 1-й Польскай дывізіі імя Т.​Касцюшкі. У 1972—730 ж., 210 двароў.

Жыллёва-камунальная гаспадарка, швейны цэх. Горацкае педвучылішча, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс, які ўключае Музей савецка-польскай баявой садружнасці, брацкія магілы сав. і польскіх воінаў.

В.​М.​Князева.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),

расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.​Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.​Саге, «Ода» Н.​Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.​Міё, «Матросы» Ж.​Арыка, «Баль» В.​Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.​Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.​Пракоф’ева, К.​Дэбюсі, М.​Равеля, М. дэ Фальі, П.​Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.

Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.

Літ.:

Плещеев А. С.​Лифарь. Париж, 1938;

Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофвев М. Профили искусства. М., 1965;

Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),

бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд. філал. н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял. Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​Р.​Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.​Агняцвет) «У людзях» М.​Горкага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1986.

Літ.:

Бугаёў Дз. На арбіце часу. Мн., 1974;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979;

Яго ж. Шматграннасць. Мн., 1970;

Вітка В. Урокі. Мн., 1982;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981;

Куляшоў Ф. Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

М.Лобан.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.

Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.​Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.​Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.​Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).

В.​М.​Чарнатаў.

Ляснянскі мемарыяльны комплекс.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл. Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».

У.​І.​Лемяшонак.

т. 9, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДО́СЦЬ»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. ілюстраваны маладзёжны часопіс. Выдаецца з крас. 1953 у Мінску на бел. мове. Гал. рэдактары: А.​Кулакоўскі (1953—58), П.​Панчанка (1958—66), А.​Асіпенка (1966—72), Г.​Бураўкін (1972—78), В.​Зуёнак (1978—82), А.​Грачанікаў (1982—91), Г.​Далідовіч (з 1991). Друкуе творы бел. пісьменнікаў — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, публіцыстычныя, крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, фотарэпартажы, нарысы пра работнікаў вытворчасці, дзеячаў навукі, культуры, л-ры і мастацтва, пераклады і інш. Змяшчае ілюстрацыі, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва. Асвятляе пераважна жыццё, прац. і вытв. дзейнасць бел. моладзі.

У часопісе друкаваліся А.​Адамовіч, С.​Александровіч, Асіленка, В.​Бечык, П.​Броўка, Р.​Бярозкін, В.​Вітка, С.​Гаўрусёў, Л.​Геніюш, А.​Грачанікаў, У.​Дубоўка, У.​Калеснік, У.​Караткевіч, К.​Кірэенка, Я.​Колас, Кулакоўскі, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, П.​Макаль, Я.​Маўр, І.​Мележ, В.​Палтаран, Панчанка, Б.​Сачанка, М.​Стральцоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, Я.​Янішчыц і інш.; супрацоўнічаюць В.​Адамчык, С.​Андраюк, М.​Арочка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Дз.​Бугаёў, Бураўкін, В.​Быкаў, А.​Васілевіч, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, У.​Гніламёдаў, У.​Дамашэвіч, А.​Жук, С.​Законнікаў, Зуёнак, М.​Ермаловіч, В.​Каваленка, К.​Камейша, А.​Кудравец, Я.​Лецка, А.​Лойка, І.​Навуменка, Г.​Пашкоў, Я.​Сіпакоў, І.​Шамякін, У.​Юрэвіч і інш.; бел. мастакі П.​Драчоў, А.​Кашкурэвіч, М.​Купава, А.​Марачкін, В.​Шаранговіч, Л.​Шчамялёў і інш. Аўтарамі ў часопісе выступаюць таксама дзеячы культуры і навукі, працаўнікі вытворчасці і г.д. З 1988 пры часопісе выходзіць штомесячны літ. дадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць».

Г.​В.​Далідовіч.

Вокладка часопіса «Маладосць». 1999.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.

Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял. кн. ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.

Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».

Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.

Літ.:

История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)