КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),
расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г.хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).
Тв.:
Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОК-САГЫ́З (Taraxacum kok-saghyz),
кветкавая расліна роду дзьмухавец. Пашыраны ў міжгорных далінах Усх.
Цянь-Шаня. Да 1954 вырошчваўся ў Еўрапейскай ч.СССР як лепшы натуральны каўчуканос флоры. З развіццём вытв-сці сінт.каўчуку не культывуецца.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—30 см. Лісце падоўжанае, зубчастае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, дробныя, у адзіночных кошыках. На адной расліне бывае да 200 кветаносаў. Плод — сямянка. Корань стрыжнёвы, у яго млечных сасудах назапашваецца каўчук. Пры пашкоджванні кораня латэкс выцякае ў выглядзе белай вадкасці, якая хутка застывае і ўтварае плеўку эластычнага каўчуку. Па якасці не саступае каўчуку трапічных каўчуканосных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТЫЧАЎ (Павел Андрэевіч) (24.2. 1845, Масква — 3.12.1895),
расійскі вучоны, адзін з заснавальнікаў глебазнаўства. Скончыў Пецярбургскі земляробчы ін-т (1869). Праф. гэтага ін-та і Пецярбургскага ун-та. З 1885 у Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей (з 1894 дырэктар дэпартамента земляробства). Навук. працы па вывучэнні біял. асноў глебаўтварэння і спосабаў павышэння ўрадлівасці глебы. Звязаў працэс глебаўтварэння з жыццядзейнасцю раслін і мікраарганізмаў, паказаў яго як працэс біял. ўзаемадзеяння паміж фактарамі жывой прыроды і навакольнага асяроддзя. Распрацаваў аграпрыёмы барацьбы з засухай.
Тв.:
Почвоведение. М.; Л., 1940;
Почвы черноземной области России. Их происхождение, состав и свойства. М., 1949;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ПУХ (Arctium),
род кветкавых раслінсям. складанакветных. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 4 віды Л.: вялікі (A. lappa, нар. назвы брылі, дзяды, задзёрка, сабачнік), лямцавы (A. tomentosum, нар. назвы лопуцень, лапушнік, рапей), малы (A. minus), дуброўны (A. nemorosum). Трапляецца на пустках, каля жылля.
Двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м з прамастойнымі, моцна галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, зверху зялёнае, знізу шаравата-лямцавае. Кветкі лілова-пурпуровыя ў шарападобных кошыках з калючкамі. Плод — сямянка з чубком. У каранях 20—45% інуліну, дубільныя рэчывы, эфірны алей, настой з іх — лек. сродак (лопухавы алей). Маладыя карані і парасткі ядомыя. Лек, меданосныя, харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),
род кветкавых раслінсям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.
Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАПРАТЭІ́ДЫ, глікапратэіны,
складаныя бялкі, у якіх ёсць вугляводы. Прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах. Мал. маса 15 000—1 000 000. Колькасць вугляводаў у глікапратэідах вар’іруе ад долей працэнта да 80%. Да глікапратэідаў належаць многія бялкі крыві (цэрулаплазмін, трансферын, фібрынаген, імунаглабуліны і інш.), бялкі сакрэтаў слізістых залоз (муцыны), апорных тканак (мукоіды), некаторыя ферменты (панкрэатычная рыбануклеаза Б), гармоны (эрытрапаэцын, тырэатрапін), структурныя бялкі клетачных мембран. Глікапратэіды клетачнай абалонкі ўдзельнічаюць у іонным абмене клеткі, імуналагічных рэакцыях, у з’явах міжклетачнай адгезіі і г.д. У крыві і тканках антарктычных рыб выяўлены глікапратэіды-антыфрызы, якія перашкаджаюць утварэнню крышталёў лёду ў арганізме рыб пры т-ры ніжэй за 0 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎНІК (Neottia),
род кветкавых раслінсям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.
Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫНА (Яўгенія Дзмітрыеўна) (н. 14.7.1923, в. Беразіно Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне селекцыі с.-г.раслін. Д-рс.-г.н. (1982). Скончыла Ленінградскі с.-г.ін-т (1950). З 1956 у Бел.НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па хім. мутагенезе, метадах палікроса, самаплоднасці, біял. асаблівасцях і эфектыўнасці метадаў гетэрозіснай селекцыі і поліплаідыі грэчкі (аўтар сартоў Юбілейная 2, Чарнаплодная, Аніта Беларуская, сааўтар тэтраплоідных сартоў Іскра і Мінчанка).
Тв.:
Крупяные культуры. Мн., 1968 (разам з А.Н.Анохіным);
К вопросу о селекции скороспелых сортов гречихи (разам з Т.А.Анохінай) // Пути повышения урожайности полевых культур. Мн., 1981. Вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРУ́ШНІК (Rorippa),
род кветкавых раслінсям. капуставых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў: найб. вядомыя Ж. балотны (R. palustris), земнаводны, або вадзяны хрэн (R. amphibia), і лясны (R. sylvestris); зрэдку трапляюцца Ж. аўстрыйскі (R. austriaca), караткаплодны (R. brachycarpa) і распасцёрты (R. anceps). Растуць на вільготных лугах, балотах, па берагах рэк, азёр, канаў, у вадзе, як занесеныя — каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, у густых гронках. Плод — стручок або стручочак. Лек., меданосныя, харч. і кармавыя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТУ́ШНІК (Erysimum). род кветкавых раслінсям. капуставых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Афрыкі. пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 5 відаў: Ж. выгрызены (E. repandum), лакфіёлевы (E. cheiranthoides), раскідзісты (E. diffusum), цвёрды (E. durum) і ястрабковалісты (E. hieracifolium). Растуць на лугах. травяных схілах, у ярах, як пустазелле на палях і агародах, таксама як занесеныя каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, пераважна падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, жоўтыя. рэдка ліловыя або белыя, у густых гронках. Плод — стручок. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некаторыя віды ядавітыя.