перакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць што‑н. цераз каго‑, што‑н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот. Арабей. // Штуршком, махам перамясціць цераз што‑н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза. Брыль. Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву. Паслядовіч. // Імклівым рухам перамясціць якую‑н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. □ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць. Сіняўскі. Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу. Паўлаў. // перан. Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку. Зарэцкі. — Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі. Бядуля. // цераз што. Павесіць так, каб канцы чаго‑н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс. Чорны. Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку. Васілёнак.

2. Закінуць далей, чым трэба.

3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка. [Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці. Шахавец. // Накіраваць, перавесці на другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка. Мікуліч. // Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт. Брыль. Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае. «Звязда».

4. Палажыць што‑н. упоперак чаго‑н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. □ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць. Кулакоўскі. // перан. Пралажыць, пракласці што‑н. над чым‑н., цераз што‑н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў. В. Вольскі.

5. Разм. Рэзка перавярнуць што‑н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся. Колас.

6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што‑н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне. Сачанка. — Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні. Даніленка.

7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.

8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў! Колас. [Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца ​1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца ​2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца ​3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́снуць ​1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.

2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.

3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.

5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.

6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.

7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.

8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.

•••

Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.

Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.

Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.

ці́снуць ​2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).

2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.

1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.

2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.

3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.

4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбі́цца, узаб’юся, узаб’ешся, узаб’ецца; узаб’ёмся, узаб’яцеся; зак., на каго-што.

1. Нечакана наскочыць на каго‑, што‑н.; наткнуцца. Узбіцца на камень. Узбіцца на востры сук. □ Ад невялічкай газнічкі, што стаяла на паліцы каля абразоў, хапала святла толькі на тое, каб не ўзбіцца на чалавека. Лобан. Аслеплены дымам, Міша ўзбіўся на нейкі цабэрак і паляцеў потырч. Арочка.

2. Нечакана сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. непажаданым, непрыемным; напароцца. Узбіцца на засаду. □ [Ляснік:] — Перадумаў я, хлопцы. Начуйце. Час позні, можна і на ваўка дзе ўзбіцца. Паўлаў.

3. Разм. Натрапіць, напасці на што‑н. Шафёр, абмінаючы замёрзлыя лужыны, усё хмурыў твар, пасля, кіламетраў якіх праз сорак, узбіліся на шашу. Чыгрынаў. [Салдат:] — Ішоў, ішоў, узбіўся на бураковае поле. А ў лагчынцы, бачу, салдаты буракі капаюць. Лужанін. // перан. Дайсці, дапасці да чаго‑н. (у думках, размове і пад.). [Грэчка:] — У апошні момант узбіўся быў на цікавы сон. Няхай. Гутарка ўзбілася на залатога кухара, і, падвыпіўшы, госці пажадалі паглядзець на яго. Гарэцкі.

4. Разм. Узабрацца на верх чаго‑н., насесці, налезці на каго‑, што‑н. Пад рабінай была лавачка, мокрая яшчэ ад дажджу, не высахла, і на яе ўзбіліся дзеці. Пташнікаў. Злавіў [Базыль] свайго сівага аж каля балота і, ледзь узбіўшыся на яго шырокую спіну, ступою накіраваўся на пацяробы. Нікановіч.

5. без дап. Стаць пышным. Падушкі ўзбіліся. // Успеніцца ад моцнага струменя, узбівання і пад. На піве ўзбілася пена.

6. Разм. З цяжкасцю абзавесціся чым‑н., разжыцца. Рана .. [Рымша] асірацеў, але і адзін неяк-такі ўзбіўся на гаспадарку. Якімовіч. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ўсё ніяк не маглі ўзбіцца. Васілевіч. Адзін час .. [Максім Астапавіч] узбіўся на каня і наймаўся вазіць тавар адсюль у Мінск і з Мінска сюды. Чорны.

•••

Узбіцца на капейку — разжыцца на грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. □ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у знач. наз. чы́стае, ‑ага, н. Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала.

2. Разм. Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў.

3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула.

4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // Разм. Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў.

5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. □ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у перан. ужыв. Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў.

6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі.

7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак.

8. перан. Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. □ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. □ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава.

9. перан. Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх‑н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

10. Які застаецца пасля вылічэння чаго‑н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у знач. наз. чы́сты, ‑ага, м. [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач.

11. Разм. Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі.

12. Разм. Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго‑, што‑н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ.

13. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны. Чыстая тэорыя.

•••

Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (гл. мастацтва).

Чыстая вага гл. вага.

Ад чыстага сэрца гл. сэрца.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці чыстым гл. выйсці.

З чыстым сумленнем гл. сумленне.

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Размешчана на ПдЗ краіны. Мяжуе на З з Польшчай, на Пд з Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,8 тыс. км². Нас. 1462,9 тыс. чал. (на 1.1.2004). Цэнтр — г. Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі; 20 гарадоў, у т. л. 3 абласнога падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Пінск; 9 гарадскіх пасёлкаў, 226 сельсаветаў, 2178 сельскіх населеных пунктаў. З 1996 дзейнічае свабодная эканам. зона «Брэст».

Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (85%), жывуць таксама рускія (8,7%), украінцы (3,8%), палякі (1,8%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 45 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 16,7 чал. на 1 км² (ад 26,5 чал. на 1 км² у Брэсцкім р-не да 11,8 чал. на 1 км² у Івацэвіцкім р-не). Гарадскога насельніцтва 62,6%. Найбольшыя гарады (тыс. чал., на 1.1. 2004): Брэст (298), Баранавічы (169), Пінск (131), Кобрын (51), Бяроза (30), Івацэвічы (24), Лунінец (24), Пружаны (20). На радыяцыйна забруджаных (у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) тэрыторыях у 155 населеных пунктах жывуць (2004) 148,3 тыс. чал. (10,1% насельніцтва вобласці).

Прамысловасць — вядучая галіна гаспадаркі, у якой занята 24,2% усіх працуючых. У шматгаліновай структуры прамысловасці паводле выпуску прадукцыі вылучаюцца (2003): харчовая (35%), машынабудаванне і металаапрацоўка (20%), лёгкая (11%), лясная і дрэваапрацоўчая (11%) галіны. У вобласці вырабляюць (2003) усе бел. электралямпы, быт. газавыя і электрычныя пліты, кампрэсары для быт. халадзільнікаў, больш за 88% агульнарэспубліканскай вытв-сці кавальска-прэсавага абсталявання, каля 38% дываноў і панчошна-шкарпэтачных вырабаў, каля 25% кансерваў, каўбас, 21% цукру-пяску, амаль 20% тканін, мяса, жывёльнага масла, гарэлкі, лікёра-гарэлачных і трыкатажных вырабаў. У 2003 выраблена 125 тыс. шт. электрарухавікоў, 538 тыс. шт. быт. газавых пліт, 151 млн. шт. асвятляльных электралямпаў, 324 тыс. м³ піламатэрыялаў, 40 тыс. м³’клеенай фанеры, больш за 2,5 млн. м² глазураваных керамічных плітак, 56 млн. м² тканін, каля 5 млн. шт. трыкатажных, 28 млн. пар панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 2 млн. м² дываноў і дывановых вырабаў, 69 тыс. т мяса, 48 тыс. т каўбасных вырабаў, 13 тыс. т жывёльнага масла, 173 тыс. т цэльнамалочнай прадукцыі, 18 тыс. т сыру, 106 млн. умоўных слоікаў кансерваў, 151 тыс. т цукру-пяску. Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. На тэр. вобласці 339 прамысл. прадпрыемстваў, якія размешчаны больш чым у 100 населеных пунктах, каля 80% прамысл. прадукцыі прыпадае на гарады Брэст, Баранавічы, Пінск, Кобрын, Лунінец. Найбуйнейшыя прадпрыемствы: у электраэнергетыцы — Бярозаўская ДРЭС (2-я па магутнасці на Беларусі); у машынабудаванні — Адкрытыя акцыянерныя таварыствы (ААТ) «Брэсцкі электралямпавы завод», «Брэстгазаапарат», «Брэсцкі электрамеханічны завод», «Брэсцкі радыётэхнічны завод», «Брэсцкі машынабудаўнічы завод», «Баранавіцкі завод станкапрылад», «Завод гідраўлічнага машынабудавання» (Кобрын), Рэсп. унітарнае вытв. прадпрыемства (РУВП), «Завод Колератрон» (сродкі вылічальнай тэхнікі, прылады, паўправаднікі), Баранавіцкі станкабудаўнічы завод «Атлант», «Палессеэлектрамаш» (Лунінец), Рэсп. унітарнае прадпрыемства (РУП) «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод», закрытае акцыянернае таварыства (ЗАТ) «Амкадор-Пінск» (аўтамабілебудаванне, дарожнае машынабудаванне) і інш.; у дрэваапрацоўцы — ЗАТ «Пінскдрэў», ААТ «Івацэвічыдрэў», «Баранавічыдрэў» (мэбля, піламатэрыялы, драўнянастружкавыя пліты, фанера, запалкі), «Брэсцкая мэблевая фабрыка»; у прамысловасці буд. матэрыялаў — РУВП «Граніт» (друз, бутавы камень, абліцовачныя пліты) у р.п. Мікашэвічы (Лунінецкі р-н), заводы жалезабетонных вырабаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Бярозе, ААТ «Брэсцкі КСМ», ВРУП «Бярозабудматэрыялы», «Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў»; у лёгкай прамысловасці — РУП «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне», ААТ «Дываны Брэста», РУП «Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе», «Брэсцкі панчошны камбінат», «Баранавіцкая трыкатажная фабрыка», абутковыя фабрыкі ў Брэсце, Баранавічах, Белаазерску; у харчовай прамысловасці — больш за 90 прадпрыемстваў мясной і мясакансервавай, малочнай і масласыраробнай, хлебапякарнай, крухмала-патачнай, цукровай, спіртагарэлачнай, плодаагародніннай і інш. вытворчасцей. Найб. з іх: мясакамбінаты ў Брэсце, Пінску, Кобрыне, мясакансервавыя — у Бярозе і Баранавічах, малочныя камбінаты ў Баранавічах, Брэсце, Пінску, Пружанах, сыраробны ў Бярозе, масласыраробныя заводы ў Кобрыне і Століне, цукровы завод у Жабінцы, камбінаты хлебапрадуктаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, лікёра-гарэлачны завод у Брэсце, кансервавыя заводы ў Брэсце, Высокім, Пінску, Пружанах, Кобрыне і інш.

Сельская гаспадарка. Большасць раёнаў вобласці спецыялізуецца на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеянні, толькі на ПнУ — на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульбаводстве і льнаводстве, на крайнім У — на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. У галіне занята 16,1% усіх працуючых. У 2003 у вобласці 329 с.-г. арганізацый (48% з іх стратныя), 527 фермерскіх гаспадарак. На с.-г. арганізацыі прыпадае 56,2% сельгаспрадукцыі, у 2003 яны выкарыстоўвалі 11,6 тыс. трактароў, 1,9 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 7,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. ўгоддзі займаюць 44% тэрыторыі, у т. л. ворныя землі 25%, сенажаці і паша 18%. Асушаныя землі складаюць 46,6% усіх с.-г. зямель. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя, зернебабовыя, кармавыя культуры, павялічваюцца пасевы пшаніцы і трыцікале, рапсу (гл. табл.). Пад садамі і ягаднікамі 14 тыс. га. У жывёлагадоўлі вядучая роля належыць развядзенню буйной рагатай жывёлы.

На пач. 2004 у вобласці (тыс. галоў): буйной рагатай жывёлы 743 (у т. л. кароў 306), свіней 551, авечак і коз 29, коней 35, птушкі 4,5 млн. галоў. Ёсць зверагадоўчыя гаспадаркі (у Баранавічах і Пінску).

Транспарт. Найбольш развіты чыгуначны, аўтамабільны і трубаправодны віды транспарту. Па тэр. вобласці праходзіць транс’еўрапейскі (Крыцкі) калідор №2 (Берлін—Варшава—Брэст—Мінск—Масква—Ніжні Ноўгарад). На чыг. транспарт прыпадае (2002) 98% грузаабароту і 73% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання. Даўж. чыгунак 1066 км, па іх гушчыні (32,5 км на 1 тыс. км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Найважнейшыя чыгункі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Брэст—Гомель, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст; чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9,5 тыс. км (2003), асноўныя магістралі: Варшава—Брэст—Мінск—Масква, Брэст—Гомель. У межах вобласці суднаходныя рэкі Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы (з адгалінаваннямі), Ямал—Еўропа. У Брэсце і Пінску аэрапорты. Развіваюцца пагранічныя сацыяльна-эканам. сувязі з Польшчай і Украінай у рамках еўрарэгіёна «Буг».

Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 117 бальнічных устаноў на 16,4 тыс. ложкаў (112 на 10 тыс. ж.), 287 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 31,1 тыс. наведванняў за змену (212,3 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 9 санаторыяў і пансіянатаў з лячэннем на 2 тыс. ложкаў, 34 базы і інш. арганізацый адпачынку на 2,8 тыс. ложкаў (найб. курорт Белае Возера, які ўключае санаторый «Бярэсце», турбазы). Працавала 5546 (37,9; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс. ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1518 (10,4) тэрапеўтаў, 722 (4,9) хірургі, 350 (4,5) акушэраў-гінеколагаў, 564 (21,5) педыятры, 176 (1,2) неўрапатолагаў, 176 (1,2) псіхіятраў, 232 (1,6) урачы санітарна-проціэпідэмічнай групы, 476 (3,4) стаматолагаў, 17 079 (116,8) чал. сярэдняга мед. персаналу.

Культура. На 1.1.2004 у вобласці 93 3 дзіцячыя дашкольныя ўстановы (54,6 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 725 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (216,9 тыс. вучняў), у т. л. 94 пачатковыя, 152 базавыя, 434 сярэднія, 23 гімназіі, 5 ліцэяў, 11 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 7 вячэрніх (зменных); 32 прафес.-тэхн. вучылішчы (22,7 тыс. навучэнцаў), 32 сярэднія спец. навуч. ўстановы (23,4 тыс. навучэнцаў), 4 ВНУ (тэхн. і імя А.​С.​Пушкіна ун-ты ў Брэсце, Баранавіцкі ун-т, Пінскі вышэйшы банкаўскі каледж; 7,4 тыс. студэнтаў). У вобласці 18 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (416 чал.), у т. л. Рэсп. унітарнае н.-д. і доследна-канструктарскае прадпрыемства «Навукова-тэхн. цэнтр», РУП «Брэсцкая дзярж. абл. с.-г. доследная станцыя», «Брэсцкі цэнтр навукова-тэхн. інфармацыі і інавацый», Рэсп. унітарнае навук.-тэхн. прадпрыемства «Тэхнамаш» і інш. На 1.1.2004 было 813 масавых бібліятэк (10 798 тыс. экз. кніг і часопісаў), 233 кінаўстаноўкі, 14 музеяў, у т. л. 2 гіст. (Брэсцкая крэпасць-герой, Кобрынскі ваенна-гістарычны), 9 краязнаўчых (Бел. Палесся ў Пінску, Брэсцкі, Столінскі і інш.), 2 мастацтвазнаўчыя (нар. творчасці ў в. Моталь), 1 прыродазнаўчанавук. (Белавежская пушча), 2 тэатры (абл. рускі драм. тэатр і абл. тэатр лялек у Брэсце), 756 устаноў клубнага тыпу.

У вобласці (на 1.1.2004) 3539 спарт. збудаванняў, у т. л. 39 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 5 манежаў, 1 спарт. збудаванне са штучным лёдам, 239 стралковых ціраў, 780 спарт. залаў, 33 плавальныя басейны.

Л.​В.​Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).


Табліца
Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Пасяўная плошча, тыс. га Ураджайнасць, ц/га
1990 2003 1990 2003
Уся пасяўная плошча 878,5 847,1
Збожжавыя і зернебабовыя 376 350 29,6 24,8
у т. л.:
 жыта 140 88,9
 ячмень 143,2 76,7
 пшаніца 15,9 60,6
 трыцікале — 68,8
 авёс 36 27,3
Тэхнічныя культуры 42,4 46,3
у т. л.:
 цукровыя буракі 17,6 21,8 300 210
 лён 14,4 6,8 5,1 6,9
 рапс 9,9 14,2
Бульба 102 100,7 185 148
Агародніна 5,9 18,8 177 187
Кармавыя культуры 352,2 331,3

т. 18, кн. 2, с. 733

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Размешчана ў паўн. частцы краіны. Мяжуе на З з Літвой, на ПнЗ з Латвіяй, на Пн і У з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40 тыс. км². Нас. 1321,1 тыс. чал. (2004). Цэнтр — г. Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі; 19 гарадоў, у т. л. 5 абласнога падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк; 28 гарадскіх пасёлкаў, 247 сельсаветаў, 6517 сельскіх населеных пунктаў. З 1999 дзейнічае свабодная эканам. зона «Віцебск».

Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (82%), жывуць таксама рускія (13,6%), украінцы (1,6%), палякі (1,5%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва — 10 чал. на 1 км² (ад 18,5 чал. на 1 км² у Аршанскім р-не да 4 чал. на 1 км² у Расонскім р-не).

Гарадскога насельніцтва 70%. Найбольшыя гарады (тыс. чал., на 1.1. 2004): Віцебск (351), Орша (142), Наваполацк (107), Полацк (83), Паставы (21), Глыбокае (20).

Прамысловасць — галоўная галіна гаспадаркі, у якой занята 24,8% усіх працуючых. Паводле аб’ёму прадукцыі вядучая роля належыць паліўнай прамысловасці (47% усёй прамысл. прадукцыі; 2003), харчовай (10,7%) і электраэнергетыцы (10,5%). Развітыя галіны: хім. і нафтахім. (9,5), лёгкая (8,4%), машынабудаванне і металаапрацоўка (6%). Паводле колькасці працуючых вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (35% прамыслова-вытворчага персаналу) і лёгкая прамысловасць (29%). У адносінах да агульнарэспубліканскага аб’ёму выпускаецца (2003; %): электраэнергіі 43,5, прадуктаў нафтаперапрацоўкі 52, поліэтылену 100, металарэзных станкоў 46,1, тэлевізараў 42,2, ільняных тканін 100, дываноў і дывановых вырабаў 61, панчошна-шкарпэтачных вырабаў 38,4, абутку 41,3, алею 75. У 2003 у вобласці перапрацавана 8,2 млн. т нафты, выраблена 11,6 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, 181,9 тыс. т сінт. смол і пластмас, у т. л. 122,7 тыс. т поліэтылену, 2,4 тыс. шт. металарэзных станкоў, 290,9 тыс. шт. тэлевізараў, 34 тыс. ўмоўных м² драўнянавалакністых пліт, 215 млн. шт. умоўнай цэглы, 9 тыс. т ільновалакна, 28,9 млн. м² ільняных тканін, 3,7 млн. м² дываноў і дывановых вырабаў, 28,9 млн. пар панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 4,5 млн. пар абутку, 49,1 тыс. т мяса, 22,9 тыс. т каўбасных вырабаў, 8,9 тыс. т жывёльнага масла, 10,4 тыс. т кандытарскіх вырабаў, 12,8 тыс. т алею, 88,2 млн. умоўных слоікаў кансерваў. Прамысл. патэнцыял (у вобласці працуюць 345 прадпрыемстваў) у асноўным сканцэнтраваны ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Полацку (70% занятых у прамысловасці). Найбуйнейшыя прадпрыемствы: у электраэнергетыцы — Лукомская ДРЭС у г. Новалукомль (самая магутная электрастанцыя Беларусі), Наваполацкая ЦЭЦ; у паліўнай прамысловасці — ААТ «Нафтан» (аўтамабільны бензін, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, мазут, змазачнае масла, бензол, параксілол, бітум і інш.) у Наваполацку; у хімічнай і нафтахімічнай — ААТ «Палімір» (поліэтылен, валокны поліакрыланітрыльныя, нітрылакрылавая кіслата, палімерныя смолы і інш.) у Наваполацку, «Полацк-Шкловалакно» (электраізаляцыйная тканіна, шкловалакно і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка найб. развіты ў Віцебску — ААТ «Візас» (станкі заточныя, металарэзныя, дрэваапрацоўчыя), РУП «Віцебскі станкабудаўнічы завод «Вістан» (круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы), РУВП «Віцязь» (тэлевізары і інш.), РУП «Эвістор» (тэхнал. абсталяванне для харч., лёгкай, аўтатрактарнай прамысловасці, электрапрылады), «Віцебскі завод трактарных запасных частак», ААТ «Віцебскі прыладабудаўнічы завод» (гадзіннікі наручныя і кішэнныя «Вымпел», карпусы для гадзіннікаў, фурнітура); у Оршы — РУВП «Станказавод «Чырвоны барацьбіт», «Аршанскі інструментальны завод», ААТ «Завод прылад аўтаматычнага кантролю», «Оршааграпраммаш», «Орша» (прамысл. швейныя машыны і інш.); у Наваполацку — РВУП «Завод «Вымяральнік» (сістэмы тэлеметрыі, тэлекамунікацый, прылады сувязі), у Новалукомлі — ААТ «Этон» (электратэхнічная прадукцыя), у Полацку — ААТ «ТэхналітПолацк» (с.-г. абсталяванне). Найбуйнейшыя прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — ААТ «Віцебскдрэў», «Полацклес», «Віцебскмэбля», «Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» (Чашнікі); буд. матэрыялаў — ААТ «Кераміка» (Віцебск), «Оршабудматгэрыялы», «Завод керамзітавага жвіру» (Новалукомль), ВРУП «Наваполацкжалезабетон», «Обальскі керамічны завод», ААТ «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», ВРУП «Шклозавод Гута» (Пастаўскі р-н), ААТ «Даламіт» (г.п. Руба); лёгкай прамысловасці — ААТ «КІМ» (панчошна-шкарпэтачныя вырабы, трыкатаж), «Віцебскія дываны», «Чырвоны кастрычнік» (абутак), «Сцяг індустрыялізацыі» (швейныя вырабы), «Віцебскі футравы камбінат», абутковыя сумесныя прадпрыемствы «Белвест», «Марко», РУВГП «Аршанскі льнокамбінат», прамыслова-гандлёвая фірма «Світанак» (Орша) і інш. На тэр. вобласці працуе 21 ільнозавод. Харч. прамысловасць займае 2-е месца па аб’ёме прадукцыі. Працуюць больш за 90 прадпрыемстваў, найб. размешчаны ў асноўных прамысл. цэнтрах, сярэднія і невял. пашыраны па ўсёй тэр. вобласці. Найбуйнейшыя з іх у Віцебску — мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», алейнаэкстракцыйны, кансервавы; у Оршы — мясакансервавы камбінат, заводы плаўленых сыроў; у Полацку — камбінат хлебапрадуктаў; у Глыбокім — малочнакансервавы і кансервавы камбінаты і інш.

Сельская гаспадарка. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У галіне занята 12,8% усіх працуючых. У 2003 у вобласці 426 сельгасарганізацый (85% з іх стратныя), 447 фермерскіх гаспадарак. Сельгасарганізацыі выкарыстоўваюць 11,2 тыс. трактароў, 2,4 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 5,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. ўгоддзі займаюць 40,5% тэр. вобласці, у т. л. ворныя землі — 23,1%, сенажаці і паша — 16,4%. У складзе с.-г. зямель 32% (524,6 тыс. га; 2001) асушаных. Пад садамі і ягаднікамі 14,3 тыс. га. За 1991—2002 агульныя пасяўныя плошчы скараціліся на 22,9%, пад пасевамі лёну (асноўнай культуры спецыялізацыі ў раслінаводстве) — на 56,3%; павялічыліся плошчы толькі пад пшаніцай і агароднінай (гл. табл.).

На пач. 2004 у вобласці (тыс. галоў); буйной рагатай жывёлы 609,8 (у т. л. кароў 276,4), свіней 484,7, птушкі 3,3 млн. галоў, што менш, чым на пач. 1991, на 45,9%, 30,5%, 41%, 48,4% адпаведна.

Транспарт. Эксплуатацыйная даўжыня чыгункі 1199,7 км (2003). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў краіне. Па яе тэр. праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава (частка транс’еўрапейскага калідора №2), С.-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў (частка транс’еўрапейскага калідора №9), Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Орша—Лепель, Невель—Полацк—Маладзечна, Крулеўшчызна—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 13,8 тыс. км (2003). Асноўныя магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, С.-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Верхнядзвінска і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванне нафтаправода «Дружба» (Унеча—Наваполацк—Вентспілс), нафтаправод Сургут—Полацк, нафтапрадуктаправоды, газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы. Аэрапорт у Віцебску.

Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 128 бальнічных устаноў на 15,5 тыс. ложкаў (116,9 на 10 тыс. ж.), 260 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 34,7 тыс. наведванняў за змену (262,4 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 10 санаторыяў і пансіянатаў на 2,3 тыс. ложкаў, 15 санаторыяў-прафілакторыяў на 1,4 тыс. ложкаў, 51 база і інш. арганізацыі адпачынку на 2,7 тыс. ложкаў (найб. курорт «Лётцы», які ўключае санаторый, санаторый-прафілакторый, водагразелячэбніцу). Працавалі 5729 (43,4; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс. ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1641 (12,4) тэрапеўт, 840 (6,4) хірургаў, 353 (5) акушэры-гінеколагі, 520 (25,7) педыятраў, 193 (1,5) неўрапатолагі, 184 (1,4) псіхіятры, 200 (1,5) урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы, 377 (2,9) стаматолагаў, 16 181 (122,5) чал. сярэдняга мед. персаналу.

Культура. На 1.1.2004 у вобласці 677 дзіцячых дашкольных устаноў (46,5 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 763 агульнаадукацыйныя школы ўсіх відаў (177,3 тыс. вучняў), у т. л. 124 пачатковыя, 194 базавыя, 402 сярэднія, 10 гімназій, 3 ліцэі, 15 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 15 вячэрніх (зменных); 36 прафес.-тэхн. вучылішчаў (18,5 тыс. навучэнцаў), 26 сярэдніх спец. навуч. устаноў (20,6 тыс. навучэнцаў), 5 ВНУ (ун-ты: мед., тэхнал., імя П.​М.​Машэрава, акадэмія ветэрынарнай медыцыны — у Віцебску, Полацкі ун-т; 29,3 тыс. студэнтаў). У вобласці 27 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (1062 чал.), у т. л. навук. ўстановы «Ін-т генетыкі і цыталогіі», «Ін-т тэхн. акустыкі», унітарнае навук.-вытв. прадпрыемства «Віцебская абл. с.-г. доследная станцыя», Віцебская доследна-меліярацыйная станцыя Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства і інш. На 1.1.2004 было 798 масавых бібліятэк (10 011 тыс. экз. кніг і часопісаў), 365 кінаўстановак, 27 музеяў, у т. л. 12 гіст. (Полацкі гісторыка-культ. музей-запаведнік, музей баявой садружнасці бел., рус., латышскіх і літоўскіх партызан у г.п. Расоны і інш.), 13 краязнаўчых (Віцебскі, Полацкі, Лепельскі і інш.), 2 мастацтвазнаўчыя (маст. музей, Арт-цэнтр імя М.​Шагала), 2 тэатры (Бел. акад. тэатр імя Я.​Коласа, Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску), філармонія, 701 установа клубнага тыпу.

У вобласці (на 1.1.2004) 3877 спарт. збудаванняў, у т. л. 35 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 5 манежаў, 2 спарт. збудаванні са штучным лёдам, 214 стралковых ціраў, 701 спарт. зал, 24 плавальныя басейны.

Л.​В.​Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).


Табліца
Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Пасяўная плошча, тыс. га Ураджайнасць, ц/га
1990 2003 1990 2003
Уся пасяўная плошча 1185,1 913,6
Збожжавыя і зернебабовыя 489,8 354,6 21,9 21,1
у т. л.:
 жыта 135,9 81,3
 пшаніца 44,7 56,8
 ячмень 197,5 118,9
 авёс 84,6 39,4
Тэхнічныя культуры 63 38,9
у т. л.:
 лён 58,6 25,6 3,4 5,3
Бульба 87,3 66 96 144
Агародніна 7,1 13,3 151 183
Кармавыя
культуры 537,9 440,8

т. 18, кн. 2, с. 734

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)