МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.

Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.​Чэліні ў Італіі, Ж.​Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.​Варэн, Г.​Дзюпрэ ў Францыі, І.​Хён, Ф.​Г.​Мюлер у Германіі, П.​Уткін, Ф.​Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.​Ж.​Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.​Л.​Галцье, Р.​Дэламар, Ж.​Лей, А.​Ж.​Адам у Францыі, Я.​Фішэр, І.​Прадлер у Чэхіі і інш.).

На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн. маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.​Шварц, Я.​М.​Муска Падавана, Д.​Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.​Кель, Г.​Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.​Ф.​Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.​Міцкевічу, Т.​Касцюшку і інш. У 1960-я г. бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.​Асташонак, М.​Байрачны, С.​Вакар, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, А.​Зіменка, А.​Кашкурэвіч, В.​Ларчанка, У.​Лятун, У.​Слабодчыкаў, Л.​Талбузін, А.​Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.

Літ.:

Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.

Да арт. Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.
Да арт. Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.
Да арт. Медальернае мастацтва. Л.​Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІФІКА́ЦЫЯ,

гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.​Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац. Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас. дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкі Сав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр. БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізму былі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).

Літ.:

Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;

Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АН СССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;

Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;

Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава, С.​М.​Ходзін.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ МО́ВА,

адна з усходнеславянскіх моў, мова рускіх. Дзярж. мова Расійскай Федэрацыі; адна з дзярж. моў (разам з беларускай мовай) Рэспублікі Беларусь; адна з афіц. і рабочых моў ААН, ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый, уваходзіць у лік «сусветных моў». У гісторыі Р.м. вылучаюць 3 асн. перыяды развіцця: 6—14 ст. — перыяд існавання стараж.-рус. мовы; 15—17 ст. — перыяд мовы велікарус. народнасці, які пачаўся з распаду стараж.-рус. мовы на 3 усх.слав. мовы: Р.м., бел. і ўкраінскую мову; 18—21 ст. — перыяд функцыянавання сучаснай рус. нац. мовы; вял. ролю ў 19 ст. ў замацаванні літ. норм адыграла творчасць А.Пушкіна. Р.м. мае дыялекты: паўн. (ладага-ціхвінская, валагодская, кастрамская групы гаворак) і паўд. (зах., верхнедняпроўская, верхнедзяснінская, курска-арлоўская, усх. групы гаворак); сярэднярус. гаворкі: зах. окаючыя (наўгародскія, гдоўскія) і акаючыя (пскоўскія, селігера-таржкоўскія), усх. окаючыя (уладзімірска-паволжскія) і акаючыя. Умоўна групы гаворак аб’ядноўваюцца ў дыялектныя зоны зах., паўн., паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд., паўд.-зах. і паўд.-ўсходнюю. Многія з зах., верхнедняпроўскіх і верхнедзяснінскіх гаворак паўд. дыялекту маюць рысы, якія збліжаюць іх з некат. гаворкамі паўн.-ўсх. дыялекту бел. мовы. Адрозненне Р.м. ад бел. і ўкр. моў выяўляецца ў спецыфічных асаблівасцях яе сістэмы, гал. чынам у фанетыцы і марфалогіі. У фанетыцы — наяўнасць «ро», «ло» і «ре», «ле» ў каранях слоў паміж зычнымі пры «ры», «лы» і «ри», «ли» у бел. і ўкр. мовах (рус. «крошить», «глотать», бел. «крышыць», «глытаць», укр. («кришити», «глитати»); вымаўленне спалучэнняў мяккіх зубных і шыпячых з j пры доўгіх мяккіх зычных у бел. і ўкр. мовах (рус. «судья», бел. «суддзя», укр. «суддя»); выбухное «г» пры фрыкатыўным γ у бел. мове (рус. «город», бел. «γорад») і інш. У марфалогіі — адсутнасць клічнай формы пры наяўнасці яе ў бел. і ўкр. мовах (рус. «брат!», бел. «браце!», укр. «брате!»); адсутнасць чаргавання «к», «г», «х» з «ц», «з», «с» у склонавых формах назоўнікаў пры наяўнасці яго ў бел. і ўкр. мовах (рус. «нога — на ноге», бел. «нага — на назе», укр. «нога — на нозі»); шырокае распаўсюджанне формы назоўнага склону мн. л. з канчаткамі -а(-я) пад націскам у назоўніках ніякага роду пры яго адсутнасці ў бел. і ўкр. мовах (рус. «дома́», бел. «дамы́», укр. «домы́») і інш. Значныя адрозненні паміж рус., бел. і ўкр. мовамі — у лексіцы, як найб. рухомым узроўні мовы.

Пісьменства Р.м. атрымала ў спадчыну са Стараж. Русі (гл. Кірыліца, Глаголіца). Кірыліца ляжыць у аснове сучаснага рускага алфавіта. Найб. раннія з пісьмовых помнікаў, якія адлюстроўваюць элементы рус. маўлення, адносяцца да 11 ст. (Астрамірава евангелле, Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076, Архангельскае евангелле 1092, Наўгародскія службовыя мінеі 1096—97 і інш.).

Існуюць даўнія традыцыі рус.-бел. моўных кантактаў, іх узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Гэтаму спрыяла тэр. суседства рус. і бел. моў, іх блізкароднасны характар, адзіныя шляхі на пэўных этапах рус. і бел. народаў. У рус. і бел. мовах шмат агульнага: значны пласт лексікі, грамат. лад і інш. Р.м. на Беларусі функцыянуе пераважна ў сваёй літ. разнавіднасці і гарадскога прастамоўя, а таксама астраўных (стараверскіх) гаворак у некат. рэгіёнах Беларусі; характарызуецца шэрагам спецыфічных, абумоўленых уплывам бел. мовы, рыс і асаблівасцей, пераважна ў сферы фанетыкі (вымаўлення), лексікі, акцэнтуацыі і інтанацыі. Вывучае Р.м. русістыка.

Літ.:

Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;

Русский язык: Энцикл. 2 изд. М., 1998;

Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985;

Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999.

А.​А.​Лукашанец.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

плёс

1. Шырокае роўнае і спакойнае месца на рацэ без паваротаў (БРС). Тое ж плёса (Жытк., Сал., Стол.).

2. Возера, зарослае расліннасцю; балота; нізкі заліўны луг (Бабр. Талст.). Тое ж пле́са (Палессе Талст.), плёса (Ветк., Палессе Талст.).

3. Невялікі заліў на рацэ або возеры; ціхая завадзь (Браг., Зах. Бел. Др.-Падб., Смален. Дабр.). Тое ж плёска (Краснап. Бяльк.).

4. Мелкае месца ў рацэ або возеры (Смален. Дабр.).

5. Хвост у вялікай рыбы (Нас.); вясло (Смален. Дабр.).

□ в. Плёсы Бабр., Маладз., ур. Плёса (азярына на лузе з выйсцем у Сож) каля в. Шарсцін Ветк., ур. Плёса (чыстая частка возера за асітой, чаротам) каля в. Чарсвяны Уш., воз. Плясно каля Смаленска, ур. Плясна́ (поле, кусты, рэчка Плясёнка) каля в. Ржаўка 2 Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Не́вад ’вялікая рыбалоўная сетка, нерат’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’вялікая рыбалоўная сетка з двума крыламі і кулём пасярэдзіне’ (полац., З нар. сл.), не́вод ’самая вялікая перасоўная рыбалоўная аднасценная сетка з заходам’ (палес., Крыв., ТС), нэ́вуд ’тс’ (Бес.; пра распаўсюджанне назвы і рэаліі ў Беларусі больш падрабязна гл. Браім, Рыбалоўства, 48–49), укр. не́від, рус. не́вод, нёвод, польск. niewód, чэш. nevod, в.-луж. njewod, н.-луж. nawod, балг. на́вод, нъво́д, ст.-слав. неводъ ’рыбалоўная сетка’. Прасл. *nevodъ, паходжанне якога застаецца няясным; пры наяўнасці рус. пск. вод ’вельмі вялікі невад’, славен. дыял. vada ’доўгая рыбалоўная сетка з двума крыламі’, літ. vãdas ’сетка’, лат. vads ’вялікая сетка, крыло невада’, літ. vedė́ja ’рыбалоўная сетка, якую абслугоўваюць два чалавекі’ хутчэй за ўсё звязана чаргаваннем галоснага асновы з *vesti (< ved‑ti), параўн. згадку Пярвольфа аб наяўнасці ў балтыйскіх славян назвы рыбалоўнай сеткі невед (nyewede in vulgari vocatur, гл. Первольф, Германизация балт. славян. Спб., 1876, 113). Адмоўе тлумачыцца табуізацыяй назвы («каб рыбы не пазналі небяспечнага для іх прыстасавання», гл. Фасмер, 3, 55; Махэк₂, 398) ці непрадуктыўным словаўтваральным тыпам усходнеславянскіх назваў з не- для аб’ектаў, што падобныя да адпаведных ім аб’ектаў, але маюць прыкметныя адрозненні тыпу рус. клен ∼ не́клен ’Acer campestris’, егла ’ёлка’ ∼ негла (*неегла) ’лістоўніца’, тады вод ∼ не́вод ’не надта вялікая сетка’ (Маркаў, ЭИРЯ, 8, 1976, 114–115). У рамках той жа этымалогіі тлумачацца аманімічныя формы балг. навод ’невад’ і ткацкі тэрмін ’прасоўванне нітак асновы праз бёрда’ — ад *navesti, у прыватнасці ’прыстасаванне, пры дапамозе якога рыбы накіроўваюцца ў сетку, лавушку’ (гл. Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1981, 49). Гл. таксама Шаур, SP, А 24, 33–37. Непераканальна Ільінскі, IF, 50, 1932, 59–62 (збліжэнне са сновать + суф. ‑од‑). Махэк₂ (398), улічваючы шырокае распаўсюджванне слоў тыпу паўн.-ням. Wate, швед. vada, fin. nuotta, эст. noot ’невад’, лічыць слова «праеўрапейскім», параўн. ват ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мар 1 ‘багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнік ‘шчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мар ‘тлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар 2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар 1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шум ​1, ‑у, м.

1. Разнастайныя гукі ад якога‑н. дзеяння, руху, галасоў і пад., якія зліваюцца ў аднастайнае гучанне. Шум прыбою. Шум матораў. Шум дажджу. Шум галасоў. □ [Надзя] любіла цішыню і шыр палявых прастораў, густы шум лесу і павольную плынь вясковага жыцця. Машара. Аўтобус. Шум. Вясёлы гоман. Матор напружана раве. Дайнека. У зале стаяў роўны шум, чуліся вясёлыя галасы і смех. Сіняўскі.

2. перан. Рух, мітусня, ажыўленне. Далей ад шуму гарадскога, Ад рэдакцыйнай мітусні! Барадулін. [Сцёпку] цягнуў вір сельскага шуму. Колас.

3. Сварка, крыкі, лаянка; гучнае вырашэнне незадавальнення. Падняўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных блізкіх вёсак прыбягалі сюды, як на пажар. Бядуля. Па натоўпу прайшоўся шум. Мележ.

4. перан. Разм. Размовы, жывое абмяркоўванне і пад., выкліканыя вялікай зацікаўленасцю каго‑, чаго‑н. [Славіку] ўсё-такі шкада пакідаць завод. Гэта яго стрымлівала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабіць вялікага шуму. Шамякін. // Шырокае апавяшчэнне чаго‑н. тайнага, вядомага нямногім. Пагаварыць з кім‑н. адзін на адзін, без шуму.

5. Спец. Гук з няяснай танальнасцю, які ўзнікае пры рабоце няспраўнага агрэгата, апарата, прыбора і пад. Шум у радыёпрыёмніку. // У медыцыне — характэрны гук, які праслухваецца ў некаторых унутраных органах пры іх паталогіі. Шумы клапанаў сэрца. Лёгачныя шумы.

6. У мовазнаўстве — гук мовы, які ўтвараецца ў поласці рота без удзелу голасу, пры праходжанні струменя паветра праз перашкоды ў моўным апараце.

•••

І не шум баравы — хоць бы што, і ўвагі не звяртаць.

шум ​2, ‑у, м.

Разм. Брудны, пеністы налёт на паверхні супу і пад. пры кіпенні. // Пена (на сырадоі). Пакуль сырадой дзюрчыць у даёнку і ўздымаецца белым, салодкім шумам, .. пан стаіць за парогам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).

2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл. Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш. дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.

На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.​Маранобу, К.​Утамара, К.​Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.​Дзюрэр, Г.​Гольбейн Малодшы, Л.​Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.​А.​Фраганар, У.​Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.​Дам’е, У.​Блейк, Э.​Дэлакруа, В.​Васняцоў, І.​Білібін і інш.). У І. 20 ст. вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.​Пікасо, Р.​Гутуза, Р.​Кент, У.​Фаворскі, А.​Канеўскі і інш.).

На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл. сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.​Скарыны, П.​Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.​Вашчанкаў, Ф.​Ангілейкі, А. і Л.​Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.​Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.​Аляшкевіч, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, К.​Кастравіцкі, К.​Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.​Філіповіч, П.​Гуткоўскі, А.​Тычына, Г.​Змудзінскі, В.​Дваракоўскі, Я.​Горыд, Я.​Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.​Літко, М.​Малевіч, Б.​Басаў, А. і В.​Волкавы, Я.​Мінін і інш. У Вял. Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.​Букаты, Дз.​Красільнікаў, В.​Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.​Басалыгі, Я.​Кулік, А.​Кашкурэвіч, А.​Лось, Г. і Н.​Паплаўскія, У.​Савіч, М.​Селяшчук, В.​Славук, В.​Шаранговіч, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.​С.​Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.
Да арт. Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.
А.​Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.
Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.​Мсціслаўца. 1575.
В.​Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)