кадзі́ла, ‑а, н.

1. Металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы. [Поп], махаючы кадзілам, напусціў вельмі многа пахучага ладану. Каваль. Праз сіняваты пахучы дым кадзіла блішчыць пазалота іканастаса. Брыль.

2. Шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі.

•••

Раздзьмуць кадзіла гл. раздзьмуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каса́ч 1, ‑а, м.

Травяністая шматгадовая расліна сямейства касачовых з доўгімі мечападобнымі лістамі і вялікімі кветкамі жоўтага, сіняга або фіялетавага колеру. У Акілініным агародчыку прабіваліся ўжо чырвоныя стрэлы півоняў і вострыя, як кінжалы, лісты касачоў. Вітка.

каса́ч 2, ‑а, м.

Цецярук-самец, які ў адрозненне ад самкі мае ў хвасце доўгае выгнутае пер’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІДРЫ́ЛА, вадзяніца (Hydrilla),

манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (H. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб. паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.

Г.​У.​Вынаеў.

Гідрыла кальчаковая.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пупо́к 1, ‑пка, м.

1. Тое, што і пуп (у 1, 2 знач.).

2. Невялікі акруглы выступ. У цёмна-сіняй кепцы з пупком, сцягнутай на патыліцу, у таго ж колеру касцюме, у аброшаных ботах, .. [Сучок] унёс у хату свежасць ранку. Пестрак.

пупо́к 2, ‑пка, м.

Шматгадовая пахучая трава сямейства складанакветных з галінастым сцяблом і жоўтымі або белымі кветкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вік, ‑а, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных. На купінах рос чорнагаловік і асака самага горшага гатунку. Крапіва.

2. Разм. Пра таго, хто мае цёмныя або чорныя валасы. Вось важаты першага звяна Лёня Ваўчок, энергічны, жвавы чорнагаловік. Краўчанка.

3. Разм. Разнавіднасць баравіка з цёмнай, чорнай шапкай. Тут — баравікі-прыгажуны, пераважна чорнагаловікі, і растуць яны сем’ямі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кмен і кмін, ‑у, м.

1. Двух- або шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з прамым, разгалінаваным уверсе сцяблом і белымі або ружовымі кветкамі.

2. зб. Пахучае насенне гэтай расліны, якое змяшчае эфірны алей (скарыстоўваецца пераважна як прыправа). Хлеб з кменам. □ А закусь! Што тут за вяндліна! А паляндвіца, а той сыр? Адна смятана ў ім.. Ды кропкі чорненькія кміну. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крывасмо́к 1, ‑а, м.

1. Кажан, які жывіцца кроўю жывёл (жыве ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы).

2. Пагард. Тое, што і крывапівец. Аўтар метка біў у гэты казённы шчыт царскай асобы і рашэціў яго, сцягваючы з цара далікатныя покрывы і паказваючы ў сапраўдным, непадмалёваным, грубым выглядзе чалавека-павука, найбольшага крывасмока на целе народа. Колас.

крывасмо́к 2, ‑у, м.

Шматгадовая лекавая расліна сямейства ружакветных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суні́цы, ‑ніц; адз. суніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных з белымі кветкамі і пахучымі ружова-чырвонымі пладамі. А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы. Лынькоў.

2. Пахучыя салодкія ці кісла-салодкія ягады гэтай расліны. Мы з Галінкай назбіралі збанок суніц. Васілевіч. Андрэй пачаставаў суніцамі Веру і швагерак. Кулакоўскі. Летам каля старых сухіх пнёў вельмі рана паспяваюць духмяныя суніцы. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кадзі́ла1 ’металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.). Слова не выглядае як народнае, хоць, відавочна, вядома ў гаворках. Відаць, запазычанне з царк.-слав. кадило ’тс’, якое са ст.-слав. кадило ’фіміям’ да прасл. kadidlo, вытворнага з суф. ‑(i)dlo ад kaditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 109.

Кадзі́ла2шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі’ (ТСБМ). Маецца на ўвазе расліна Melitis melissophyllum — кадзіла дробналістае; на Беларусі вядомая толькі ў некалькіх замкнёных арэалах (напр., у Белавежскай пушчы); народныя назвы невядомы. Па гэтых прычынах відавочнае рус. запазычанне. Рус. кадило ’тс’, магчыма, да кадить. Гл. кадзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́парацьшматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных’, па́паратнік. Агульнаславянскае: рус. па́пороть, па́поротник, укр. па́пороть, ст.-рус. папороть, польск. paproć, серб.-харв. па̏прат і г. д. Прасл. paportь. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. papártis, papartỹs ’папараць’, лат. papar̂de, paparkste, paparksts ’тс’, ст.-інд. parṇám ’крыло, пяро’, авесц. parena — н. р. ’крыло, пяро’, ст.-в.-ням. faru ’папараць’, ірл. raith ’тс’ (*prati‑) (гл. Траўтман, 206; Мейе–Эндзелін, 3, 80; Фасмер, 3, 202; Махэк, Jména rostl., 32). Аналагічная семантыка ў грэч. πτερίς ’папараць’ < πτερόν ’крыло’, параўн. яшчэ літ. spar̃nas, лат. spárns ’крыло’, ст.-слав. перѧ ’лячу’. Мяркулава (Очерки, 118), падкрэсліваючы ўстойлівасць семантычнай мадэлі ’пяро’ — ’папараць’, указвае яшчэ на рус. дыял. па́пороток ’крыло птушкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)