ВУ́ДАГА,

рака ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 261 км². Пачынаецца на У ад в. Каркоўшчына. Асн. прытокі: Казёл (злева), Малая Вудажка (справа). Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй в. Жытнёў трапецападобная, шыр. 500—600 м, у вусці каля 1 км. Пойма двухбаковая, лугавая, шыр. 100—150 м. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае. У вусці г. Чэрыкаў.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНЯ́,

рака ў Нясвіжскім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Лошы (бас. Нёмана). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 366 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Дубейкі Нясвіжскага р-на, цячэ па слабахвалістай раўніне. Асн. Прыток — р. Грыўчык (справа). Даліна пераважна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 300—400 м, у верхнім цячэнні — меліяраванае балота, ніжэй — роўная, сухая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, у пойме меліярац. каналы, 2 сажалкі.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная назва ў 12—18 ст. тэрыторыі ў басейне верхняга і часткова сярэдняга цячэння р. Вятка. У 1-м тыс. да н.э. ў Вяцкіх землях жылі плямёны ананьінскай культуры, у 6—10 ст. — комі і удмурты, з 10 ст. — марыйцы. У 14 ст. склаліся феад. адносіны. У 2-й пал. 14 ст. ў сярэднім цячэнні р. Вятка ўзніклі рус. пасяленні. У 1489 Вяцкая зямля далучана да рас. дзяржавы.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́НА (Drina),

рака ў Югаславіі, Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава (бас. Дуная). Утвараецца ад сутокаў рэк Тара і Піва, якія пачынаюцца ў Чарнагорыі. Даўж. 460 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Цячэ па Дзінарскім нагор’і ў вузкай, глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, у нізоўі па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 341 м³/с. Веснавое разводдзе, асенне-зімовыя паводкі. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭЙФ ІЛЬДО́Ў,

рух ільдоў у вадаёмах пад уздзеяннем вятроў і цячэнняў. Ад дзеяння сілы вярчэння Зямлі адбываецца адхіленне лёду ад напрамку ветру ў сярэднім на 30° управа ў арктычных і ўлева ў антарктычных шыротах. Скорасць ветравога Д.і. у 50 разоў меншая за скорасць ветру. На характар Д.і. уплываюць берагі, астравы, водмелі. Больш павольна, чым ледзяныя палі, дрэйфуюць айсбергі. Магутныя халодныя цячэнні (Лабрадорскае, Перуанскае) выносяць палярныя льды ва ўмераныя, радзей субтрапічныя шыроты.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРА́ЖНЯ, Дзяражанка,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 312 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Дзяражня Клімавіцкага ρ-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, месцамі забалочаная, ніжэй трапецападобная шыр. да 2 км, адкрытая, лугавая. Рэчышча ад вытоку на працягу 8,3 км каналізаванае, ніжэй звілістае.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТЛЯ́НКА, Балатнянка,

рака ў Кармянскім і Рагачоўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 378 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Бярозаўка Кармянскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шыр. 50—100 м, у верхнім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРДО́НЬ (Dordogne),

рака на ПдЗ Францыі, правы прыток Гароны, з якой утварае агульнае вусце — эстуарый Жыронда. Даўж. 472 км, пл. бас. 23,4 тыс. км². Вытокі на Пн масіву Мон-Дор, верхняе і сярэдняе цячэнне — па Цэнтр. Французскім масіве, ніжняе — па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі — рэкі Везер і Іль. Сярэдні расход вады 405 м³/с. У ніжнім цячэнні марскія прылівы. Каскад ГЭС. На Д. — гарады Бержэрак, Лібурн (пач. суднаходства).

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МБЕРЛЕНД (Cumberland),

рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо. Даўж. 1109 км, пл. бас. 47 тыс. км². Пачынаецца на плато Камберленд у Апалачах, верхняе і сярэдняе цячэнні ў цясніне глыб. да 100 м, ніжняе на Цэнтр. раўнінах. Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 774 м³/с. Буйныя вадасховішчы (у т. л. аднайменнае даўж. 160 км). Суднаходная на 738 км ад вусця. На К. — г. Нашвіл.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту (каля 15—10-га тыс. да н.э.) у верхнім цячэнні р. Енісей, на Пд Краснаярскага краю. Назва ад стаянкі Кокарава. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. і высакароднага аленяў, зайца-беляка, зубра, горнага барана, пясца і інш. З крамянёвых пласцін яно вырабляла нажы, скрэблы, востраканечнікі; з косці і рогу — нажы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, матыкі, шылы, іголкі, пацеркі і інш.

А.​В.​Іоў.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)