пане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. панёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.
1. Узяўшы ў рукі або нагрузіўшы на сябе, пачаць перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. Маці ўзяла .. [дзяўчынку] на рукі і панесла.Чорны.Назаўтра ўжо ўнук.. выступіў у паход: панёс пісьмо ў раён.Якімовіч.//перан. Перадаць, даставіць каму‑н.; распаўсюдзіць. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы.Дуброўскі.Маша была хворая, і вестку .. [пра карнікаў] панесла ў атрад Алеся.Шамякін.
2. Пацягнуць сілай свайго руху. Вада панесла разам і дрэва, і людзей.Маўр.Панёс віхор пуньку разам, з сенам і саламянай стрэшкай.Чарнышэвіч./убезас.ужыв.Іх [ліхтары] сарвала вадой і ўдаль панясло, Іх рыбацкае крышыць вясло.Танк.// Вельмі хутка памчаць, павезці. Сомік ускочыў на сані, хвасянуў знячэўку каня і той, рвануўшы з месца галопам, панёс яго праз вёску, кідаючы сані на ўхабы.Крапіва.//без дап. Памчацца стрымгалоў (пра коней). — Кабыла ў .. Цупрона была наравістая. Упудзілася раз і панясла з .. гары.Брыль.
3.(1і2ас.неўжыв.). Разм. Прымусіць ісці куды‑н., пацягнуць (пераважна ў пытальных і клічных сказах). [Надзя] гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам».Грахоўскі./убезас.ужыв.— Вярніся, .. Кастусёк! Вярніся! Куды цябе панесла ў такую рань?С. Александровіч.
4.безас.чым і без дап. Падзьмуць, павеяць халодным ветрам, завірухай і пад. Пасля марозаў, што не адпускалі тыднямі, цяпер раптам усталявалася адліга; падула з захаду, панесла густым, мокрым снегам.Пташнікаў.// Перадацца па паветры (пра пахі, цяпло і пад.). Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам.Гартны.
5.перан. Зазнаць што‑н. непрыемнае, цяжкае; пацярпець ад чаго‑н. Праціўніку ў радзе месц удалося пацясніць нашы войскі, але і ён панёс вялікія страты.Новікаў.— Ворагу мы не даруем, ён запл[а]ціць за ўсё і панясе кару.Маўр.
6.перан.Разм. Пачаць гаварыць што‑н. бязглуздае, пустое. Сяргей панёс і панёс, як заведзены.. Столькі пагаварыў пра нашага.. [сабаку], што мы і самі паверылі.Ваданосаў.
7.перан. Выступіць носьбітам чаго‑н. Агонь, запалены на нашым свяце, — гэта агонь юнацтва, дружбы і міру. Нязгасным панясе яго моладзь у сваіх сэрцах.«Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак. і незак.
1.зак. Пачаць рух, крануцца з месца. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня.Дуброўскі./ Пра рух лёду на рацэ ў пачатак крыгалому. Месцамі вада ўжо выйшла наверх, лёд асеў, гатовы ламацца і рушыць.Чорны./ Пра рух сонца пры вызначэнні часу. Сонца рушыла з паўдня, і Віцьку з Сярожам трэба было падавацца ў дарогу.Паўлаў.//убезас.ужыв.— Адась! — гукнула .. [маці], адумаўшыся, але раптам схамянулася: — гэта ж з паўдня ўніз рушыла!Чорны.// Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Дзядзька Папас рушыў да кузні, дзе ладзілі плугі і бароны.Лынькоў.Лейтэнант і другі пагранічнік рушылі дарожкай у бок зарасніку.Колас.Нешта прыгадаўшы, .. [вайсковец] усміхнуўся сабе і рушыў цераз вуліцу, парыпваючы ботамі і рамянямі.Ракітны.«Пабудзем дзянёк у старога, — піша Максім, — і рушым на Нёман, у пушчу, да нас, лесавікоў».Брыль.//перан. Атрымаць далейшае развіццё. — Няўжо .. [Мікульскі] не ўбачыў, што за гэтыя пяць год кожны калгас моцна рушыў наперад...Марціновіч.
2.незак. Тое, што і рухацца (у 1 знач.). Цераз .. поле мы рушым немаведама куды.Чорны.Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы, А за імі на скалах дубоў галізна. Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць Маладая вясна.Караткевіч.
3.зак. і незак., каго-што. Прымусіць (прымушаць) рухацца, прывесці (прыводзіць) у рух. Хмыль пастаяў з лейцамі ў руках, рушыў каня з месца.М. Стральцоў.Малое кола круціцца як след, а вялікага не рушыць.Зарэцкі.Вось малады дубок, як ні руш — не зрушыш, глыбока ў родную глебу паўрастала карэнне.Лужанін.// Адправіць, накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. Фельдмаршал фон Клюге рушыў супраць бужскай цытадэлі цэлы армейскі корпус генерала Шрота.«Звязда».
4.незак., што. Разбураць, развальваць на часткі. А з якою сілай воды Б’юць у бераг, рушаць камень.Кірэенка.
5.перан.; што. Разладжваць, парушаць. — Вы збіраецеся за яго замуж? — Які там замуж? Можа б і прыйшоў, каб я захацела. Але не вольны ён, сямейны, а рушыць сям’ю не хачу.Навуменка.Гаспадыню .. [Мірон Сцяпанавіч] слухаў цярпліва, пакутаваў ад нуды і, не жадаючы рушыць таго свету, што ўстаяўся ў яе галаве, са скрухай уздыхаў.Ракітны.
6.незак.(звычайназадмоўем). Разм. Чапаць, закранаць. І мы, пяцёра студэнтаў, пайшлі ў тавар з намерам пагаварыць з цыганамі начыстату. — Рамана не рушце, — прыгразілі мы.Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,
від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар.эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.
Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп.рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц.т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.
Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм.тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл.«Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац.маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз.жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар.тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.Буйніцкага, У.Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаўБел.АМ, Мінскага нар.т-раБДУ і інш.нар. тэатраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс.студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм.т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),
горад, сталіца Кітая. Размешчаны на ПнВял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач.Вял. канала. 3 прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс.км²). Насельніцтва 11,3 млн ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э.наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл.Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт.Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.
У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч.цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш.арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).
Літ.:
Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Пекін. Плошча Цяньаньмынь.Пекін. Від на «забаронены горад».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
out[aʊt]adv., prep.
1. па-за, зво́нку, знадво́рку (паказвае на знаходжанне па-за межамі);
We are dining out to-night. Мы сёння абедаем не дома;
He is out. Яго няма.
2. з, вон, надво́р (паказвае на рух за якія-н. межы);
go/run/jump out вы́йсці/вы́бегчы/вы́скачыць;
Out you go! Вон адгэтуль!;
She leapt out of bed. Яна ўскочыла з ложка.
3. (паказвае на матэрыял, з якога зроблены прадмет) з;
made out of glass зро́блены са шкла, шкляны́
4. (паказвае на адсутнасць чаго-н.) без;
out of breath зады́ханы, запы́ханы;
be out of work заста́цца без пра́цы, быць беспрацо́ўным;
We are out of bread. У нас кончыўся хлеб.
5. з-за, з прычы́ны;
out of grief/joy з го́ра/ра́дасці
6. (паказвае на суадносіны часткі і цэлага) з;
5 students out of 12 пяць студэ́нтаў з двана́ццаці
7. :паказвае на з’яўленне, выхад чаго-н.;
The sun is out. Сонца ўзышло;
My new book is out. Выйшла мая новая кніга.
8. :паказвае на заканчэнне, выключэнне ці знікненне чаго-н.;
The fire is out. Агонь патух;
Lights out! Тушыце святло!
♦
out of itinfml не ў сваёй тале́рцы; нязру́чна, няёмка (адчуваць сябе);
be out for smth. імкну́цца да чаго́-н.;
be out to do smth. збіра́цца зрабі́ць што-н.;
Out with it! Ну, у чым справа?!;
The roses are out. Ружы распусціліся;
She was out for more than 10 minutes. Яна была ў непрытомнасці больш за дзесяць хвілін.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ЗАХОДНЕБЕЛАРУ́СКІ ДРУ́К Развіваўся ў 1920—30-я г. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні, а таксама звароты, пракламацыі і інш.Перыяд. выданні падзяляліся на літ.-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на бел., рус., польск., літ., яўр. мовах. У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Зах. Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я г. — Берліне і інш. месцах. Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922—23); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сац. і нац. інтарэсы бел. народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—28 і 1928—30) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1917—40) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Бел.нацыяналіст. сябрына — «Беларусь працы». Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў 2-й пал. 1920—1-й пал. 1930-х г. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (1925—27) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Выданні рэв.-дэмакр. і нац.вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны. У змаганні за сац. вызваленне працоўных Зах. Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—38): нелегальныя газ.«Чырвоны сцяг» і час.«Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «До валькі», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы». «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Zołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Biułetyn informacyiny КС KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦККПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».
У 1930-я г. выдавецкай дзейнасцю займаліся акр. і некат. раённыя к-ты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газ. «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барикады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польск. і яўр. мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» (Беласток), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога». Культурна-асв. дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», час.«Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.
У 2-й пал. 1920-х — пач. 1930-х г. у Зах. Беларусі было створана шмат новых партый і арг-цый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газ.«Сялянская ніва», Беларуская сялянская партыя — газ.«Народ»; Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», час.«Саха»; Т-вабел. асветы — газ.«Родны край»\ Часовая бел. рада (Бел.нац. рада) — газ. «Беларускае слова»; левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады — газ.«Грамадзянін»; група Бел. фронту — газ.«Беларускі фронт»; бел. нацыянал-сацыялісты — газ. «Голас праўды», час.«Новы шлях». Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала час. «Do złuczenia» («Да злучэння»). Выходзілі часопісы сатыр.«Авадзень», «Асва»; літ. — «Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арг-цыі выдавалі час.«Беларуская борць», Бел. аб’яднанне жанчын імя Цёткі — час.«Жаноцкая справа»; Бел.ін-т гаспадаркі і культуры — час.«Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.
У 2-й пал. 1930-х г. у Зах. Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакр. работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакр. выданні «Беларуская газета», «Наша воля», час.«Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскіх арг-цый. «Фронт», «Карта», «Папросту» заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму. Дзякуючы дэмакр.зах.-бел. перыёдыцы стварылася прафес.маст.л-ра (М.Васілёк, М.Танк, В.Таўлай, П.Пестрак, Л.Родзевіч, А.Салагуб, М.Машара, К.Сваяк, М.Засім, І.Дварчанін, Г.Леўчык, А.Іверс, С.Новік-Пяюн, Н.Арсеннева, Хв.Ільяшэвіч, Я.Чабор, П.Граніт, С.Крывец, А.Мілюць, Н.Тарас і інш.). За 1921—39 зах.-бел. друк налічваў каля 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 іт.). Мн., 1974;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977.
С.В.Говін.
Да арт.Заходнебеларускі друк. Падпольныя перыядычныя выданні КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс.студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
1.каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.
2.каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер.Асіпенка.//каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС.Ермаловіч.// Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену.// Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу.Колас.//што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.
3.што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру.Шыцік.[Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок...Брыль.[Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне...Васілевіч.Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок.Скрыган.//перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму.Шамякін.Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае.Карпаў.
4.каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік.//што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако.Чыгрынаў.
5.што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны.Гроднеў.// Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.
6.што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.
7.што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.
8.каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі.Гурскі.
9.што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі.Гурскі.
•••
Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне.Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў.Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)