ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),
комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),
1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.
2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРУВАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,
поліферментны комплекс, што каталізуе акісляльнае дэкарбаксіліраванне піравінаграднай кіслаты з утварэннем ацэтыл-KaA у тканках чалавека, жывёл, раслін, а таксама ў аэробных мікраарганізмаў. З дапамогай гэтага працэсу вугляводы ўключаюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкл. Мае ў сабе 3 ферменты (піруватдэкарбаксілаза, ліпаілтрансацэтылаза, ліпаілдэгідрагеназа) і кафактары, што ўтвараюць комплекс з малекулярнай масай 4,8—10 млн. Прымае ўдзел у найважн. працэсе забеспячэння клетак энергіяй, таму актыўнасць П. шырока рэгулюецца рознымі фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус.дыял.смал.жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул.дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр.джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ.žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnasслав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аржаны́. Яшчэ Чачот адзначаў адсутнасць у беларускай мове кантынуантаў слова *ръжь пры наяўнасці прыметніка аржаны паралельна з жытні; праўда, у рукапісным слоўніку Грыгаровіча 1851 г. адзначана аржа ’жыта’ (Яшкін, 14). Слова аржаны фіксуецца ў старабеларускай мове (Булахаў, Працы IM, 7, 143), яго прыводзіць ужо Насовіч, яно шырока ўжываецца (Карскі, 1, 260), як і іншыя словы, утвораныя ад яго асновы: аржанішча, аржоння ’ржышча’, таксама: аржышча, (а)ржэўнік; параўн. назвы раслін: аржаніца (і аржэвіна — Сцяшк.); аржаніна ’жытні хлеб’ (Касп.); аржануха ’гарэлка’ (Нас.), ’зад’ (Мядзв.). Утворана з пратэтычным а‑ (іржышча — з пратэтычным і‑) і суф. ‑ан‑ ад агульнаслав.*rъžь ’жыта’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лепясні́к ’пухоўка, Typha L.’ (лях., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. Сл.), польск.lepieznik, lepieżnik, lepiężnik, ст.-польск.lepias nik ’белакапытнік, Petasites Mill.’, рус.ле́пе́ст ’ліст расліны’, наўг., перм. ’акравак, кавалак тканіны’, лепесток ’пялёстак’. Фасмер (2, 483) услед за Покарным (678) разглядае лексему як пашырэнне асновы на -es (першаснае *lep‑es) і роднаснае з lepet‑; Слаўскі (4, 166) дапускае магчымай асновай для ўтварэння: lepechъ, lepecha ’розныя назвы раслін ва ўсх. слав. мовах’, а таксама і lepenъ ’ліст’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БІЯЛО́ГІЯ РАЗВІЦЦЯ́,
кірунак у біялогіі, заснаваны на вывучэнні прычынных механізмаў і рухаючых сіл індывід. развіцця (антагенезу) жывёл і раслін. Як самаст. галіна даследаванняў сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Вывучае розныя аспекты працэсу развіцця на малекулярным, клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым узроўнях, вырашае фундаментальныя праблемы рэалізацыі праграм генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу і малекулярных асноў фенатыпічных змен, нармальнага і пухліннага росту клетак і клетачных папуляцый, марфагенезу, спецыфікі клетачнай, тканкавай, органавай дыферэнцыроўкі, клетачных узаемадзеянняў, узнікнення і станаўлення рэгулятарных механізмаў, якія забяспечваюць цэласнасць развіцця, крытычных узроўняў у працэсе развіцця, рэгенерацыі і інш. Дасягненні біялогіі развіцця перспектыўныя ў кіраванні развіццём раслін і жывёл, рэгуляцыі іх колькасці, полу і інш.
Літ.:
Зуссман М. Биология развития: Пер. с англ.М., 1977;
Математическая биология развития. М., 1982;
Михайлов А.Т., Симирский В.Н. Методы иммунохимического анализа в биологии развития. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ,
нематоды (Nematoda), клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.
Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.
Да арт.Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЯКСІЛА́ТНЫ ЦЫКЛ,
цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.
У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.