інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),
князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.М.Карамзіна, сын кн.Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАУ́РЫ (інд. kauri),
невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).
Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,
складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э.зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІЗА́ЦЫЯ,
працэс утварэння крышталёў пры пераходзе рэчыва з тэрмадынамічна менш устойлівага стану ў больш устойлівы; адзін з фазавых пераходаў I роду.
Тыповы прыклад К. — утварэнне крышталёў з пераахалоджаных пары, расплаву ці раствору. Адбываецца таксама пры паліморфных ператварэннях: у час пераходаў з вадкага ў вадкакрышт. стан (гл.Вадкія крышталі), з вадкакрышт. у крышталічны стан, з аморфнага стану ў крышталічны, з аднаго крышт. ў інш. крышталічны стан. Ажыццяўляецца шляхам утварэння цэнтраў К. і іх росту, што магчыма пры некат. тэрмадынамічным перанасычэнні ў выніку ахаладжэння сістэмы. Пры пастаяннай т-ры для К. неабходна змена ціску, напружанасці эл., магн. палёў ці інш. знешніх параметраў. Спрыяюць К. вібрацыя, ультрагук, дзеянне святла і радыяцыі і інш. фактары. Выкарыстоўваюць для вырошчвання монакрышталёў (напр., сінт. алмазу, рубіну, кварцу), пры атрыманні металаў, керамікі, цукру, солей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІ́НІ ((Martini) Сімоне) (каля 1284, г. Сіена, Італія — ліп. 1344),
італьянскі жывапісец. Паслядоўнік і, магчыма, вучань Дуча ды Буанінсенья. Зазнаў уплывы франц. гатычнага мастацтва. Працаваў у Таскане, Неапалі (1317), Арвіета (1320), Асізі (1320-я г.), Авіньёне (з 1340). У творчасці спалучаў гатычныя традыцыі арганізацыі кампазіцыі, трактоўкі перспектывы, кволасці фігур чалавека з протарэнесансавай адухоўленасцю і жыццёвай пластыкай вобразаў, вытанчанасцю колераў: фрэскі ў Палацца Публіка ў Сіене («Маэста», 1315; выява кандацьера Гвідарыча да Фальяна, 1328), у Ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (сцэны з жыцця св. Марціна Турскага, каля 1326), алтарныя абразы «Св. Людовік Тулузскі карануе Роберта Неапалітанскага» (каля 1317), «Дабравешчанне» (1333), «Пакуты Хрыстовы» (1340-я г.), дыпціх «Дабравешчанне» (1339—42). Аўтар фронтыспіса для манускрыпта Вергілія (1340-я г.).
В.Я.Буйвал.
С.Марціні. Мадонна з дыпціха «Дабравешчанне». 1339—42.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,
прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.Б.Дзюма і Э.Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.
Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл.Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКА-ДАНЕ́ЦКІ АЎЛАКАГЕ́Н,
пахаваны палеазойскі рыфт. Уключае Данецкі рыфт, Брагінска-Лоеўскую седлавіну і Прыпяцкі рыфт. Даўж. 1200 км, шыр. 70—170 км. Сфарміраваўся ў герцынскі тэктанічны этап, пераважна ў познім дэвоне. У паўн.-зах. напрамку глыбока ўразаецца ва Усх.-Еўрап. платформу з боку яе паўд. складкавага абрамлення і заканчваецца на ўсх. схіле Палескай седлавіны. На ПнУ аўлакаген адмежаваны ад Беларускай і Варонежскай антэкліз Баранавіцка-Астраханскім, а на ПдЗ ад Украінскага шчыта — Палеска-Маныцкім глыбіннымі мантыйнымі разломамі. Запоўнены магутнай тоўшчай вулканагенна-асадкавых парод рыфею, венду і дэвону; адклады карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену складаюць накладзеную на рыфт Прыпяцка-Дняпроўскую сінеклізу. Магутнасць асадкавага чахла павялічваецца ад 1—6 км на ПнЗ да 12 км, магчыма да 24 км на ПдУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,
інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.
Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш.ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.
Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.