МА́ЙНІК (Maianthenum),

род кветкавых раслін сям. лілейных. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — М. двухлісты (M. bifolium). Трапляецца на сухой пясчанай глебе ў хваёвых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см з тонкім паўзучым карэнішчам. Сэрцападобнае лісце (2—3) у верхняй ч. сцябла, чаргаванае, збліжанае. Кветкі дробныя, белыя, духмяныя, у верхавінкавай гронцы. Плод — чырв. ягада, ядомая. Лек. расліны.

Майнік двухлісты.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНУ́ШКІ (Chrysosplenium),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 55 відаў. Пашыраны ў нетрапічных абласцях Паўн. паўшар’я і ва ўмераным поясе Паўд. Амерыкі. На Беларусі М. звычайныя (Ch. alternifolium, нар. назвы грыжавая трава, пухлінавая трава, залацянка, сабачая мята) трапляюцца ў вільготных і забалочаных месцах, па берагах рэк.

Шматгадовыя травы. Лісце чаргаванае ці супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі дробныя, зеленаватыя або жаўтаватыя ў шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Мінушкі звычайныя.

т. 10, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДРА́НКА (Paris),

род кветкавых раслін сям. трыліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. чатырохлістая (P. quadrifolia). Трапляецца ў лясах, ярах, хмызняках.

М. чатырохлістая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае. Лісце яйцападобнае або ланцэтнае, амаль сядзячае, сабранае ў кальчак у верхняй ч. сцябла. Кветка адзіночная, верхавінкавая. Плод — шызавата-чорная ягада, нагадвае вока вароны. Расліна лек.; ядавітая, асабліва ягады.

Мудранка чатырохлістая.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́ТКІ, календула (Calendula),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Цэнтр. Еўропе. На Беларусі культывуюць Н. лекавыя (C. officinalis) і палявыя (C. arvensis).

Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя. Лісце простае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі жоўтыя або аранжавыя ў кошыках на доўгіх адзіночных кветаносах. З Н. лекавых атрымліваюць няшкодны харч. фарбавальнік жоўтага колеру для сыроў і тлушчу. Лек., дэкар. расліны.

Наготкі лекавыя.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́НГА (Palanga),

горад у Літве на беразе Балтыйскага м., за 12 км ад чыг. ст. Крэцінга. Вядомы з 1161. 20 тыс. ж. (1990). Аэрапорт. Апрацоўка бурштыну. Музей бурштыну ў б. палацы Тышкевічаў. Кліматабальнеагразевы курорт (з пач. 19 ст.). Асн. лек. фактары: марскія купанні (чэрв.жн.), мінер. крыніцы з хларыдна-натрыева-кальцыевымі водамі, тарфяныя гразі, дробнапясчаны пляж. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органы дыхання, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛО́МНІК (Androsace),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.

Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Праломнік: 1 — бародаўчаты; 2 — ніткападобны.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЯ ТЭРАПІ́Я,

працоўная дзейнасць хворага чалавека з лек. мэтай або з мэтай рэабілітацыі.

Пашырана пры лячэнні псіхічна хворых, накіравана на развіццё або захаванне ў іх прафес. навыкаў; стымулюе жыццёвыя працэсы, умацоўвае інтэлектуальна-валявыя якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэальнасці, вызваляе хворага ад адчування асабістай непаўнацэннасці. П.т. выкарыстоўваюць таксама ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, дзе яна накіравана на аднаўленне парушанай рухальнай функцыі і працоўных навыкаў (напр., пры паралічах, паркінсанізме, плексітах).

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДЗІЯ,

клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДАСТЭРО́Н,

стэроідны гармон кары наднырачнікаў пазваночных жывёл і чалавека. Найб. актыўны з мінералакартыкоідаў, стымулюе вывядзенне калію і затрымку натрыю ў арганізме, процідзейнічае яго абязводжванню. Уплыў на іонны абмен рэалізуецца праз ныркі, кішэчнік, потавыя і слінныя залозы, шчэлепы і інш. Актыўны толькі ў свабодным стане; у крыві каля 50—75% альдастэрона звязана бялкамі. Сакрэцыя рэгулюецца рэнін-ангіятэнзіўнай сістэмай, узроўнем іонаў Na​+ і K​+ у крыві, кортыкатрапінам, сератанінам. Выкарыстоўваецца як лек. сродак пры адысонавай хваробе.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, бензолкарбонавая кіслата,

найпрасцейшая араматычная кіслата, C6H5COOH, мал. м. 122,05. Бясколерныя крышталі, tпл 122,4 °C, шчыльн. 1,316∙10​3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце, эфіры, бензоле. Складаныя эфіры і солі бензойнай кіслаты (бензааты) ёсць у эфірных алеях (напр., гваздзіковы алей), прыродных бальзамах (талуанскі, перуанскі) і бензойнай смале. Атрымліваюць акісленнем талуолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, у медыцыне як процімікробны і фунгіцыдны сродак; кансервант харч. прадуктаў.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)