Бясколерныя крышталі (тэхн. прадукт — белая непразрыстая маса), tпл 323 °C, шчыльн. 2020 кг/м³. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, гліцэрыне. Паглынае з паветра ваду і вуглякіслы газ. Са спіртамі ўтварае алкагаляты. Атрымліваюць электролізам раствору хларыду NaCl, узаемадзеяннем гарачага раствору карбанату Na2CO3 з гідраксідам кальцыю Са(OH)2. Выкарыстоўваюць для ачысткі нафтапрадуктаў, асушвання газаў і многіх арган. вадкасцей, у вытв-сці паперы, мыла, штучных валокнаў; водныя растворы — як электраліты ў паветрана-цынкавых элементах. Выклікае цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак. ГДК у паветры 0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКАТЭХІ́Н, 1,2-дыгідраксібензол,
двухатамны фенол, C6Н4(OH)2.
Бясколерныя крышталі, у паветры на святле хутка цямнеюць. t 105 °C, tкіп 240 “С. шчыльн. 1371 кг/м³ Добра раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і некаторыя яго вытворныя знойдзены ў раслінах; могуць быць вылучаны, напр., з драўніны і прыродных смол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў (алізарыну і гістазарыну), пахучых рэчываў (напр., гваяколу), як зыходнае рэчыва для сінтэзу адрэналіну, кампанент фарбавальніка для футра, праявіцель у фатаграфіі. Пыл і пара П. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЛЮЗІ́Т (ад піра... +грэч. lusis ачыстка),
мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл.Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫМІДЗІ́Н1,3-дыазін,
арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H4N2.
Бясколерныя крышталі, tпл 22,5 °C, tкіп 124 °C. Добра раствараецца у вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Слабая аснова. Інертны да электрафільных рэагентаў (не ўступае ў рэакцыі нітравання і сульфіравання); пратанаванне адбываецца пры ўзаемадзеянні з вельмі моцнымі к-тамі з утварэннем солі па адным атаме азоту, Лёгка ўступае ў рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння. П. і яго вытворныя ўваходзяць у састаў найважн. біяпалімераў — нуклеінавых кіслот (гл.Пірымідзінавыя асновы), а таксама шэрагу біялагічна актыўных рэчываў: вітаміну B1, антыбіётыкаў аміцэтыну і блеаміцыну, барбітуратаў (гл.Барбітуравая кіслата), каэнзімаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАХРАІ́ЗМ (ад грэч. pleōn больш шматлікі + chrōma колер),
уласцівасць аптычна анізатропных цел (напр., крышталёў) мець розную афарбоўку ў белым палярызаваным святле ў розных напрамках. Звязаны з паглынаннем (абсорбцыяй) прамянёў спектра рознай даўжыні хвалі. Аптычна аднавосевыя крышталі характарызуюцца 2 колерамі (дыхраізм), двухвосевыя — 3 колерамі (трыхраізм). Моцны П. мае аднавосевы крышталь турмаліну. Анізатрапіяй паглынання валодаюць і асобныя малекулы; іх пераважная арыентацыя выклікае П. рэчыва, якое змяшчае іх (напр., фарбавальнікі). З’ява П. выкарыстоўваецца ў паляроідах. У мінералогіі ідэнтыфікуюць мінералы па колерных табліцах за кошт асаблівасцей крышталёў плеахраіраваць у палярызаваным святле. Гл. таксама Анізатрапія, Крышталяоптыка, Палярызацыя святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАПРАЦЭ́САР (англ. microprocessor),
электронная прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі, якая праграмуецца і складаецца з мікрасхем (адной ці некалькіх) высокай ступені інтэграцыі (гл.Інтэгральная схема). Выкарыстоўваецца як цэнтр.працэсар, напр. у мікра-ЭВМ, як прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі для перыферыйных блокаў ЭВМ, а таксама ў сістэмах кіравання тэхнал. і кантрольна-выпрабавальнага абсталявання, трансп. сродкаў, касм. апаратаў і інш.
Па функцыян. магчымасцях адпавядае працэсару ЭВМ, выкананаму на 20—40 мікрасхемах малой і сярэдняй ступені інтэграцыі, мае большае хуткадзеянне, істотна меншыя памеры, энергаспажыванне і інш. (у параўнанні з інш.выліч. прыладамі). Бываюць секцыянаваныя (з мікрапраграмным кіраваннем; дазваляюць пашыраць разраднасць, функцыян. магчымасці і інш.) і аднакрыштальныя (маюць фіксаваную разраднасць і пастаянны набор камандаў). Паводле віду ўваходных сігналаў М. падзяляюць на лічбавыя (прызначаны для лічбавай апрацоўкі сігналаў) і аналагавыя (прызначаныя для работы ў даследчых выліч. комплексах; дадаткова маюць аналагава-лічбавыя і лічбава-аналагавыя пераўтваральнікі). Найб. пашыраны аднакрыштальныя маларазрадныя М. для выкарыстання ў простых сістэмах кіравання, а таксама 64-разрадныя для прафес.ЭВМ. Першы М. Intel 4004 (1971) меў да 2250 транзістараў на адным крэмніевым крышталі, працаваў на частаце 750 кГц, выконваў да 60 тыс. аперацый за секунду ў якасці цэнтр. працэсара 4-разраднай ЭВМ і быў логікавым блокам, канкрэтнае прызначэнне якога можна задаваць праграмаваннем. Сучасныя М. маюць на адным крышталі да дзесяткаў мільёнаў транзістараў, працуюць на частотах у сотні мегагерц і выконваюць мільярды аперацый за секунду.
Літ.:
Корнеев В.В., Киселев А.В. Современные микропроцессоры. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРМІКУЛІ́Т (ад лац. vermiculus чарвячок),
мінерал з групы гідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe2+, Fe3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,
воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.
Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв. сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв. сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦІ́Н, вітамін H,
C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб. колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСАРБЕ́НТЫ,
штучныя і прыродныя матэрыялы з развітой паверхняй, на якой адбываецца адсорбцыя рэчываў. Уласцівасці адсарбентаў залежаць ад хім. саставу, фіз. стану паверхні, характару сітавін і ўдз. паверхні. Адсарбенты бываюць несітаватыя і сітаватыя.
Несітаватыя адсарбенты (молатыя крышталі, часцінкі дыму, сажа, аэрасіл) з удз. паверхняй ад 1 да 500 м²/г атрымліваюць тэрмічным раскладаннем ці няпоўным згараннем вуглевадародаў, пры спальванні элементаарган. ці галагенных злучэнняў. Сітаватыя адсарбенты (сілікагель, алюмагель, актыўны вугаль), удз. паверхня якіх дасягае 1000 м²/г, атрымліваюць хім. спосабамі апрацоўкі зыходных матэрыялаў, высушваннем геляў, сінтэзам сітаватых крышталёў тыпу цэалітаў ці тэрмічным раскладаннем карбанатаў, аксалатаў, гідраксідаў металаў, некаторых палімераў. Гл. таксама Адсорбер, Храматаграфія.