РАДАНІ́Т (ад грэч. rhodon ружа),

мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, сілікат марганцу, CaMn4[Si5O15]. Мае ў сабе аксіду марганцу да 54%, прымесі закісу жалеза да 12%, магнію, алюмінію, цынку. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае тонказярністыя масы, прамяністыя агрэгаты, таблітчастыя крышталі. Колер ад бледнага да ярка-ружовага і чырвонага. Цв. 5—6,5. Шчыльнасць 3,4—3,7 г/см³. Крохкі. Непразрысты, зрэдку (крышталічны) амаль празрысты. Паходжанне кантактава- і рэгіянальна-метамарфічнае, гідратэрмальнае. Парода арлец, складзеная пераважна з Р., выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-вырабны камень. Пры выветрыванні ўтварае марганцавыя руды.

Раданіт.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)