СІНЯ́К (Echium),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).

Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сіняк звычайны.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́ПЕНЬ (Epilobium),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмерана цёплых абласцях. На Беларусі 11 відаў. Найб. вядомыя С.: балотны (E. palustre), валасісты (E. hirsutum), горны (E. montanum), драбнакветкавы (E. parviflorum), жылкаваты (E. nervosum). Трапляюцца на высечках, лясных палянах, уздоўж дарог.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы густа ўкрытыя лісцем, цыліндрычныя, малагалінастыя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае. Кветкі ружовыя, чырв., белыя, у доўгай канцавой гронцы або ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Дэкар., лек., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скрыпень: 1 — валасісты; 2 — горны; 3 — балотны.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэскурэ́нія

(н.-лац. descurainia)

травяністая расліна сям. крыжакветных з перыста-рассечаным лісцем і бледна-жоўтымі кветкамі ў гронках, пашыраная ў Еўразіі і Амерыцы на палях, лугах, ля дарог.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

харыспо́ра

(н.-лац. chorispora)

травяністая расліна сям. крыжакветных з зубчастым лісцем і ліловымі кветкамі ў гронках, пашыраная ў Еўропе, Зах. і Цэнтр. Азіі; на Беларусі расце каля дарог.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

каю́к ​1, нескл., м.

Разм. Канец, пагібель, смерць. — Канчаецца іх панаванне. Губернатары і тыя хвасты пападціскалі. Свабода, брат, пайшла! Каюк міністрам! Колас. Тры дні ішлі без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі — каюк. Быкаў.

каю́к ​2, ‑а́, м.

Уст. Рачное вёслава-паруснае грузавое судна.

[Тур.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тварэ́ц, ‑рца, м.

Той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Шыпіць дарога, пахне ветрам. Хвала тварцам такіх дарог! Панчанка. Сягоння на Ўкраіне вялікае свята: У дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара». Купала. Бетховен, як тварэц, не толькі паказаў вастрэйшую сацыяльную барацьбу свайго часу, але і даў усяму свету высокія ідэалы чалавечнасці і сапраўднай свабоды асобы. Шырма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жвіро́ўня Месца, дзе бяруць для дарог і будаўніцтва жвір, пясок (Бельск. пав. вв. Стральцы і Трокі Вілен., Гродз.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

АСЛІ́ННІК, энатэра,

начная свечка (Oenothera),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Амерыкі, многія занесены на інш. кантыненты. На Беларусі 2 віды: асліннік двухгадовы (Oenothera biennis) і чырвонасцябловы (Oenothera rubricaulis). Трапляюцца каля дарог, на пясчаных мясцінах і берагах рэк.

Пераважна двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,5 м. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае, чаргаванае, зубчастае; прыкаранёвае авальнае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронках. Плод — каробачка. Многія віды і іх гібрыды дэкаратыўныя расліны. Корань мае шмат цукру і пратэіну, прыдатны ў ежу. У насенні да 25% алею. Выкарыстоўваюць у нар. медыцыне пры туберкулёзе, запаленні нырак. Добры меданос.

Асліннік двухгадовы.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФАЛЬТАБЕТО́Н, асфальтавы бетон,

будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.

Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЁКАТ (Hyoscyamus),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (H. niger).

Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.

Блёкат чорны.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)